Tribuna/Футбол/Блогі/Тухель паляцеў на рэлаксацыйную тэрапію ў Індыю пасля сыходу з «Чэлсі» і разводу. Рэкамендуе ўсім

Тухель паляцеў на рэлаксацыйную тэрапію ў Індыю пасля сыходу з «Чэлсі» і разводу. Рэкамендуе ўсім

Распавёў пра ментальнае здароўе, распарадак і іншае.

12 лютага 2023, 14:44
Тухель паляцеў на рэлаксацыйную тэрапію ў Індыю пасля сыходу з «Чэлсі» і разводу. Рэкамендуе ўсім

Зараз у трэнераў футбольных клубаў нямала галаўнога болю – у Еўропе бушуюць матчы чэмпіянатаў і нацыянальных кубкаў (неўзабаве стартуюць плей-оф еўракубкаў), а большасць каманд гуляюць свае паядынкі кожныя некалькі дзён.

Яшчэ ў пачатку сезона Томас Тухель працаваў у такім жа рэжыме, але пасля звальнення з «Чэлсі» на пачатку верасня працягвае знаходзіцца без працы – і, як аказалася, сур'ёзна клапоціцца аб сваім здароўі.

Увосень Тухель адправіўся ў Індыю для праходжання аюрведычнай тэрапіі і панчакармы. Расказваем, што гэта такое

«Гэта адна з самых складаных заяваў, якую мне калі-небудзь даводзілася рабіць. І гэтая заява, якую я спадзяваўся не рабіць яшчэ доўгі час», – так пачаў свой развітальны ліст з лонданскім клубам Томас Тухель.

З эмоцыямі немца можна пагадзіцца – яго звальненне выглядала максімальна нечаканым. Каб загаіць раны, Томас не схапіў бутэльку (чамусьці гэтая версія была папулярнай сярод заўзятараў «Чэлсі»), а адправіўся ў Індыю для паляпшэння свайго здароўя.

«Я быў вельмі здзіўлены, калі два фанаты «Чэлсі» пазналі мяне ў аэрапорце і папрасілі з імі сфатаграфавацца. Было крута сустрэцца з імі і зразумець, што мяне ведаюць у гэтай частцы свету», – падарожжа Тухеля ўжо пачалося з прыемных сюрпрызаў.

49-гадовы спецыяліст пасля адправіўся ў горад Трэсур, які лічыцца культурнай сталіцай вялізнага штата Керала. Там ён праходзіў аюрведычную амаладжальную тэрапію і панчакарму.

Аюрведа – мясцовая сістэма традыцыйнай медыцыны, якой захапляецца большая частка насельніцтва Індыі. Яна ўключае ў сябе разнастайныя масажы, адмысловую дыету і старажытныя лекі, якія, па вераваннях старажытнаіндыйскіх алхімікаў, дапамагалі амаладзіць арганізм. Аднак самае важнае – гэты тып медыцыны грунтуецца на захаванні базавай руціны.

Руціна ў гэтым кантэксце – гэта нешта накшталт фіксаванага распарадку дня.

Панчакарма – гэта глыбокі ачышчальны працэс, які дазваляе целу пазбавіцца ад таксінаў на ўсіх узроўнях, уключаючы кроў, лімфу, сценкі крывяносных сасудаў, мышцы, усе органы і клеткі, якія іх фарміруюць.

Інтэнсіўная тэрапія ў Індыі дапамагла Тухелю, які апошнія чатыры гады плённа  працаваў у «ПСЖ» і «Чэлсі»: «Гэтая рэлаксацыйная тэрапія здалася вельмі заспакаяльным досведам. За 18 дзён, якія я правёў тут, я ладна адпачыў і цалкам перазарадзіўся. Я б абавязкова рэкамендаваў такую тэрапію сваім футбалістам і калегам. Думаю, я гатовы да новага досведу».

У 2022-м, акрамя звальнення з лонданскага клуба, у Тухеля былі праблемы яшчэ і ў асабістым жыцці – ён растаўся са сваёй жонкай Сісі, з якой пражыў 13 гадоў і мае дзвюх непаўналетніх дачок. Гэта, верагодна, яшчэ адна прычына, чаму Томас вырашыў адправіцца ў Індыю, каб падлатаць сваё фізічнае і маральнае здароўе.

А таксама расказаў у інтэрв'ю аднаму з самых вядомых індыйскіх лекараў доктару Вігнешу Дэўраю шмат цікавага пра здароўе, эмацыйнасць, інтуіцыю і іншае.

Пра тое, чаму важна выконваць руціну і як сфарміраваць свой распарадак – сон, ежа, спорт і г.д.

«Яшчэ да інтэнсіўнага перыяду працы ў Парыжы і Лондане я ўсталяваў для сябе руціну, якая грунтуецца на некалькіх простых рэчах – не есці пасля 7 вечара, не ўжываць вугляводы на вячэру, паменшыць спажыванне цукру ці наогул выключыць яго з прыёму ежы (напрыклад, з вячэры).

Заўсёды ёсць перыяды, калі гэта атрымоўваецца рабіць лепш, часам амаль немагчыма. Калі ў адным з інтэрв'ю пасля паразы ў мяне спыталі, як я спраўляюся з адмоўнымі вынікамі, я сказаў, што дзве пліткі шакаладу і прагляд матча абавязкова дапамагаюць. Такія сітуацыі могуць здарацца.

Праўда, думаю, цела можа прымаць такія моманты лепш, калі ў вас ёсць руціна – я паспрабаваў і зразумеў, што гэта вельмі карысна для здароўя. Штораніцы я спрабаваў прачынацца ў адзін з той жа час, адводзіць дзяцей у школу, снедаць у зручны час і штодня займацца спортам на працягу 30 хвілін, калі была такая магчымасць.

Як і гульцы, я не мог наядацца перад стартавым свістком – еў прыкладна за 3 гадзіны да матчу, таму калі большасць гульняў заканчваліся позна ўвечары, я мог дазволіць сабе з'есці бургер разам з футбалістамі ці ж закінуцца цукеркамі. У кожнага правіла ёсць свае выключэнні, але ў гэтым выпадку важна, каб гэта не стала звычкай.

Нягледзячы на ўсе адцягваючыя фактары, карысна заставацца свядомым і ў выніку можна ўбачыць, што ты адчуваеш сябе лепш і маеш больш энергіі, калі прытрымліваешся руціны – ведаеш, што і калі есці, рэгулярна здаеш аналізы крыві, каб убачыць рэакцыю арганізма ў кантэксце алергічных рэакцый на розныя рэчывы. Гэта першы шлях да фармавання свайго распарадку.

У параўнанні з першымі 5-6 гадамі маёй кар'еры трэнера я страціў нямала кілаграм вагі. Раней я не ведаў, што гэта можа быць для мяне такім карысным, але натхніўся Новакам Джокавічам, які прытрымліваецца сур'ёзнай дыеты і мае ўзорны распарадак дня.

У Дортмундзе, каб зняць стрэс, нягледзячы на тое, перамаглі мы ці прайгралі, я вырашыў, што буду бегаць крос пасля матчаў, таму рабіў гэта ўвесь час каля поўначы. Так усё пачалося.

Пра ментальнае здароўе і пра тое, як спраўляцца з няўдалымі вынікамі і крытыкай

«Пройгрыш – гэта заўсёды сур'ёзны маральны ўдар па трэнеру, гульцам, камандзе і ўсяму клубу. Мне да гэтага часу цяжка змірыцца з паразамі, яны мяне вельмі засмучаюць, таму мне ёсць над чым працаваць, каб навучыцца правільна на іх рэагаваць.

Што дапамагае? Я нясуся адразу прагледзець няўдалы матч. Наяўнасць негатыўнай эмоцыі пасля паядынку дапамагае лепш разабрацца ў тым, што адбылося на футбольным полі. У выніку высокія шанцы, што ў галаве з'явіцца вырашэнне праблем і памылак, якія мы дапусцілі падчас матчу.

Зрэшты, бываюць розныя тыпы параз. Мы гулялі ў двух фіналах кубкаў з Ліверпулем – і ў абодвух прайгралі пасля серыі пенальці. У нас ёсць дакладнае разуменне, што мы зрабілі ўсё магчымае для перамогі: яны былі адной з лепшых атакавалых каманд свету на той момант, а мы не дазволілі ім забіць хаця б адзін мяч. У такія моманты няма поўнага спусташэння, але важна падтрымаць гульцоў, якія выклаліся па поўнай. Такія няўдачы таксама значна лягчэй пераварыць.

Аднак ёсць адзін знешні эфект, які нясе вялікі ціск – і гэта крытыка. Важкая частка маёй руціны – абараніць сябе ад яе. Я шмат трэніраваўся, каб не чытаць каментары пра сябе. У рэшце рэшт спытаў у самога сябе: «Навошта табе чытаць гэта нешта пра тваю каманду і пра матч, які вы згулялі? Няўжо нехта ведае лепш за цябе?».

Пра сваю эмацыйнасць у трэнерскай зоне

«Увогуле, гэта дапамагае скінуць стрэс ці расчараванне ад нейкага моманту на полі. Звычайна за матчам назірае поўны стадыён балельшчыкаў, так што знайсці сувязь з ігракамі на полі бывае вельмі цяжка. Часам мне нават шкада тых футбалістаў, якія гуляюць непадалёк ад месца, дзе я знаходжуся – ім прылятае больш за ўсё.

У часы, калі на стадыёнах не было балельшчыкаў з-за каранавіруса, нам, трэнерам, было значна лягчэй. Так, нам вельмі не хапала фанатаў і шарму, які яны стваралі на трыбунах, але ў той жа час з нашага боку гульня выглядала значна больш тактоўнай і больш кантраляванай».

Пра значэнне інтуіцыі ў трэнерскай працы

«Інтуіцыя – гэта адчуванне, якое развіваецца дзякуючы таму, што падсвядома ты праходзіш прыкладна адну і тую ж сітуацыю зноў і зноў і ўжо маеш пэўны вопыт, таму калі падобнае зноў набліжаецца, з'яўляюцца станоўчыя або адмоўныя эмоцыі. Яна прыходзіць з досведам і сталым назіраннем.

Гэта вельмі важны элемент, які я б не недаацэньваў. Падчас матчу я заўсёды зважаў на тое, што я адчуваю. Часам стартавы склад на новы матч выглядае відавочным, а потым я падыходжу да асістэнта і кажу: «Гэты футбаліст павінен згуляць заўтра. Ён дрэнна згуляў у апошніх двух матчах – нічога страшнага. Я паглядзеў на яго ў трэніроўцы». Часам гэта працуе, часам – не, але ў футболе ёсць шмат рэчаў, якія цяжка растлумачыць простымі словамі ».

***

Поўнае інтэрв'ю Томаса:

Фота: Reddit, скрыншоты з інтэрв'ю

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты