Tribuna/Футбол/Блогі/Экс-прэзідэнта «Севільі» асудзілі да 7 гадоў. Цяпер ён хоча вярнуцца ў клуб – і для гэтага пайшоў супраць сына

Экс-прэзідэнта «Севільі» асудзілі да 7 гадоў. Цяпер ён хоча вярнуцца ў клуб – і для гэтага пайшоў супраць сына

Думалі, іх сезон такі дрэнны?

Аўтар — Бона Сфорца
12 траўня, 15:57
Экс-прэзідэнта «Севільі» асудзілі да 7 гадоў. Цяпер ён хоча вярнуцца ў клуб – і для гэтага пайшоў супраць сына

«Севілья», мабыць, галоўнае расчараванне сезона Ла Лігі. Клуб, які летась доўгі час навязваў барацьбу «Рэалу» за чэмпіёнства, у гэтым сезоне змагаўся за выжыванне. На цяпер каманда крыху стабілізавала сітуацыю – адарвалася ад небяспечнай зоны на 10 пунктаў (і яшчэ трох не хапае да еўракубкаў). Гэтага ўдалося дасягнуць з дапамогай ажно трох трэнераў – пачаў сезон Хулен Лапетэгі, працягнуў Хорхе Сампаолі, канчае Хасэ Луіс Мендзілібар.

Адзінае добрае, што здарылася з «Севільяй», – традыцыйны «забег» у Лігу Еўропы, куды яны вылецела з Лігі чэмпіёнаў. У паўфінале каманда гуляе з «Ювентусам» (у першым матчы ў гасцях атрымалася зрабіць 1:1).

Але калі вы думаеце, што ўсё ўжо дастаткова дрэнна, не хвалюйцеся: экс-прэзідэнт «Севільі», які выйшаў з турмы некалькі гадоў таму, цяпер судзіцца з сынам, каб узначаліць клуб.

Зараз растлумачым.

Бацька – экс-прэзідэнт «Севільі», асуджаны да 7 гадоў. Сын павінен быў замяніць яго і вярнуць пасаду, але нешта пайшло не так

Перадгісторыя. З 2002 па 2013 гады прэзідэнтам «Севільі» быў Хасэ Марыя дэль Ніда. Менавіта пад яго кіраваннем клуб дасягнуў статусу аднаго з самых магутных пасля тройкі найлепшых – і разам з ім узяў першыя два Кубкі УЕФА.

Дэль Ніда другі злева

Аднак у снежні 2013-га ён падаў у адстаўку. Гэта не было добраахвотнае рашэнне – проста дэль Ніда павінен быў сесці ў турму. Яшчэ ў 2011 годзе яго асудзілі да 7,5 гадоў пазбаўлення волі па справе пра карупцыю ва ўрадзе горада Марбельі, у якой ён быў суўдзельнікам.

Суперкаротка: дэль Ніда працаваў адвакатам і атрымаў сумнеўныя выплаты на агульную суму 6,7 мільёнаў еўра ў перыяд з 1999 па 2003 год. А ў 2013 годзе Вярхоўны суд пацвердзіў прысуд з дапаўненнямі – скараціў тэрмін на паўгода. Вось і давялося звольніцца.

El Confidencial сцвярджае, што ў той час было заключанае негалоснае пагадненне. Пакуль Дэль Ніда-старэйшы адбывае тэрмін, клубам кіруе яго правая рука Хасэ Кастра і сын Хасэ Марыя Дэль Ніда. Калі Дэль Ніда-старэйшы вызваляецца з турмы, яму вяртаюць клуб.

Аднак Кастра і дэль Ніда-малодшы вельмі добра прыжыліся ў клубе і перадумалі вярнуць клуб. Больш за тое, калі дэль Ніда-старэйшы, адседзеўшы тры гады, выйшаў з турмы, сын і Кастра прынялі захады, каб юрыст, чыя кампанія валодае большасцю акцый клуба, не вярнуўся ў яго кіраванне. Праз гэта Ніда-старэйшы нават не мае права голасу на сходах акцыянераў.

Дэль Ніда-старэйшы звярнуўся ў суд, каб вярнуць права голасу - саступіў, але здавацца не збіраецца

Гэты сезон стаў ідэальнай магчымасцю для дэль Ніда-старэйшага вярнуць кантроль. Заўзятары праз вынікі пачалі патрабаваць адстаўкі Хасэ Кастра.

Хасэ Кастра

На сходзе акцыянераў 57% удзельнікаў прагаласавалі супраць зацвярджэння фінансавай справаздачнасці Кастра і агульнага кіраўніцтва ў сезоне 2021/22. Пры гэтым дэль Ніда-старэйшы разлічваў на прызначэнне – але яму не далі нават права голасу.

«Я быў перакананы, што 29 снежня стану прэзідэнтам, але мне не далі», — казаў ён у сакавіку.

Дэль Ніда-старэйшы падаў у суд і запатрабаваў, каб Кастра і дэль Ніда-малодшага выключылі з савета дырэктараў і замянілі іх незалежнай даверанай асобай, якая арганізуе новы сход акцыянераў. Гэта, як і было прадказальна, не спадабалася Кастра: «Шкада, што мы ўвесь час павінны быць у судах. Мне шкада, што клуб пераследуе апантанасць спадара дэль Ніды [старэйшага] быць прэзідэнтам «Севільі», гэта не дапамагае клубу ў цэлым».

Суд, аднак, адхіліў просьбу дэль Ніды-старэйшага пра прызначэнне ўпаўнаважанага. Суддзя спаслаўся на тое, што ён не прадставіў пераканаўчых доказаў юрыдычнай шкоды ад часоў, калі Кастра ўзначальваў клуб, а таксама сувязі паміж дзеяннямі Кастра і фінансавым становішчам.

Дэль Ніда-старэйшы падаў апеляцыю, таму гісторыя яшчэ далёкая ад завяршэння.

Фота: IMAGO, Joaquin Corchero/Global Look Press, El Espanol

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты