Tribuna/Футбол/Блогі/У Гродне пахапалі фанаў хакейнага «Нёмана» (тых, хто адмяніў байкот): людзі сядзяць на сутках, клуб просіць не верыць плёткам і заўзець за каманду

У Гродне пахапалі фанаў хакейнага «Нёмана» (тых, хто адмяніў байкот): людзі сядзяць на сутках, клуб просіць не верыць плёткам і заўзець за каманду

Беларускі сюр.

Аўтар — bytribuna com
15 сакавіка 2023, 15:44
У Гродне пахапалі фанаў хакейнага «Нёмана» (тых, хто адмяніў байкот): людзі сядзяць на сутках, клуб просіць не верыць плёткам і заўзець за каманду

Рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць беларусаў не спыняюцца ні на дзень, а ў апошні час толькі набіраюць абароты. На мінулым тыдні пад каток антыбеларускай сістэмы патрапілі фанаты хакейнага «Нёмана». Тыя самыя, хто ў жніўні 2020-га аб'явілі бестэрміновы байкот, а восенню 2022-га на здзіўленне многіх вярнуліся на сектар.

Зараз фан-сектар «Нёмана» зноў пустуе - актыўных заўзятараў у Гродне затрымліваюць і саджаюць на суткі. Тэлеграм-канал «О, спорт! Ты - мір!» даведаўся падрабязнасці сітуацыі. “Трыбуна” перадрукоўвае матэрыял.

Як фанаты «Нёмана» вярталіся на арэну і якая на гэта была рэакцыя?

Яшчэ ў сярэдзіне 2020-га многія фанаты (як футбольныя, так і хакейныя) перасталі хадзіць на матчы сваіх каманд у сувязі з падзеямі вакол прэзідэнцкіх выбараў. У жніўні пазіцыя актыўных балельшчыкаў, па сутнасці, стала адзінай - байкот. Трымаліся яе і прыхільнікі хакейнага "Нёмана". У сваім пабліку ў сацсетках фанаты апублікавалі заяву пра тое, што «ў святле апошніх падзей у нашай Рэспубліцы і, у прыватнасці, у Гродне, фан-сектар прыняў рашэнне часова (бестэрмінова) спыніць наведванне сектара на віражы, гэта значыць адмовіцца ад актыўнай падтрымкі клуба ». Байкот распаўсюджваўся і на выязныя паядынкі.

Больш за два гады гродзенскія заўзятары разам з астатнімі стаялі на сваім. Аднак 23 верасня 2022 года ў сацсетках "Нёмана" было абвешчана, што на матчы супраць "Металурга" чакаецца вяртанне фан-сектара. У гонар гэтага прэс-служба хакейнага клуба выпусціла ролік, у якім апроч хакеістаў зняліся фанаты, у тым ліку лідар сектара Сяргей Емяльянаў. І гэта нягледзячы на тое, што заўзятары былі абураныя рашэннем "Нёмана" падпісацца ў падтрымку Лукашэнкі ў снежні-2020 (тады ад клуба сабралі 62 подпісы).

Але вось прайшло два гады - і сектар ізноў запоўніўся, хоць сітуацыя ў Беларусі яшчэ больш пагоршылася. Ды і за каманду па-ранейшаму выступалі падпісанты праўладнага ліста. Таксама фанаты заставаліся пад пільнай увагай лукашэнкаўскіх чыноўнікаў па Гродзенскай вобласці. Рэгіёнам дагэтуль кіруюць два верныя адэпты рэжыму: так званым губернатарам з'яўляецца былы міністр аховы здароўя Лукашэнкі Уладзімір Каранік, а даглядае яго на правах памочніка Лукашэнкі экс-кіраўнік так званага МУС Юрый Караеў (менавіта пры ім катавалі беларусаў пасля выбараў).

Адразу пасля вяртання журналісты спрабавалі паразмаўляць з Емяльянавым, аднак ён запыты праігнараваў. Затое футбольныя фанаты "Нёмана", якія па-ранейшаму тырмаюцца байкоту, былі здзіўлены рашэннем хакейных калег.

Пра свае матывы вярнуцца хакейныя заўзятары так і не расказалі. Зрэшты, ёсць інфармацыя, што паміж лідарамі фан-сектара і кіраўніцтвам клуба ў нейкі момант усё ж узнік дыялог, і бакі прыйшлі да згоды, што сектар трэба вяртаць - у першую чаргу для падтрымкі каманды. У верасні 2022-га фанаты зноў прыйшлі на арэну ў Гродне, а таксама пачалі наведваць гасцявыя матчы.

Што ж адбываецца цяпер?

З верасня і да нядаўняга часу фанаты наведвалі хатнія паядынкі "Нёмана", ездзілі на гасцявыя сустрэчы. І, паводле нашай інфармацыі, у іх не было праблем з сілавікамі, якіх на трыбунах па традыцыі хапае. Як распавялі «Трыбуне» прадстаўнікі фанацкай супольнасці Беларусі, «у актыўных заўзятараў «Нёмана» была дамоўленасць з [так званай] міліцыяй, што фанаты будуць паводзіцца максімальна карэктна, а [так званая] міліцыя не будзе іх чапаць. Нібыта атрымалася гэтага дасягнуць не без дапамогі клуба».

Але ідылія раптам скончылася. 14 сакавіка сайт mostmedia.io паведаміў, што вось ужо некалькі дзён у Гродне затрымліваюць фанатаў. Схапілі сілавікі Лукашэнкі і лідара руху фанатаў Сяргея Емяльянава. Яго забралі, калі ён выходзіў з дому. Што ўвогуле адбываецца? Пра гэта на ўмовах ананімнасці распавялі людзі, якія знаёмыя з сітуацыяй.

- Насамрэч для ўсіх гэта стала сапраўдным шокам. Так, фанатаў у Беларусі і раней затрымлівалі, яны былі пад "каўпаком" у сілавікоў, бо гэта ж для рэжыму "небяспечныя элементы грамадства". Але тое, што адбылося з фанатамі “Нёмана”… Усё было спакойна, а тут – у адзін момант, і такі масавы хапун. Хаця, аб'ектыўна, можна было меркаваць, што ў сённяшняй Беларусі такое рана ці позна здарыцца.

9 сакавіка затрымалі Емяльянава. Ён выйшаў з дому ў краму, і проста ля пад'езда яго забралі. На наступны дзень пачалі затрымліваць астатніх прадстаўнікоў фан-сектара. Кагосьці дома, кагосьці на працы ці на вучобе. Я нават ведаю, што некаторыя проста ішлі пасярод дня на абед - і трапіліся. Прычым бралі не толькі хлопцаў, але і жанчын і нават маладых дзяўчынак. А некаторых бралі адразу пасля матча "Нёмана" з "Хімікам" 11 сакавіка. Гэта значыць, некаторыя з сектара чамусьці яшчэ не былі ў курсе, што робіцца, прыйшлі на арэну, а на выхадзе іх прынялі. Рэальна, фан-сектар практычна запаўняўся на хатніх матчах да апошняга, аж да таго, як пачалі затрымліваць балельшчыкаў. Ездзілі людзі і на гасцявыя матчы. Але некалькі дзён таму сітуацыя памянялася кардынальна. Затрымалі каля 15-20 чалавек. Наколькі ведаю, 13 сакавіка на фан-сектары былі людзі, але гэта, як кажуць, бэрэсэмаўцы і іншыя «заўзятары».

- Што цяпер з затрыманымі?

- Кажуць, кагосьці адпусцілі, кагосьці не, але пацвердзіць ці абвергнуць гэтую інфармацыю не магу. Усё на ўзроўні чутак. Ведаю толькі, што практычна ўсім далі па 10 сутак, яны сядзяць у ІЧУ на вуліцы Гая ў Гродне. Ведаю, што ў некаторых затрыманых нават праводзіліся ператрусы.

- А за што далі 10 сутак?

- Слухайце, гэта пакрыта такой таямніцай... Ніхто не ведае, але суткі далі. Кажуць, што ў дачыненні да некаторых нават распачалі крымінальныя справы. І зараз пытанне, ці выйдуць людзі. Я так падазраю, сілавікі, як гэта часта адбываецца ў Беларусі, проста забралі фанатаў, бо ім гэта трэба было, прыпісалі ім стандартныя адміністратыўныя артыкулы. Напрыклад, супраціў, рэпост ці нешта такое. Далі суткі і працягнулі працу. Але пакуль, сапраўды, з кім ні камунікую, ніхто не разумее матываў такога сваволля.

- Можа, гэта чарговая хваля ціску на фанацкі рух?

- Ды гэты рух у Беларусі ўжо і так вычысцілі, можна сказаць. Чаму такое пачалося менавіта зараз… Існуе такое меркаванне, што ёсць жадане высекчы ўсіх старых фанатаў, каб быў «паслухмяны фан-сектар». Але дзеля гэтага рабіць так жорстка, затрымліваць усіх запар? Ну, не ведаю… Зрэшты, як вядома, Гродна - другі пасля Мінска горад па пратэстных настроях. Усе ж памятаюць, як актыўна людзі выходзілі на акцыі ў 2020-м. Не выключаю, што зверху была дадзена каманда разабрацца з фанатамі, зачысціць гэтае асяроддзе, бо тут "патэнцыйна небяспечныя для рэжыму людзі". А дамоўленасці фанатаў “Нёмана” з міліцыяй... Ды пра што тут казаць, як можна верыць [так званай] міліцыі? Цяперашнія падзеі - чарговы доказ.

Як на затрыманні адрэагаваў клуб?

«Дарагія і паважаныя нашы заўзятары! Так склаліся абставіны, што ўчора [11 сакавіка] мы не ўбачылі на трыбунах звыклага ўсім нам фан-сектара. Узнікае шмат пытанняў, на якія пакуль няма адказаў. Можам толькі сказаць, што мы спадзяемся і што ўсё будзе добра. Велізарная просьба, не разносьце чуткі, не верце плёткам і не нараджайце здагадак. Цяпер наша задача падтрымаць належным чынам каманду да вяртання фан-сектара. Спадзяюся, мы справімся», - напісаў прэс-сакратар «Нёмана» Віталь Гарбацюк у групе клуба ў «Вконтакте» (цытата прыведзеня з аўтарскай пунктуацыяй).

Гэта ўся рэакцыя клуба на затрыманне актыўных балельшчыкаў, хаця прайшоў ужо тыдзень. Тэлеграм-канал «О, спорт! Ты - мір!» папрасіў "Нёман" пра дадатковы каментар, аднак адказу не дачакаўся.

Фота: vgr.by, hcneman.by

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты