Галоўная фішка «Сіці» Пепа – шыкоўная форма ў канцы сезону. «Гараджане» ужо выгрызалі так чэмпіёнства
І зараз ізноў могуць гэта зрабіць.
Адзін з самых цікавых і непрадказальных сезонаў англійскай прэм'ер-лігі выходзіць на фінішную прамую – ідзе ўжо 33-і тур чэмпіянату. Інтрыга трымаецца да апошняга, бо мы ўсё яшчэ дакладна не ведаем, хто вылеціць, хто будзе гуляць у еўракубках, хто ўвойдзе ў чацвёрку і, самае галоўнае, хто стане чэмпіёнам.
«Арсенал», які ў цэлым праводзіць выдатны сезон і сапраўды скача вышэй сваіх магчымасцяў, вельмі доўга лічылі фаварытам, але няўдалы перыяд на пачатку лютага, а таксама тры нічыіх у апошніх матчах сапсавалі становішча «кананіраў» – «Ман Сіці» ужо не проста дыхае ў спіну, але цалкам спакойна можа абыйсці лонданцаў у турнірнай табліцы (адстае на 5 ачкоў, але мае два матчы ў запасе).
Найважнейшым матчам сезона можна назваць вочную сустрэчу каманд іспанскіх трэнераў на «Этыхадзе», якая адбудзецца ў сераду, 26 красавіка.
«Ман Сіці» пад кіраўніцтвам Пепа гістарычна моцна гуляе на фінішы сезона – гэта ўжо дапамагала выгрызаць чэмпіёнства.
Многія заўзятары, журналісты і эксперты ставяць на «Сіці» ў змаганні за трафей – маўляў, у іх і вопыту ў барацьбе за чэмпіёнства больш, мацнейшы і больш стабільны склад, а таксама «гараджане» проста фантастычна гуляюць менавіта ў канцы сезона (асабліва – калі ідзе гонка за тытул). Менавіта гэта лічаць фішкай Пепа Гвардыёлы.
Успомнім толькі легендарную канцоўку надзвычай напружанага сезона-2018/19, калі «Сіці» набраў 98 ачкоў, але апярэдзіў «Ліверпуль» толькі на адзін пункт. Якраз тады ўсё вырашылася на фінішы сезона – манчэстэрцы адставалі ад мерсісайдцаў на 5 ачкоў пасля 24-га тура, але выйгралі ўсе 14 (!) наступных матчаў і заваявалі чэмпіёнства.
«Чырвоныя» за гэты ж перыяд таксама не прайгралі ні разу, але за нічыйныя вынікі ў матчах з «Вест Хэмам», «МЮ» і «Эвертанам» давялося заплаціць золатам.
Наступнай пераможнай кампаніяй для каманды Гвардыёлы стаў сезон 2020/21. У ім не было такога вар'яцкага змагання «да апошніх хвілін», але паказальны момант заключаецца ў тым, што пасля ўсё таго ж 24-га тура (зараз будзем пачынаць адлік менавіта з яго) «Сіці» апярэджваў «Юнайтэд» на 10 пунктаў, а скончыў сезон з 12-пунктовым адрывам.
«МЮ» усё ж скончыў сезон на другім радку, але ў апошніх 14 матчах 6 разоў страціў ачкі (4 нічыіх, 2 паражэнні).
Падобная сітуацыя была і пры першым чэмпіёнстве Гвардыёлы ў Англіі. У сезоне 2017/18 «гараджане» мелі «толькі» 12-ачковую перавагу над «МЮ» пасля 24-га тура, але выйгралі АПЛ з +19 над сваімі заклятымі ворагамі.
Яшчэ адзін сезон, які заўсёды будзе лічыцца адным з найцікавейшых у гісторыі, скончыўся ў маі мінулага года. «Сіці» зноў выдаў вельмі нядрэнны фініш (толькі 1 паражэнне), але чэмпіёнства з перавагай у адно ачко ім гарантавалі перамогі на больш ранняй стадыі сезона.
«Ліверпуль» адставаў ад «Сіці» на 6 ачкоў перад 25-м турам (па страчаных), але атрымаў 40 з 42 магчымых ачкоў у апошніх 14 матчах сезона – праўда, нават гэтага аказалася недастаткова.
У гэтым сезоне гісторыя паўтараецца – «Сіці» яшчэ ні разу не прайграў пасля 24-га тура і набраў столькі ж пунктаў, колькі і «Арсенал», які згуляў на 2 матчы больш
Фанаты «Арсенала» (і, магчыма, многіх іншых англійскіх клубаў) усё яшчэ вераць у «кананіраў», але «Манчэстэр Сіці» працягвае адпавядаць традыцыі і праводзіць моцную канцоўку сезона.
Падапечныя Гвардыёлы яшчэ ні разу не прайгралі пасля 24-га тура і набралі ўжо столькі ж пунктаў, колькі і лонданскі клуб, які згуляў на 2 матчы больш.
Змаганне за чэмпіёнства ў АПЛ абяцае быць цікавай яшчэ ў кантэксце таго, што «Сіці» працягвае выступленне ў Лізе чэмпіёнаў, а таксама выйшаў у фінал Кубка Англіі. У чэмпіянаце «гараджане», акрамя «Арсенала», яшчэ згуляюць з «Фулхэмам», «Вест Хэмам», «Лідсам», «Эвертанам», «Чэлсі», «Брайтанам» і «Брэнтфардам».
Фанаты манчэстэрцаў асцерагаюцца, што на першы план рана ці позна выйдзе стомленасць, але, па словах Гвардыёлы, які часта і высокаякасна прымяняе ратацыю, «думкі цалкам кантралююць тваё цела. Калі ты кажаш сабе: «Я не стаміўся. Я гатовы згуляць у фінале Кубка Англіі» – з табой усё ў парадку. Але калі ты думаеш: «Ох, згуляць у Лізе чэмпіёнаў або супраць «Арсенала« было б цікавей», то, вядома, будзеш стомлены».
У каманды Мікеля Артэты не толькі няма такога кадравага патэнцыялу, як у Пепа, але і каляндар на астатні сезон не менш сур'ёзны. Пасля «Сіці» будуць матчы з «Чэлсі», «Ньюкаслам», «Брайтанам», «Нотынгемам» і «Вулвз».
***
Так што яшчэ раз: хто ўсё ж такі стане чэмпіёнам АПЛ у гэтым сезоне – «Арсенал» ці «Манчэстэр Сіці»?
Фота вокладкі: Michael Regan/REUTERS