Tribuna/Футбол/Блогі/За 20 гадоў «Чэлсі» змяніў 15 трэнераў, але застаецца самай стабільнай камандай Англіі

За 20 гадоў «Чэлсі» змяніў 15 трэнераў, але застаецца самай стабільнай камандай Англіі

Ці будзе так і далей?

11 красавіка, 07:06
За 20 гадоў «Чэлсі» змяніў 15 трэнераў, але застаецца самай стабільнай камандай Англіі

«Чэлсі» – гэта ўнікальная каманда для АПЛ, бо з моманту набыцця лонданскага клуба Раманам Абрамовічам тут не адчувалі асаблівых сантыментаў да коўчаў, нават калі яшчэ ўчора «Стэмфард Брыдж» насіў іх на руках. Няхай гэта будзе «Асаблівы» Жазэ Маўрынью, эксцэнтрычны Антоніа Контэ або свой у дошку Фрэнк Лэмпард. Аднак гэтыя змены не ўплывалі на стабільнасць клуба, часам нават задавалася, што ў чым больш турбулентны момант трэнер прымае каманду, тым вышэй у яго шанцы выйграць з «Чэлсі» ЛЧ.

Хтосьці можа заўважыць, што з такім трансферным бюджэтам любы мог бы трымаць каманду ў чацвёрцы найлепшых АПЛ, але прыклады «Манчэстэр Юнайтэд» і іншых англійскіх клубаў паказваюць, што бюджэт вырашае далёка не ўсё. Не факт, што новае кіраўніцтва, што скупае гульцоў, нягледзячы на цэннікі, здолее падтрымліваць такую ж стабільнасць. Мы вырашылі параўнаць дасягненні »Чэлсі« за апошнія 20 гадоў з іншымі грандамі АПЛ. Хай выбачаюць заўзятары «Тотэнхэма» і «Лестэра», але іх клубаў тут не будзе. Мы ўзялі класічную Big 4 з 2000-х, а таксама дадалі «Ман Сіці».

Амаль у кожнай каманды з «вялікай пяцёркі» АПЛ за апошнія 20 гадоў быў або ёсць свой знакавы трэнер, які кіруе камандай доўгі час: Фергюсан, Венгер, Гвардыёла, Клоп сталі сімваламі сваіх клубаў. Адзіным выключэннем застаецца «Чэлсі», у якога за гэты перыяд адбылося аж 15 трэнерскіх прызначэнняў. Апошнім, хто трэнаваў «сініх» чатыры поўныя сезоны запар быў... Клаўдыё Раньеры, які прыйшоў яшчэ ў эпоху да Абрамовіча.

Жазэ Маўрынью заходзіў двойчы, стаў культавай персонай на «Стэмфардзе», але нават яму не ўдавалася вытрымаць больш за тры гады запар у «Чэлсі». Для кагосьці такі трэнерскі карагод можа здацца дэструктыўным, але лонданцы навучыліся знаходзіць у гэтым плюсы. Прыклады Абрагама Гранта, Раберта Ды Матэа і Томаса Тухеля, якія выводзілі свае каманды ў фінал ЛЧ, прыйшоўшы пасярод сезону, - яшчэ адно таму пацверджанне.

Два перыяды Жазэ застаюцца найбольш працяглымі ў найноўшай гісторыі «сініх». У пяцёрцы таксама Контэ, Анчалоці і Тухель. Кожны з іх браў тытулы, але пабудаваць сваю «дынастыю» так і не здолеў.

За гэты час у «МЮ» і «Сіці» адбылося па 8 трэнерскіх прызначэнняў, у «Ліверпуля» 5, а ў «Арсенала» ўсяго 4. Як бачым, «Чэлсі» апярэджвае манчэстэрскія клубы амаль у два разы, а «Ліверпуль» у тры. Але ці ўплывае гэта на вынікі?

Калі казаць пра стабільнасць, то лонданцы паказалі, што ўмеюць вельмі добра трымаць баланс. Каманда толькі тройчы выпадала з топ-4, застаючыся ў зоне ЛЧ – гэта найлепшы вынік у АПЛ за гэты перыяд. Напрыклад, «МЮ» дэманстраваў добрыя вынікі, пакуль у камандзе быў Алекс Фергюсан, а пасля гэтага манкуніянцы цэлых пяць разоў фінішавалі за межамі чацвёркі.

Заўзятары «Арсенала» ўжо пачалі прызабываць мем аб чацвёртым месцы, але ў нейкі момант нават гэта ім пачало здавацца не такім ужо і дрэнным варыянтам. З 2016 года каманда не можа фінішаваць вышэй за 5-е месца і толькі ў гэтым сезоне яны перапыняць непрыемную серыю. «Сіці» да прыходу шэйхаў не заўсёды нават у дзясятку заходзілі, а« Ліверпуль», нягледзячы на пяць фіналаў ЛЧ, толькі аднойчы станавіўся чэмпіёнам.

У манчэстэрскіх грандаў па шэсць чэмпіёнстваў, на адно больш, чым у «Чэлсі», але лонданцы бяруць свае тытулы больш раўнамерна. У 2000-х яны змагаліся супраць «МЮ», а ў «дзесятых» бралі тытул у барацьбе з «Сіці».

Для большай навочнасці мы вырашылі сабраць суму месцаў, якія займалі каманды на працягу апошніх 20 гадоў. У каго найменшая колькасць – той выступае лепш за ўсё. Так усё яшчэ лідуе «Юнайтэд», выязджаючы на базе дасягненняў вялікага Фергі, аднак адставанне «Чэлсі» ўсяго на два пункты можна растлумачыць анамальным сезонам-2015/2016, калі каманда павалілася аж на 10-е месца, а са снежня яе ўзначальваў выконваючы абавязкі трэнера Гус Хідынк.

Значна ніжэй «Арсенал» з «Ліверпулем», а «Сіці» дзякуючы сваім бесшэйхавым сезонам усё яшчэ далёка ўнізе. Нават цяперашні няўдалы для «сініх» сезон не зменіць расстаноўку сіл.

Мы ўжо згадвалі, што «Чэлсі» тройчы выходзіў у фіналы ЛЧ, прычым рабіў гэта ў трох дзесяцігоддзях. Двойчы «сінім» удавалася перамагаць, столькі ж «вушастых» за апошнія 20 гадоў з англійскіх клубаў мае толькі «Ліверпуль». Акрамя таго, «Чэлсі» атрымалася двойчы выйграць Лігу Еўропы, а рабілі гэта Бенітэс і Сары – коучы, для якіх гэта быў адзіны сезон у клубе.

Але варта заўважыць, што ўсё гэта мае сэнс, калі разглядаць мінулае кіраўніцтва каманды: Марына Граноўская, Брус Бак і Рон Гурлей вельмі нядрэнна вялі справы і бралі на сябе аперацыйнае кіраўніцтва ў клубе. Ці змогуць Тод Боўлі і Бехдад Эгбалі ўтрымаць каманду на тым жа ўзроўні – пытанне застаецца адкрытым.

Фота: DANIEL BEARHAM/Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты