Tribuna/Футбол/Блогі/Мільён долараў у Швейцарыі знайшлі ў экс-прэзідэнта футбольнага «Шахцёра» – зараз ён у босах кампаніі, якая ўтрымлівае клуб Януша

Мільён долараў у Швейцарыі знайшлі ў экс-прэзідэнта футбольнага «Шахцёра» – зараз ён у босах кампаніі, якая ўтрымлівае клуб Януша

Незразмела, адкуль ён узяў такія грошы, тлумачыць – не захацеў.

Аўтар — bytribuna com
16 лютага 2023, 19:11
1
Мільён долараў у Швейцарыі знайшлі ў экс-прэзідэнта футбольнага «Шахцёра» – зараз ён у босах кампаніі, якая ўтрымлівае клуб Януша

14 лютага Беларускі расследавальніцкі цэнтр апублікаваў сваю чарговую працу. На гэты раз журналісты вывучылі ўцечку дадзеных кліентаў Credit Suisse - швейцарскага банка з сусветнага топ-50. Сярод больш як сотні запісаў пра беларускіх трымальнікаў рахункаў расследавальнікі адабралі тры, якія падаліся ім найбольш падазронымі.

Як аказалася, адна з гісторый – вельмі каламутная замалёўка з жыцця былога куратара салігорскага «Шахцёра», які зараз знаходзіцца сярод кіраўнікоў тытульнага фундатара іншай беларускай футбольнай каманды. Раскажам падрабязней пра біяграфію гэтага чалавека - і, вядома, пра тое, пра што яшчэ даведаўся БРЦ.

Як гаворыцца ў афіцыйнай біяграфіі, 81-гадовы Пётр Калугін нарадзіўся ў сялянскай сям'і ў сучаснай Цвярской вобласці Расіі, пасля школы паступіў у горны інстытут у цяперашнім Санкт-Пецярбургу, а ў 25 прыехаў працаваць у Салігорск, на мясцовы калійны камбінат. Тамака ад слесара дарос да начальніка ўчастку, а далей займаў спрэс кіраўнічыя пасады, уключаючы пост сакратара партыйнага камітэта.

У 1992-м Калугін з галоўнага інжынера стаў гендырэктарам "Беларуськалія". Адбылося гэта ў выніку самага страшнага для цяперашняга беларускага рэжыму дзеяння – забастоўкі. На пачатку 1990-х беларускія шахцёры ўвогуле не раз страйкавалі праз эканамічныя умовы на прадпрыемстве – сярэдні заробак складаў усяго 60-80 даляраў. На 1992-ы створаны ва ўжо суверэннай Беларусі незалежны прафсаюз шахцёраў настойліва прапанаваў прэм'ер-міністру Вячаславу Кебічу тарыфнае пагадненне, дзе была прапісана абарона заробкаў ад інфляцыі і некаторыя іншыя важныя для гарнякоў умовы. Улады рэагаваць не спяшаліся, што і прывяло да шэрагу забастовак.

Піка гісторыя дасягнула 31 сакавіка, калі лідары прафсаюза аб'явілі галадоўку, якую трымалі проста ў будынку ўпраўлення прадпрыемства. Гендырэктар «Беларуськалія» Анатоль Падлесны, які хадзіў міма барацьбітоў за свае правы на працу, смяяўся з сваіх падначаленых і сцвярджаў, што ў іх нічога не атрымаецца. Але шахцёры натхніліся прыкладам калег - правялі мітынг на стадыёне «Будаўнік», а ў красавіку каля 50 чалавек зладзілі пешы паход на Мінск. Раніцай 14 красавіка да групы, якая прыйшла да беларускага парламента, далучыліся калегі, а пасля і ўражаныя рабочыя мінскіх прадпрыемстваў. Усё гэта падзейнічала – урад здаўся, павялічыў заробак шахцёраў больш чым у тры разы і выканаў некаторыя іншыя патрабаванні, а таксама зняў з пасады Падлеснага.

Яго і замяніў Калугін - і ўзначальваў «Беларуськалій» да 2001-га. Пры гэтым кіраўніку шахцёры яшчэ двойчы спрабавалі мітынгамі дабіцца павышэння пенсій - было гэта ўжо пры Аляксандры Лукашэнку, чые сілавікі проста хапалі ўсіх непажаданых, але пенсіі работнікам забояў усё ж былі павялічаны ўдвая. Таксама пры Калугіне адбыліся важныя змены ў структуры «Беларуськалія» - шахцёраў пераканалі прадаць дзяржаве акцыі прадпрыемства (а на руках была чвэрць каштоўных папер), ад яго адкалолася самастойная юрыдычная асоба, пра што падрабязней пазней.

А яшчэ Калугін прымаў прамы ўдзел у справах футбольнага салігорскага "Шахцёра". У першых чэмпіянатах Беларусі «гарнякі» не бліскалі - ні разу не патрапілі ў топ-10 і некалькі разоў ледзь ратаваліся ад вылету ў Д2. Паводле слоў першага трэнера каманды суверэннай эпохі Мікалая Касцюкевіча, у тыя гады "ўсе бачылі, што каманда развальваецца, але горадаўтваральным прадпрыемствам, якія самі знаходзіліся ў цяжкім эканамічным крызісе, было не да футбола". Аднак у 1996-м, як сказана на сайце клуба, Калугіну «давялося прыняць шмат у чым валявое рашэнне пра ўсебаковую і безумоўную падтрымку каманды». Клуб быў уключаны ў структуру "Беларуськалія" (які да таго моманту знайшоў выхады на міжнародныя рынкі і сякія-такія грошы займеў), а сам кіраўнік прадпрыемства стаў яшчэ і прэзідэнтам "Шахцёра".

Пачалася эпоха Калугіна ў клубе з правалу - у 1997-м каманда за ўвесь першы круг так і не выйграла ніводнага матчу ў ЧБ. Пасля гэтага ў клубе вырашылі нешта мяняць - віцэ-прэзідэнт «Шахцёра» Міхаіл Мікалаевіч (цяпер уплывовы банкір і бацька футбаліста Мікіты Мікалаевіча) пераканаў Калугіна вылучыць сродкі на запрашэнне вопытнага трэнера Івана Шчокіна і ўзмацненне складу. Першая перамога здарылася толькі ў 20-м туры, за астатнія 10 матчаў «гарнякі» выйгралі яшчэ пяць разоў, але сысці з апошняга, 16-га месца ЧБ ужо не змаглі. Але развалілася «Атака», аб'ядналіся «Дняпро» і «Трансмаш» - і «Шахцёр» насуперак спартоваму прынцыпу застаўся ў эліце.

Ужо даволі грашовы "Шахцёр" набраў яшчэ гульцоў "пад Шчокіна" - але заняў у 1998-м толькі 11-е месца. Калугін, нягледзячы на гэта, не стаў мяняць трэнера - і ў 1999-м быў узнагароджаны небывалай пятай пазіцыяй. На закрыцці таго сезона гендыр "Беларуськалія" нагадваў пра падтрымку футбольнага клуба з боку прадпрыемства і запэўніваў, што яна працягнецца нават асабіста ад яго. Неўзабаве Шчокін памёр (ці то ад інсульту ў басейне, ці то ад удару галавой аб яго дно пасля няўдалага скачку), у клуб вярнуўся Касцюкевіч (а яго гуляючым памочнікам стаў Юрый Вяргейчык), якому ўдалося захаваць «Шахцёр» на пятым радку ЧБ. Але ў канцы 2000-га Калугін усё роўна ўспамінаў пра Шчокіна, неяк прынізіўшы ўласны клуб: «Не раз Іван Рыгоравіч прыходзіў да мяне і тлумачыўся. Я адказваў, што не чакаю імгненнага выніку, выдатна разумеў, што немагчыма ў раптоўна зрабіць з дваровай каманды чэмпіёна. Галоўнае, адчувалася тэндэнцыя да росту. На закладзеным Шчокіным падмурку каманда гуляе да гэтага часу».

Іван Шчокін

У 2001-м Калугін пакінуў «Беларуськалій» і, адпаведна, «Шахцёр» - застаўся толькі дэпутатам рэжымнага парламента, дзе засядаў з 1996-га па 2008-ы. І ў канцы апошняга дэпутацкага тэрміну Калугін, як зараз высветлілася, паехаў у Швейцарыю, дзе адкрыў рахунак у банку Credit Suisse. З ім да пары нічога не адбывалася, пакуль Калугін не выявіўся ў ААТ «Трэст Шахтаспецбуд» – той самай самастойнай юрыдычнай асобе, якая адкалолася ад «Беларуськалія» ў 2000 годзе, калі Калугін меў там усю паўнату ўлады і, як сцвярджае крыніца БРЦ, моцна дапамог прыватызацыі структурнага падраздзялення, алказнае за пракладку шахт.

У 2010-м у Туркменістане вырашылі распрацаваць радовішча калійных соляў. Адзін дыктатарскі рэжым знайшоў памочнікаў у іншым - генпадрадчыкам будаўніцтва калійнага камбіната стаў "Белгархімпрам", да пракладкі шахт прыцягнулі профільны "Трэст Шахтаспецбуд". А праз два месяцы пасля заключэньня туркменска-беларускіх дамоваў – іх ацэньвалі ў мільярд даляраў – на швейцарскім рахунку Калугіна аднекуль з'явілася больш за 1,3 мільёны даляраў, якіх ён і блізка не зарабляў. Рахунак быў закрыты ў жніўні 2014-га, куды пайшлі грошы - засталося загадкай. Калі зараз расследавальнікі па тэлефоне паспрабавалі даведацца ў Калугіна, што гэта было, той збянтэжыўся, а потым проста кінуў трубку. Будаўніцтва камбіната, дарэчы, затрымалася на два гады, а потым прывяло Туркменістан у міжнародны суд - беларускі бок абвінавацілі ва ўроне на 900 мільёнаў долараў (рашэнні пакуль не абвяшчалася).

Калугін дагэтуль застаецца намеснікам старшыні рады дырэктараў «Трэста Шахтаспецбуд» – вышэй толькі Валерый Старцаў, які ў 1990-я таксама, як гаворыцца на сайце «Шахцёра», «прыйшоў на дапамогу ў крытычнай сітуацыі». Але і зараз ААТ спорту зусім не чужое - яно здаўна спансіруе валейбольны «Шахцёр» (чэмпіёнаў Беларусі шасці апошніх гадоў), а таксама мае свой футбольны клуб. Пра яго вы, цалкам магчыма, чулі - у 2015-м працаўнікі «Трэста Шахтаспецбуда» стварылі салігорскі «Партызан», які ў апошнія гады з'яўляецца лідарам Д3 пад кіраўніцтвам экс-бамбардзіра ЧБ Мікалая Януша. Трэнер казаў, што ААТ забяспечвае камандзе аўтобус, поле для трэніровак і стадыён для гульняў - у прынцыпе, усё, што трэба аматарскай камандзе, гульцы якой не жадаюць ісці ў Д2, каб не адмаўляцца ад больш выгаднай салігорскай асноўнай працы.

Застаецца заўважыць, што схемы двух іншых герояў расследавання БРЦ таксама ўскосна злучаныя са спортам. Гомельскі прадпрымальнік Альберт Ларыцкі выводзіў на швейцарскія рахункі крэдытныя мільёны долараў, атрыманыя на мадэрнізацыю набытага ім расійскага лыжнага камбіната (выраблялі там, зрэшты, не толькі лыжы, але і паркет, і формы для мэблі), за што атрымаў у Расіі тры гады калоніі. А «кашалёк Лукашэнкі» Аляксей Алексін адкрываў рахунак у Credit Suisse (дзе пазней аказалася 36 мільёнаў долараў) у студзені 2012-га, калі працаваў на тагачаснага уласніка футбольнага мінскага «Дынама» Юрыя Чыжа - хутчэй за ўсё, клуб таксама карыстаўся любатамі «шэрай схемы» з нафтапрадуктамі, з якой і атрымлівалася шалёны прыбытак.

Расследаванне цалкам

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты