Tribuna/Футбол/Блогі/15 найлепшых маладых трэнераў у еўрапейскім футболе

15 найлепшых маладых трэнераў у еўрапейскім футболе

Нагельсман, Артэта і кампанія.

3 сакавіка 2023, 07:51
15 найлепшых маладых трэнераў у еўрапейскім футболе

Еўрапейскі футбол працягвае эвалюцыянаваць – наступілі часы, калі паняцце «выйграе той, хто больш заб'е» сыходзіць у мінулае. Новая эпоха – гэта тактычныя схемы, уменне правільна падладкавацца пад суперніка, глыбокі аналіз і гадзіны тэарэтычнай падрыхтоўкі.

Менавіта таму ў еўрапейскім футболе цяпер нямала крутых маладых трэнераў. Усе яны розныя – хтосьці аддае перавагу тэхналогіі, хтосьці спасылаецца на ўласны досвед, ва ўсіх – розная філасофія, а кагосьці нават лічаць прасоўвальнікам олдскульных канцэпцый.

Мы склалі спіс (не рэйтынг) з 15 найлепшых маладых спецыялістаў у еўрапейскім футболе. Адзінае абмежаванне – трэнеру павінна быць не больш за 45 гадоў.

Уіл Стыл, «Рэймс», 30 гадоў

У 24 ён стаў галоўным трэнерам «Льерса» ў другім бельгійскім дывізіёне (7 перамог у 8 матчах), а ў 28 пабіў рэкорд Юльяна Нагельсмана як самы малады трэнер у топ-15 еўрапейскіх лігах. Бельгіец англійскага паходжання Уіл Стыл – новы геймчэнджар у еўрапейскім футболе.

Стыл працаваў відэааналітыка ў многіх клубах, але ўменне разумець гульню і прымаць правільныя рашэнні сведчылі пра тое, што яго чакае вялікая будучыня. Пасля некалькіх часовых працаўладкаванняў цяпер ён – галоўны трэнер «Рэймса», з якім ні разу не прайграў у 15 матчах Лігі 1.

Стыл прызнаўся, што калісьці марыць узначаліць «Вест Хэм», але калі ён працягне ў тым жа духу, то на яго звернуць увагу яшчэ больш знакамітыя клубы.

Оле Вернер, «Вердэр», 34 гады

Оле Вернер ніколі не быў прыкметным чалавекам у футбольнай супольнасці Нямеччыны – яго гульнявая кар'ера доўжылася 16 хвілін, калі ён гуляў за свой родны «Гальштэйн Кіль» у Кубку Германіі.

Ва ўсё тым жа «Гальштэйне» ён пачаў і трэнерскую карʼеру. Спачатку займаўся з дзецьмі, дапамагаў у дублі, пасля яго ўзначаліў, а затым увайшоў у трэнерскі штаб асноўнай каманды. Дачакаўшыся свайго шанцу, Вернер стаў галоўным увосені 2019-га (яму было ўсяго 32), а праз два гады пакінуў каманду пасля няўдалага старту сезону.

Яго хутка падхапіў «Вердэр», разам з клубам Оле правёў фантастычны сезон – выратаваў няўдалы старт брэменцаў і прывёў каманду да павышэння ў класе. Цяпер «музыкі» дзявятыя ў Бундэслізе, знаходзяцца ў аднолькавай адлегласці (11 ачкоў) і ад еўракубкаў, і ад зоны вылету.

Матыяс Яйсле, «Зальцбург», 34 гады

«Ральф Рангнік бачыў ува мне трэнера, калі я пра гэта яшчэ нават не задумваўся», – распавядаў выданню kicker Матыяс Яйсле. Юны спецыяліст, які з лета 2021-га ўзначальвае «Зальцбург», рана скончыў футбольную кар'еру праз траўму калена, але так жа рана пачаў трэніраваць – і ўжо лічыцца будучым топам.

Яйсле папрацаваў асістэнтам у моладзевых камандах «Лейпцыга», дапамагаў трэнеру ў «Брондбю», узначальваў фарм-клуб «Рэд Була» «Ліферынг» – так і дарос да галоўнага ў «Зальцбургу». У першым жа сезоне выйграў чэмпіёнства ў Аўстрыі і мясцовы Кубак, а клубы нямецкай Бундэслігі ўжо пачалі пільна сачыць за яго працай.

Юльян Нагельсман, «Баварыя», 35 гадоў

Яму ўсяго 35, а ён ужо правёў больш за 300 матчаў у Бундэслізе ў амплуа галоўнага трэнера. Юльян Нагельсман – феномен, трэнер, які з'яўляецца раз у шмат гадоў.

Нагельсман спачатку выратаваў «Хафенхайм» ад вылету з Бундэслігі, а ў двух наступных сезонах выводзіў клуб у Лігу чэмпіёнаў. З «Лейпцыгам« Юльян дайшоў да паўфіналу ЛЧ, а з «Баварыяй» пайшлі першыя трафеі – перамогі ў чэмпіянаце і Суперкубку краіны. Зараз мюнхенскі клуб перажывае не найлепшыя часы, але Нагельсман ужо не раз даказваў, што можа ўсё перавярнуць з ног на галаву.

Рубен Амарым, «Спортынг», 38 гадоў

Рубен Амарым гуляў на дзіцячым і юнацкім узроўні разам з Раналду, але пакуль Крыш сячэ мільёны ў Саудаўскай Аравіі яшчэ ў якасці футбаліста, Амарым ужо зарэкамендаваў сябе як добры трэнер.

Пасля кароткага знаходжання ў «Каса Пія» Рубен адправіўся ў «Брагу», дзе паўгода папрацаваў з рэзервовым складам, а ў канцы 2019-га ўзначаліў першую каманду. Разам з «Брагай» Амарым выйграў Кубак Лігі, ні разу не саступіў у чэмпіянаце (але вылецеў у ЛЕ ад «Рэйнджэрс») і дапамог камандзе фінішаваць трэцяй.

Улетку 2020-га «Спортынг» актываваў яго клаусулу ў памеры 10 млн еўра. У першым сезоне тыповыя для трэнера 3-4-3 выйгралі для «Львоў» чэмпіянат, а цяпер, калі Амарыму ўсяго 38 гадоў, ён можа пахваліцца пяццю тытуламі ў трэнерскай кар'еры. Упэўненыя, ужо хутка ўбачым яго за рулём каманды з топ-чэмпіянату.

Энрыка Масэн, «Аўгсбург», 39 гадоў

Магчыма, раней вы не чулі пра Энрыка Масэна, але ён стаў чарговым трэнерам (пасля Ханеса Вольфа, Давіда Вагнера, Даніэля Фарке і Яна Зіверта), які пасля працы з дублем дортмундскай «Барусіі» атрымаў запрашэнне ад сур'ёзнага клуба.

Падбор футбалістаў «Аўгсбурга», які ён узначальвае з лета 2022-га, не дазваляе змагацца з больш знакамітымі супернікамі, аднак клуб з поўдня Германіі пастаянна навязвае барацьбу топам і грандам абарончым футболам, які выбудоўвае Масэн. У гэтым сезоне «Аўгсбург» ужо здабыў перамогі над «Баварыяй», «Баерам» (двойчы) і «Барусіяй Мёнхенгладбах», а таксама згуляў унічыю з «Лейпцыгам».

Андоні Іраола, «Рая Вальекана», 40 гадоў

Хто б мог падумаць, што сціплы «Рая Вальекана», які яшчэ ў пазамінулым сезоне гуляў у Сегундзе, будзе змагацца за еўракубкавыя месцы? Аднак па стане на сёння гэта рэальнасць. І гэта адбываецца дзякуючы маладому галоўнаму трэнеру іспанскага клуба Андоні Іраолі.

Андоні атрымаў першы трэнерскі вопыт на Кіпры ўжо праз паўтара года пасля завяршэння кар'еры футбаліста – узначаліў АЕК Ларнаку, выйшаў з ёй у групавы этап Лігі Еўропы. Наступным клубам у яго пакуль кароткай трэнерскай карʼеры стаў «Мірандэс», з якім не ўдалося пазмагацца за прамоўшэн у Іспаніі (не хапіла 6 ачкоў, каб патрапіць у зону плэй-оф), а з «Рая» ўсё пайшло выдатна. У першым жа сезоне выйшаў з клубам у Ла Лігу, у мінулым годзе скончыў 12-м у чэмпіянаце, а цяпер змагаецца за трапленне ў еўракубкі.

Эдзін Тэрзіч, «Дортмунд», 40 гадоў

Верагодна, амаль ніхто не ведаў пра існаванне такога спецыяліста як Эдзін Тэрзіч да канца 2019 года, калі ён узначаліў «Барусію» пасля адстаўкі Люсьена Фаўра, у трэнерскі штаб якога ён і ўваходзіў. Сваю працу ў Дортмундзе Тэрзіч пачаў яшчэ ў далёкім 2010-м – быў скаўтам, працаваў у юнацкіх камандах як галоўным трэнерам, так і асістэнтам (таксама быў памочнікам Славена Біліча ў «Бешыкташы» і «Вест Хэме»). Фантастычна ведаючы функцыянаванне клуба і каманды, нарэшце атрымаў шанец стаць у руля першай каманды.

І выкарыстаў яго, ратуючы правальны сезон для «Дортмунда» – вывеў каманду ў ЛЧ, выйграў Кубак Нямеччыны (упершыню за 4 сезоны) і прайшоў нядрэнны шлях у еўракубках.

Тэрзіч пакінуў пасаду галоўнага трэнера пасля сезону, саступіўшы Марка Розе, але вярнуўся ўжо праз год – дортмундцы спынілі супрацоўніцтва з немцам, а Эдзін, які цэлы год займаў пасаду тэхнічнага дырэктара, зноў апрануў трэніровачную форму. У першым крузе сезону-2022/23 «Барусію» моцна калыхала (асабліва – у канцы), але 8 перамог запар у другім крузе вярнулі «Дортмунд» у барацьбу за чэмпіёнства ў Бундэслізе. А яшчэ ёсць добрыя шанцы на праход у наступны раўнд плэй-оф ЛЧ.

Тэрзіч, магчыма, не самы вядомы тактык, але выкарыстанне Юліяна Брандта на правым флангу і інверсія Карыма Адэемі ў левага вінгера зрабілі іх найлепшымі гульцамі каманды ў новым годзе. Дысцыпліна, якая гуляе вялікую ролю ў футболе Эдзіна, не дазваляе яго футбалістам губляцца, калі каманда знаходзіцца пад ціскам – і менавіта гэта зрабіла розніцу ў пачатку 2023-га.

Мікель Артэта, «Арсенал», 40 гадоў

«Trust the process», казаў Мікель Артэта, калі «Арсенал» у 2020-м скончыў сезон у АПЛ на 8-м радку ў табліцы, але ўсё ж заскочыў у Лігу Еўропы. Заўзятары не моцна давяралі маладому трэнеру і яшчэ больш актыўна прасілі яго адстаўкі, калі ў наступным годзе «кананіры» ўпершыню за 25 гадоў не патрапілі ў еўракубкі.

Але да слоў Артэты варта было прыслухацца. У гэтым годзе ён імчыцца з клубам да першага чэмпіёнства з сезону-2004/05, а тыя ж фанаты, якія прасілі пра адстаўку, лічаць яго найлепшым трэнерам, якія ўзначальвалі каманду пасля Арсена Венгера. Артэта – выдатны тактык, выдатны матыватар і той, у каго ёсць здольнасць з'яднаць каманду ў адно цэлае. Калі «Арсенал» усё ж выйграе чэмпіянат у гэтым сезоне, то пра шлях, які прайшоў Мікель, можна будзе пісаць кнігу.

Хабі Алонса, «Баер», 41 год

«Баер» – першы клуб на сур'ёзным узроўні, які ўзначаліў легендарны ў мінулым футбаліст Хабі Алонса. Да яго працы з дублем «Рэала Сасьедада» былі пытанні – спачатку ён павысіўся ў класе са сваёй камандай, потым – зноў вылецеў у трэці дывізіён, ды і ў цэлым зрабіць розніцу не змог (у сярэднім браў 1,46 ачкоў за матч, правёў 93 паядынкі на чале каманды). Але ціску на яго не было – усе чакалі яго зʼяўлення на больш сурʼёзным узроўні.

У «Леверкузене» ж час ад часу можна ўбачыць яго трэнерскую ідэю – маючы добры падбор футбалістаў, Алонса гуляе ў яркі атакуючы футбол, які, бывае, нагадвае тое, у які гуляў «Дортмунд» пад кіраўніцтвам Клопа. Аднак самая вялікая праблема каманды цяпер – варʼяцкая нестабільнасць. Атрымаўшы перамогу 4:0 у дэбютным жа матчы ў Бундэслізе пад кіраўніцтвам іспанца, «Баер» у другім прайграў 1:5. «Фармацэўты» перамаглі «Уніён», які змагаецца за чэмпіёнства 5:0, а нядаўна саступілі «Аўгсбургу» і «Майнцу».

У Алонса ёсць задаткі добрага трэнера, які ў будучыні можа выйсці на яшчэ вышэйшы ўзровень, але самае галоўнае цяпер – рабіць правільныя высновы са сваіх жа няўдалых матчаў.

Хаві, «Барселона», 43 гады

Хейтары «Барсы» не пагодзяцца, але Хаві – добры спецыяліст, які знаходзіцца толькі ў пачатку трэнерскай кар'еры. Каталонскі клуб перажываў няпростыя часы, таму легендарны экс-капітан ўзяўся за вельмі адказную працу – і назваць яе беспаспяховай нельга.

7 трафеяў, якія ён здабыў за кароткі час працы трэнерам «Аль-Сада» ў Катары, Хаві нядаўна папоўніў Суперкубкам Іспаніі, таксама ў гэтым годзе імчыцца да першага за чатыры гады для «Барселоны» чэмпіёнства ў Ла Лізе. Наступны крок, які 43-гадоваму спецыялісту трэба будзе зрабіць, – наладзіць выступы каманды ў еўракубках (гэта пакуль адзінае, што ў яго зусім не атрымліваецца).

Калі ўсё пойдзе па плане, Хаві можа стаць «новым Гвардыёлай» для каталонскага клуба.

Бо Свенсан, «Майнц», 43 гады

«Майнц» працягвае дарыць прыгожыя футбольныя гісторыі пра тое, як экс-футбалісты каманды становяцца галоўнымі трэнерамі. Бо Свенсан гуляў за «05-х» на працягу 7 гадоў, а пасля завяршэння кар'еры ў 2014-м застаўся працаваць з моладзевымі камандамі і ў якасці памочніка трэнер асновы.

На працягу 2019-2021 гадоў Свенсан набіраўся вопыту ў структуры «Зальцбурга» (працаваў з камандай U-19, а таксама ўзначальваў «Ліферынг» – фарм-клуб «Рэд Була»), а зімой 2021-га атрымаў запрашэнне стаць галоўным у «Майнцы». У тым жа сезоне выратаваў каманду ад вылету, у наступным годзе скончыў на салідным восьмым месцы, а ў кампаніі-2022/23 працягвае прыносіць добрыя вынікі – пасля чатырох перамог у апошніх пяці матчах ідзе восьмым у табліцы Бундэслігі.

Магчыма, ён, як і былыя трэнеры «Майнца» (Юрген Клоп і Томас Тухель), калісьці выйграе Лігу чэмпіёнаў.

Раберта дэ Дзербі, «Брайтан», 43 гады

Раберта дэ Дзербі – выдатны прыклад сучаснага футбольнага спецыяліста, чыя каманда паказвае цікавы і прывабны футбол, мае агульную карцінку гульні, а трэнер умее данесці сваю філасофію да гульцоў, якія выдатна перадаюць гэта на футбольным полі.

У «Брайтане» ў яго ўсё вельмі добра атрымліваецца. Настолькі, што ім ужо сур'ёзна зацікавіліся «Тотэнхэм», «Ліверпуль» і топы Серыі А.

Ігар Тудар, «Марсель», 44 гады

Ігару Тудару ўсяго 44 гады, але ён ужо шмат што можа расказаць пра сваю трэнерскую кар'еру – трэніраваў родны «Хайдук», правёў амаль год у «Галатасараі», ратаваў «Удынэзэ» ад вылету з Серыі А, кінуў працу галоўнага трэнера і сышоў у памочнікі Андрэа Пірла ў «Ювентусе», а пасля гэтага ледзь не вывеў «Верону» ў еўракубкі.

Цяпер у «Марселі» ён праводзіць адзін з найлепшых трэнерскіх перыядаў – навязвае барацьбу за чэмпіёнства грознаму «ПСЖ». Тудар па-добраму ўпарты – на працягу ўсёй трэнерскай карʼеры прасоўвае схему з трыма цэнтрбэкамі, і яна нарэшце працуе як мае быць.

Эдзі Хау, «Ньюкасл», 45 гадоў

Эдзі Хау – трэнерская легенда «Борнмута». Калі ўпершыню ўзначаліў клуб у 2008-м, дапамог выратавацца ад вылету з трэцяга англійскага дывізіёна, а калі пакінуў яго ў 2020-м, «вішанькі», нягледзячы на вылет у Чэмпіёншып, ужо мелі рэпутацыю каманды АПЛ, а не ніжэйшых ліг.

Атрымаўшы шанец у клубе, які можа сабе дазволіць траціць грошы на футбалістаў, Хау працягвае праяўляць сябе вельмі добрым спецыялістам. З «Ньюкаслам» Эдзі ўжо гуляў у фінале Кубка Лігі і змагаецца за трапленне ў Лігу чэмпіёнаў. І гэта толькі пачатак.

Фота: Dave Winter, Helge Prang, Gualter Fatia, Alexander Hassenstein, David S. Bustamante, Marc Atkins, Alexander Hassenstein, Alex Grimm/Global Look Press, FC Red Bull Salzburg, KERSTIN JOENSSON, SASCHA SCHUERMANN, Sebastien SALOM-GOMIS/AFP/Global Look Press, Borussia Dortmund, Brighton & Hove Albion, Newcastle United FC

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты