Месі забіў 700 мячоў у клубнай кар'еры: больш за ўсё пакутавала «Севілья», даўжэй за ўсё пратрымаўся «Чэлсі», двойчы засмучаў Гутара
Дзіўная статыстка.
У дэрбі з «Марселем» (3:0) Ліянэль Месі зноў нагадаў сябе самага найлепшага часу: аддаў дзве галявыя і вызначыўся голам. Забіўшы, Леа дасягнуў прыгожай лічбы ў 700 галоў у клубнай кар'еры. У кастрычніку такое ж дасягненне пакарылася Крышціяну Раналду, які адзначыўся тады ў матчы супраць «Эвертана». Пасля гэтага партугалец забіў толькі адзін мяч за «д'яблаў» у Лізе Еўропы, а затым паляцеў паляпшаць статыстыку ў Саудаўскую Аравію.
Месі ішоў да свайго рэкорду амаль 18 гадоў, з 1 мая 2005 года, калі аргенцінец паразіў вароты «Альбасетэ» ў чэмпіянаце Іспаніі. Пасля гэтага гулец пабіў мноства рэкордаў, стаўшы найлепшым бамбардзірам у гісторыі «Барселоны» (672 галы) і Ла Лігі (520).
Аргенцінец у Еўропе забіваў 46 розным клубам з 19 краін. У еўракубках ён не здолеў вызначыцца толькі ў варота чатырох каманд, супраць якіх гуляў: «Інтэра», «Удынезэ», «Рубіна» і «Атлетыка» (затое адарваўся на іх у Ла Лізе). Даўжэй за ўсё супраць Месі трымаўся лонданскі «Чэлсі» – 730 хвілін, але ў сезоне-2017/18 гулец такі вызначыўся галамі і ў матчах супраць «сініх».
У Еўропе ад Леа больш за ўсё нацярпеўся «Арсенал», варатароў якога ён засмучваў 9 разоў. А леверкузенскаму «Баеру» бамбардзір забіў 7 галоў за 270 хвілін.
У чэмпіянаце Іспаніі Месі забіваў 38 розным камандам, перасягнуўшы дасягненні Рауля і Адурыса, якія адзначаліся супраць 35 супернікаў. У сезоне-2011/12 ён забіў усім камандам у чэмпіянаце. Самай любімай для Леа застаецца «Севілья» – 38 галоў у 43 матчах. Калі дадаць яшчэ 20 асістаў, то севільцам супраць Леа лепш наогул ніколі не гуляць.
У 2021 годзе Месі пабіў рэкорд Пеле – 643 галы за адзін клуб. У гонар гэтага форвард «Барсы» адправіў усім галкіперам, якіх калісьці засмуціў, піва – па колькасці прапушчаных галоў. Усяго такіх было 160 брамнікаў, і сярод іх адзін беларус.
На групавым этапе Лігі чэмпіёнаў-2011/12 БАТЭ, тады яшчэ рэгулярны ўдзельнік восеньскай стадыі еўракубкаў, патрапіў у групу з «Барселонай». У Мінску на стадыёне «Дынама» Ліянэлю ўдалося двойчы засмуціць Аляксандра Гутара.
У эпізодзе з першым голам беларускі брамнік фактычна зрабіў Леа падарунак.
Другі раз Месі класна рэалізаваў перадачу Дані Алвеса, магутна прабіўшы пад перакладзіну.
Гутар, як атрымаў падарунак, павіншаваў аргенцінца з чарговым рэкордам і, відаць, выпіў за здароўе форварда: «Легендарнага футбаліста з вялікім дасягненнем! За Тваё здароўе @leomessi !🍺🍺!»
***
Падобна, што аргенцінец не плануе спыняцца, так што будзем чакаць новых рэкордаў ад гульца ПСЖ: 800 галоў за кар'еру (засталося 2), 700 галоў без пенальці (засталося 10), 300 асістаў на клубным узроўні (застаўся 1), 100 галоў за зборную Аргенціны (засталося 2)
Месси угостит Гутора пивом, вернув должок за ЛЧ – когда-то белорус пропустил два мяча от Лео
Фота: Norbert Scanella/Global Look Press