Tribuna/Футбол/Блогі/«Сіці» стаў цёплай ваннай для рэвалюцыянера Пепа. Калі зноў не атрымаецца ўзяць ЛЧ, то пара задумацца

«Сіці» стаў цёплай ваннай для рэвалюцыянера Пепа. Калі зноў не атрымаецца ўзяць ЛЧ, то пара задумацца

Суперклуб з супертрэнерам дагэтуль без супертрафея.

15 сакавіка 2023, 06:41
«Сіці» стаў цёплай ваннай для рэвалюцыянера Пепа. Калі зноў не атрымаецца ўзяць ЛЧ, то пара задумацца

Многія ўсё яшчэ па інерцыі асацыююць трэнера Гвардыёлу з «Барселонай» і «цікі-такі» больш чым дзесяцігадовай даўнасці, але час ляціць з хуткасцю галявых дзеянняў Эрлінга Холанда ў АПЛ – а Пеп ужо сёмы сезон праводзіць у «Сіці». У Манчэстэры ён трэніруе амаль у два разы даўжэй, чым у «Барсе», а ў Англіі выйграў ужо больш трафеяў, чым з «блаўгранас» у Іспаніі. Яшчэ ў 2014 годзе выйшла кніга Марці Пераранау пра іспанскага трэнера, дзе Гвардыёла прызнаваўся, што ненавідзіць «цікі-таку», называючы яе «смеццевым футболам з пасамі дзеля пасоў». За гэты час Пеп змяніў шмат памочнікаў і змяніўся сам, ён пабудаваў звышмагутную каманду, якая ўжо шмат сезонаў дамінуе ў наймацнейшай лізе свету. Каманды Гвардыёлы ніколі не падалі ніжэй свайго ўзроўню, у яго не здаралася адкрыта правальных сезонаў. Ён атрымаў рэнамэ чалавека, якога не звальняюць, а які сыходзіць сам, калі адчувае, што прыйшоў час для новага выкліку.

«Сіці» робіць сёмую спробу выйграць ЛЧ - кубак, для якога ўжо даўно падрыхтавалі месца ў трафейным пакоі клуба з Манчэстэра. І па выніках гэтай спробы могуць паўстаць дзве рэчы: альбо трафей ЛЧ, альбо пытанне пра будучыню Гвардыёлы. Прычым не ад кіраўніцтва, а ад самога трэнера.

Пеп вылятае ў плэй-оф праз ўласны оверсінкінг і фатальныя абставіны

У «Сіці» Гвардыёла збудаваў сапраўдную дынастыю. Не ў апошнюю чаргу праз тое, што спортдзірам у клубе ўжо больш за 10 гадоў працуе ягоны Стары Каталонскі сябар Чыкі Бегерыстайн, які выдатна разумее ўсе пажаданні коўча, шчодра расплачваючыся за іх грашыма гаспадароў з ААЭ. Але Пеп дагэтуль не выканаў галоўнага задання, дзеля якога яго звалі ў «Сіці» – не выйграў ЛЧ. Выкладкай фантастычнай статыстыкі «гараджан» за апошнія сезоны ў АПЛ можна заляпіць усе распранальні Манчэстэра, на «Олд Трафардзе» ўключна, але нельга гэтак доўга рабіць выгляд, быццам адсутнасць «вушастага» у клубным музеі «Ман Сіці» усіх задавальняе. Тут у Пепа не было такой суперзброі, як Месі або Раналду, але ідэя заключалася ў тым, што трэнер і сам з'яўляецца суперзброяй. Аднак часта ў самыя адказныя моманты Гвардыёла даваў асечку, спрабуючы перайграць самога сябе.

Выкарыстанне Пепам свайго оверсінкінга (празмернага мыслення) ужо даўно стала сапраўдным мемам. У 2020 годзе, калі «Сіці» у чвэрцьфінале вылецеў ад «Ліёна», яго раскрытыкавала нават жонка ўкраінскага гульца «Арсенала» Аляксандра Зінчанкі Улада: «У такі адказны момант рабіць такую эксперыментальную тактыку для «Сіці» – гэта зашквар. Я не маю права крытыкаваць, але навошта гуляць у тры цэнтральныя абаронцы, калі самі футбалісты бяруцца за галаву».

Іспанец спрабуе ўсё кантраляваць, таму рыхтуе тактыку, якая па задуме павінна максімальна нівеляваць перавагі суперніка, але часта гэта працуе супраць каманд самога Гвардыёлы. Томас Мюлер, які працаваў з Пепам у «Баварыі», тлумачыў гэта тым, што ў матчах супраць моцных супернікаў коўч разрываецца паміж нейтралізацыяй моцных бакоў апанента і верай ва ўласныя прынцыпы. У выніку самі гульцы не на 100% разумеюць, як ім дзейнічаць. У гэта цяжка паверыць, але трэнер, які лічыцца ледзь ці не самым вялікім у свеце гуру гульні першым нумарам, пакутуе праз тое, што спрабуе гуляць ад суперніка.

Гвардыёлу крытыкавалі за тое, што ён выйшаў на фінал ЛЧ наогул без чыстых апорнікаў – з трохкутнікам Фодэн-Сілва-Гюндаган, маючы на лаве Фернандыньё і Родры. Сам трэнер перад леташнім матчам з «Атлетыка» прызнаў, што занадта шмат мудрагеліў перад матчамі ЛЧ, але не бачыць у гэтым праблемы: "Я шмат думаю, і гэта прычына таго, што ў мяне добрыя вынікі ў ЛЧ. Не надта прыемна, калі людзі лічаць, што супраць «Атлетыка» і «Ліверпуля» я выберу аднолькавую тактыку. Усе гульцы розныя, у іх розныя характары. Сёння я натхнюся і прыдумаю новую тактыку, заўтра мы выпусцім 12 гульцоў» Гэтыя жарты былі б смешнымі, калі б пасля іх прыходзіў вынік, але калёсы з кубкам Лігі чэмпіёнаў і цяпер стаіць далёка ад «Этыхаду». У гэтым годзе Пеп працягвае здзіўляць рашэннямі ў ЛЧ - напрыклад, у матчы з «Лейпцыгам» упершыню згуляў наогул без замен у той час, як супернік выкарыстаў усе пяць.

Аднак спісваць усе паразы толькі на эксперыментальныя рашэнні таксама занадта проста. У іспанца былі матчы, калі ён усё амаль ідэальна пралічыў, але ў дзеянні ўступалі фактары, якія ад коўча не залежаць. У 2019-м «Сіці» у шалёным матчы ў адказ супраць «шпор» такі даказаў сваю перавагу ў два гола, але ўсімі забыты Фернанда Льорэнтэ, які не забіваў за «Тотэнхэм» больш гола за сезон у АПЛ, выйшаў на замену і адзначыўся незразумелай часткай цела. А ў леташнім матчы супраць «Рэала» усё ішло добра, пакуль у самым канцы матчу не пачаў забіваць Радрыга. Пепу можна было б толькі працытаваць класіка і заявіць, што галы пасля 90-й хвіліны не лічацца. Перад пачаткам кампаніі гэтага года Гвардыёла атрымаў суперзброю ў асобе Эрлінга Холанда. Не тое каб гэта быў трансфер у стылі іспанца, але адмаўляцца ад такога гульца не стане ніхто. Хоць коўч «Сіці» часам любіць укалоць «Юнайтэд» або «Чэлсі» за велізарныя выдаткі на трансферным рынку, але іспанцу грэх скардзіцца. У яго распараджэнні склад, які можа абыграць любога суперніка, гульцы, якія выдатна разумеюць патрабаванні трэнера, і Холанд, які ўжо ў першым сезоне гатовы пабіць рэкорд па галах у АПЛ. Пепу трэба толькі надаць упэўненасці сваім футбалістам і ў каторы раз не перамудрыць. Але тое, што добра працуе ў АПЛ, дзесьці раствараецца, калі справа даходзіць да матчаў на вылет у ЛЧ.

Клуб стаў для Пепа цёплай ваннай. Кіраўніцтва цалкам яму давярае – гэта добра і дрэнна адначасова

Праблема «Сіці» ў нечым падобна да еўрапейскіх пакут «ПСЖ». Але калі парыжане робяць стаўку на зорак, мяняючы настаўнікаў без сантыментаў, то «гараджане» працягваюць верыць Гвардыёлу, атрымліваючы сатысфакцыю ў выглядзе стабільных тытулаў у АПЛ. У гэтым ёсць свая логіка, бо дзіўна ламаць тое, што і так добра працуе – у цябе ёсць трэнер, здольны зарабіць 100 ачкоў у наймацнейшай лізе свету. Што можа адбыцца, калі нават з вялізным трансферным бюджэтам пачынаецца карусель на трэнерскім мастку, добра ведаюць у суседнім клубе з Манчэстэра.

Аднак часам рэсурс заканчваецца – і трэба мяняць абстаноўку. Трэнер стамляецца ад гульцоў, а гульцы ад настаўніка. Сам Пеп неаднаразова пра гэта казаў, калі пакідаў «Барселону» і «Баварыю». Але ў Манчэстэры ў яго такая сабе «Барселона» здаровага чалавека: спартыўны дырэктар – легенда «Барсы» Чыкі Бегірыстайн, выканаўчы дырэктар таксама экс-каталонец Феран Сарыяна. Яны здымаюць ціск з галоўнага трэнера.

«Мне не трэба яго ў нечым пераконваць. Ён не лічыць мяне геніем, калі я перамагаю, і не думае, што я нікуды не варты трэнер, калі прапускаю. Я атрымліваю асалоду ад футбола», – казаў Гвардыёла пра Чыкі. А ў канцы мінулага сезона Сарыяна, адказваючы на пытанне пра перамогу ў ЛЧ, заявіў: «Мы не робім ЛЧ нашай асноўнай мэтай, таму што ў гэтым турніры ўдача адыгрывае сваю ролю».

Клуб цалкам давярае трэнеру, таму і прадоўжыў з ім кантракт да 2025 года. Аднак ёсць адна сур'ёзная праблема – усё гэта вельмі нагадвае цёплую ванну.

А фішка Пепа заўсёды была ў тым, што ён быў летуценнікам і рэвалюцыянерам, які прымаў нечаканыя рашэнні. Гэта ён пераходзіў з «Барсы» ў «Брэшыю» дзеля працы з Мацоне, Пеп ездзіў гуляць у Мексіку, каб папрацаваць з загадкавым Хуанмай Лільё, якога зрабіў сваім памочнікам у 2020 годзе. Ён мог сярод паспяховай трэнерскай кар'еры сарвацца і паехаць на год пажыць у Нью-Ёрк. Гэты азарт зрабіў з яго аднаго з найгалоўнейшых трэнераў сучаснасці. Аднак у «Сіці» Гвардыёла атрымаў максімальны камфорт – і гэта можа стаць праблемай для самога трэнера.

Пеп ужо дасягнуў такіх вышынь у Манчэстэры, калі для таго, каб прадэманстраваць прагрэс, трэба толькі адно – выйграць ЛЧ. Ён і сам гэта выдатна разумее: «Гэта не значыць, што я з гэтым згодзен, але мяне будуць ацэньваць па перамозе ў ЛЧ», – сказаў трэнер перад матчам з «Лейпцыгам». І калі яму зноў не ўдасца зрабіць гэта, то, магчыма, варта задумацца – ці не прыйшоў час крыху асвяжыцца.

Калі з «Барсы» Пеп сыходзіў, таму што стаміўся ад пастаяннай напругі, то ў Манчэстэры ён рызыкуе проста заседзецца і дасягнуць таго моманту, калі ўжо не зможа даць камандзе нічога новага. Адзіная сур'ёзная праблема заключаецца ў тым, што з «Сіці» пакуль не існуе шляху на павышэнне, а ісці ў трэнерскі даўншыфт дзеля эксперыментаў Гвардыёла наўрад ці гатовы.

Але ў гэтай гісторыі ўсё яшчэ магчымы хэпі-энд (хоць і не абавязкова «энд»), а найлепшым месцам для гэтага можа стаць чэрвеньскі вечар у Стамбуле.

7:0 у матчы супраць "Лейпцыга" зрабілі яго бліжэй.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты