Tribuna/Футбол/Блогі/Хіт з Грэцыі: набіваючы лежачы, галявую аформіў 19-гадовы талент, супраць якога хутка гуляць беларусам

Хіт з Грэцыі: набіваючы лежачы, галявую аформіў 19-гадовы талент, супраць якога хутка гуляць беларусам

Ім і да гэтага цікавіліся топ-клубы.

Аўтар — bytribuna com
20 лютага 2023, 18:58
Хіт з Грэцыі: набіваючы лежачы, галявую аформіў 19-гадовы талент, супраць якога хутка гуляць беларусам

19 лютага ў матчы чэмпіянату Грэцыі ПАОК з чацвёртага месца прымаў АЕК з другога. Гаспадарам удалося перамагчы 2:0 і скараціць адставанне ад сапернікаў да трох ачкоў.

Пераможны мяч забіў Халед Нарэй ударам у адзін дотык з лініі штрафной. Але папулярнасць гол атрымаў з-за галявой перадачы, якую зрабіў грэк Іааніс Канстантэліяс: ён упаў перад тым, як да яго трапіў мяч, пасля чаго лежачы двойчы набіў яго – левай нагой і плячом, – каб ужо правай нагой аддаць на партнёра. Атрымалася бліскуча (адзнака 0:40).

Праз два тыдні Канстантэліясу споўніцца ўсяго 20 гадоў, і ў яго кантракт з клубам аж да 2027-га. У пачатку 2022-га ён паехаў у арэнду ў бельгійскі «Эйпен», а калі вярнуўся, стаў асноўным у ПАОК. Асіст лежачы стаў яго чацвёртым у сёлетнім сезоне чэмпіянату пры адным голе. Канешне, маладым гульцом цікавяцца многія вялікія клубы, у тым ліку лідары АПЛ «Арсенал» і «Ман Сіці». А ў 15 гадоў Іааніса была гатова ўзяць у клубную акадэмію «Барселона» – але не дамовіліся наконт адступных.

Канстантэліяс выклікаецца ў новы склад зборнай Грэцыі U-21 – і зусім хутка яго ўменні можа адчуць на сабе беларуская «маладзёжка», якой ужо 28 сакавіка гуляць з грэкамі на выездзе ў рамках кваліфікацыі да Еўра-2025. Але адзін беларускі гулец мае шанц сустрэцца з талентам яшчэ раней – 1 сакавіка ПАОК правядзе першы матч паўфіналу Кубка Грэцыі з «Ламіяй», а за яе выступае Аляксандр Паўлавец, які дапамог камандзе сваім голам на стадыі 1/4. Праўда, 13 лютага абаронца атрымаў траўму ў матчы з ОФІ, і пакуль незразумела, ці паспее аднавіцца. У любым выпадку «Ламія» будзе відавочным аўтсайдэрам – клуб ідзе на апошнім, 14-м месцы чэмпіянату Грэцыі, за 23 туры атрымаўшы толькі адну перамогу.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты