Tribuna/Футбол/Блогі/Германія – гаспадыня Еўра-2024. Задзейнічае стадыёны з ЧС-2006, мэта – правесці турнір з мінімальным забруджваннем навакольнага асяроддзя

Германія – гаспадыня Еўра-2024. Задзейнічае стадыёны з ЧС-2006, мэта – правесці турнір з мінімальным забруджваннем навакольнага асяроддзя

Што ўжо вядома пра арганізацыю спаборніцтваў менш як за 2 гады да старту.

22 сакавіка 2023, 10:13
Германія – гаспадыня Еўра-2024. Задзейнічае стадыёны з ЧС-2006, мэта – правесці турнір з мінімальным забруджваннем навакольнага асяроддзя

Чэмпіянат Еўропы па футболе 2024 года стартаваў яшчэ ў кастрычніку, бо яго афіцыйны пачатак – лёсаванне кваліфікацыі. Тое, што мы прывыклі называць «Еўра» – толькі фінальная стадыя спаборніцтваў. А хутка стартуюць матчы адбору на турнір.

У гэты раз яго будзе прымаць Германія – адна з найбольш інфраструктурна развітых футбольных краін Еўропы. Але арганізатарам было мала проста ўзяць 10 стадыёнаў і размеркаваць іх паміж матчамі. Мэты ў іх значна больш амбітныя.

Дзе менавіта будуць гуляць: 9 галоўных футбольных гарадоў краіны і Дзюсельдорф, але без Менхенгладбаха

Апошні буйны футбольны турнір Германія прымала адносна нядаўна – ЧС-2006. Тады яго раскідалі на 12 гарадоў: Берлін, Мюнхен, Дортмунд, Штутгарт, Гельзенкірхен, Гамбург, Франкфурт, Кайзерслаўтэрн, Кёльн, Гановер, Лейпцыг і Нюрнберг.

Дзевяць з іх прымуць і Еўра-2024. На новым свяце не будзе Гановера, Нюрнберга і Кайзерслаўтэрна - іх замяніў Дзюсельдорф, які прымаў ЧС-1974 і Еўра-1988, а з апошніх найбуйнейшых падзей Еўрабачанне-2011.

Фінал ужо традыцыйна пройдзе на «Алімпіяштадыёне» – найбуйнейшым па ёмістасці стадыёне краіны (у пераліку на выключна сядзячыя месцы, чаго патрабуе УЕФА). У яго ж і найбольш відавочны мінус – гэта адзіны буйны стадыён краіны, дзе поле аддзяляюць ад трыбун бегавыя дарожкі. І калі ў трансляцыі гэта ўжо даўно перастала быць праблемай, то з трыбун, дзе ні паглядзі, поле бачна не надта добра.

Увогуле пералік стадыёнаў выглядае так:

«Алімпіяштадыён», Берлін, 74 461 – 3 матчы групавога этапу, 1/8, 1/4 фіналу, фінал

«Альянц Арэна», Мюнхен, 70 076 – матч-адкрыццё Еўра-2024 і яшчэ 3 матчы групавога этапу, 1/8 фіналу, паўфінал

«Зігналь Ідуна Парк», Дортмунд, 65 849 – 4 матчы групавога этапу, 1/8 фіналу, паўфінал

«Фелцінс-Арэна», Гельзенкірхен, 54 740 – 3 матчы групавога этапу, 1/8 фіналу

«Дойчэ Банк Парк», Франкфурт, 54 697 – 4 матчы групавога этапу, 1/8 фіналу

«Мэрсэдэс-Бенц Арэна», Штутгарт, 54 244 – 4 матчы групавога этапу, 1/4 фіналу

«Фолькспаркштадыён», Гамбург, 52 245 – 4 матчы групавога этапу, 1/4 фіналу

«Меркур Шпіль-арэна», Дзюсельдорф, 51 031 – 3 матчы групавога этапу, 1/4 фіналу

«Рэйн Энергі Штадыён», Кёльн, 49 827 – 4 матчы групавога этапу, 1/8 фіналу

«Рэд Бул Арэна», Лейпцыг, 42 959 – 3 матчы групавога этапу, 1/8 фіналу

Турнір імкнецца адпавядаць Мэтам устойлівага развіцця – ад экалагічнай арганізацыі да здаровага ладу жыцця заўзятараў (гэта не жарт)

Арганізатары паставілі перад сабой амбітную мэту – зрабіць турнір максімальна сацыяльна станоўчым. Гэта сапраўды важна – на фоне правальнага з лагістычна-экалагічнага пункту гледжання Еўра-2020 і скандальных ЧС-2018 і ЧС-2022 «здаровага» турніру не было ўжо даўно.

Яшчэ ў сакавіку 2021-га УЕФА і Нямецкі футбольны саюз (DFB) распрацавалі Стратэгію сацыяльнай адказнасці мерапрыемства, бачанне якой – «быць арыенцірам у сферы сацыяльнай адказнасці за падзеі ў свеце спорту і рухаючай сілай устойлівага развіцця для нямецкай і еўрапейскай супольнасцяў».

Стратэгія грунтуецца на мэтах устойлівага развіцця ААН, якія з'яўляюцца рэлевантнымі для правядзення турніра. І ў кожнай са сфер былі ўстаноўленыя ўласныя задачы і арыенціровачныя шляхі іх выканання.

Навакольнае асяроддзе

У гэтай сферы арганізатары абавязваюцца зменшыць «вугляродны след» (колькасць вуглякіслага газу, які з'яўляецца ў выніку дзейнасці чалавека, акрамя дыхання) усіх людзей, якія маюць дачыненне да турніру, паменшыць выкарыстанне электраэнергіі і зрабіць яго больш эфектыўным, аддаваць перавагу выкарыстанню «зялёных» крыніц энергіі, прадухіляць узнікненне смецця, яго перапрацоўку, а таксама максімізаваць працягласць выкарыстання прадметаў.

Пра вугляродны след пагаворым крыху ніжэй, а астатняе, хоць і неканкрэтызаванае, гучыць як, напрыклад, шматразовыя стаканы (замест выкарыстання 1 пластыкавага стакана кожны раз, калі чалавек п'е піва) і адсутнасць таго падсвятлення на стадыёнах, без якога можна абысціся.

Сюды ж адносіцца і тое, што гэта першы Еўра ў гісторыі, пад які спецыяльна не будуць будаваць ці перабудоўваць ніводны стадыён (нават у Францыі пабудавалі чатыры новыя). Абмежаваліся толькі дробнымі рэканструкцыямі, найпрыкметнейшая – стадыёна ў Штутгарце.

Разнастайнасць і інклюзіўнасць

У адрозненне ад Катара, дзе законы могуць пагражаць пажыццёвым зняволеннем за сам факт прыналежнасці да ЛГБТ+, а арганізатары не даюць выразнага адказу на іх (не)допуск у краіну, не тое, што на стадыёны, у Германіі ж такой праблемы няма на дзяржаўным узроўні і на ўзроўні грамадства. Краіна адна з самых талерантных, хаця цалкам выкараніць дыскрымінацыю таксама не ўдалося. У гэтым напрамку арганізатары абяцаюць «антыдыскрымінацыйныя меры» для ўсіх асоб, якія маюць дачыненне да турніру, а таксама адзначаюць культурную і дэмаграфічную разнастайнасць.

Таксама турнір можа стаць першым цалкам безбар'ерным: арганізатары імкнуцца да таго, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі не мелі ніякіх перашкод у доступе да ўсіх месцаў, што звязаныя з турнірам (трыбуны, фан-зоны, транспарт, прэс-залы і інш.).

Салідарнасць

Пад гэтым даволі расплывістым тэрмінам арганізатары маюць на ўвазе хутчэй справядлівасць у адносінах да мясцовага грамадства. У яго рамках абяцаюць забяспечыць устойлівы эканамічны поспех для звязаных з мерапрыемствам сфер, забяспечыць абмен ведамі мясцовых і замежных спецыялістаў, падтрымаць дзяцей і моладзь, а таксама забяспечыць сувязі паміж прафесійным і масавым футболам.

Кіраванне

Пацярпеўшы ў тым ліку і з рэжымам Януковіча ва Украіне падчас падрыхтоўкі да Еўра-2012, ці з ледзь гатовымі стадыёнамі на наступных турнірах, УЕФА вырашыў прапісаць гэтую частку асобна.

Арганізатары ўзялі на сябе абавязак наладзіць празрысты працэс кіравання турнірам на ўсіх яго этапах, уключаючы ацэнкі работ, актыўна ўзаемадзейнічаць з зацікаўленымі бакамі (у тым ліку СМІ), быць рухаючай сілай для забеспячэння выканання іншых задач.

Здаровы лад жыцця

Тут ва ўсіх сферах бяруцца проста «прапагандаваць здаровы лад жыцця» адносна курэння, ежы і піцця, а таксама спорту. Я вельмі хачу паехаць туды ў 2024 годзе і паглядзець, як замест куфля піва і хот-дога мне прапануюць шклянку малака і салата з агародніны без запраўкі.

А вось ранішняя зарадка дзе-небудзь у фан-зоне гучыць нават прывабна – праўда, пакуль гэта толькі мая фантазія.

***

Галоўнае, чаго УЕФА хоча дасягнуць гэтым турнірам, – каб ён стаў стандартам для ўсіх наступных турніраў пад эгідай саюза.

Што там па «вугляродным следзе»? Каб зменшыць яго, плануюць пасадзіць каманды на цягнікі і па магчымасці пазбягаць самалётаў.

А цяпер да самага цікавага. Даследчыкі з Нямецкага інстытута прыкладной экалогіі правялі цэлае даследаванне і распрацавалі канцэпцыю правядзення «кліматычна нейтральнага» Еўра-2024. У адрозненне ад папярэдняга дакумента, ён максімальна свежы - быў абнародаваны толькі 28 верасня 2022 года. Выбярэм з яго галоўнае.

Адной з асноўных крыніц выкідаў вуглякіслага газу з'яўляецца транспарт, але ўсе людзі розныя. Авіяцыйны транспарт адказвае за больш чым 60% выкідаў у Германіі, за ім ідуць асабістыя аўтамабілі, цягнікі далёкага накіравання і г.д. На грамадскі транспарт, у сваю чаргу, прыходзіцца толькі 1% ​​выкідаў.

Тут і далей інфаграфіка Інстытута прыкладной экалогіі

Калі мадэляваць па катэгорыях людзей, якія будуць прысутнічаць на турніры, то больш за палову выкідаў прыпадае на замежных заўзятараў, якія будуць знаходзіцца на стадыёнах (57%). Далей ідуць мясцовыя заўзятары на стадыёнах (13%), у фан-зонах (14%), афіцыйныя асобы (15%) і каманды (0,6%).

Даследчыкі таксама прапануюць спосабы вырашэння гэтай праблемы, каб максімальна скараціць выкіды вуглякіслага газу.

Першае і галоўнае – скараціць колькасць паездак у Германію самалётамі, максімальна замяніўшы іх на цягнікі. Даследчыкі падлічылі, што калі ў 8 напрамках з іншых краін у Германію самалёт з 2 тысячамі заўзятараў замяніць цягніком (туды і назад), то можна скараціць выкіды прыкладна на 3 мільёны кілаграмаў вуглякіслага газу.

(сіні ‒ выкіды самалёта, аранжавы ‒ выкіды цягніка)

Для гэтага даследчыкі прапануюць распрацаваць міжнародныя чыгуначныя білеты для балельшчыкаў Еўра-2024, якія будуць матываваць іх выбіраць больш экалагічны від транспарту.

Акрамя таго, ініцыятывы ўключаюць:

- начныя цягнікі і/або цягнікі з перасадкамі па прывабнай цане (напрыклад, Мадрыд-Парыж-Брусэль-Берлін або Любляна/Заграб-Грац-Вена-Прага-Берлін);

- выкарыстанне альтэрнатыўных відаў паліва для самалётаў;

- калектыўнае выкарыстанне аўтобусаў і/або цягнікоў для перамяшчэння па Германіі замест самалётаў;

- камбінаваныя білеты на грамадскі транспарт для балельшчыкаў;

- прагулачныя маршруты для вялікіх груп балельшчыкаў ад апорных пунктаў да стадыёна, што дазволіць скараціць выкарыстанне асабістага транспарту;

- асобныя прамыя цягнікі для балельшчыкаў з краін-удзельніц турніру;

- парковачныя месцы каля стадыёна толькі для аўтобусаў і людзей з абмежаванымі магчымасцямі;

- аўтобусы «па запыце» на стадыён праз «спецдадатак»: цікавая сістэма, калі аўтобус па дарозе на стадыён забірае людзей, як таксі. Фактычна маршрутка, але без загадзя вызначанага маршруту;

- матывацыя выкарыстання заўзятарамі ровараў для перамяшчэння па горадзе, забеспячэнне веладарожак на асноўных маршрутах да стадыёна.

Пакуль што гэта толькі канцэпцыя. Аднак летась была магчымасць нефармальна пагутарыць з чалавекам, які займаецца арганізацыяй Еўра-2024 у Берліне, і ўжо тады ён чуў пра планы перасаджваць зборныя з самалётаў на цягнікі. Ды і ўвогуле гэта не выглядае так нерэальна.

***

Як лічыце, ці ўдасца арганізатарам ажыццявіць задуманае?

Фота: Frank Hoermann/SVEN SIMON, Maja Hitij/Getty Images Europe, Tom Weller/Sven Simon/Pressefoto Baumann, Max Ellerbrake, Norina Toenges/Keystone Press Agency, VEGARD WIVESTAD GR�TT/imago sportfotodienst, Marvin Ibo GES-Sportfoto, Nigel Keene via www.imago-images, Thomas Trutschel/PHOTOTHEK; europeanleague.football; commons.wikimedia.org; «Баварыя»; UEFA

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты