Tribuna/Футбол/Блогі/Цяперашняя дынастыя «Рэала» – наймацнейшая ў гісторыі еўракубкаў. Модрыч, Кроас і Бензема гатовыя яшчэ раз задушыць пераможным менталітэтам

Цяперашняя дынастыя «Рэала» – наймацнейшая ў гісторыі еўракубкаў. Модрыч, Кроас і Бензема гатовыя яшчэ раз задушыць пераможным менталітэтам

Галоўная сіла Мадрыда.

Аўтар — Бона Сфорца
17 траўня 2023, 05:26
1
Цяперашняя дынастыя «Рэала» – наймацнейшая ў гісторыі еўракубкаў. Модрыч, Кроас і Бензема гатовыя яшчэ раз задушыць пераможным менталітэтам

Калі ў 2018 годзе ў Кіеве Серхіа Рамас падняў над галавой кубак Лігі чэмпіёнаў, здавалася, што мы сталі сведкамі апошняй перамогі вялікай мадрыдскай дынастыі. Чатыры Лігі чэмпіёнаў за пяць гадоў – амаль недасягальны ўзровень. У гісторыі КЕЧ было толькі тры такія каманды: «Аякс» і «Баварыя» ў 1970-я гады і сам «Рэал» у 1950-я, калі «вяршковыя» выйгравалі ажно пяць кубкаў запар.

Ці можна ўявіць сабе, што з цяперашняй канкурэнцыяй паміж клубамі і напружаным календаром еўракубкаў зноў з'явіцца каманда, дзе гульцы маюць па пяць галоўных трафеяў і сур'ёзна імкнуцца да шостага? Але «Рэал» узламаў сістэму – і пабудаваў наймацнейшую футбольную дынастыю ў гісторыі еўракубкаў.

«Рэал» дамінуе ў самым канкурэнтным асяроддзі

Параўнанне каманд розных эпох заўсёды вельмі абстрактны занятак, але ў выпадку з мадрыдскім «Рэалам» ёсць даволі канкрэтныя аргументы. Перш за ўсё, гэта банальная колькасць трафеяў, з якой вельмі складана спрачацца. 5 перамог за 8 гадоў і тры перамогі запар у Лізе чэмпіёнаў гавораць самі за сябе.

«Барселона» Кройфа адолела толькі два фіналы (але не запар), адзін з якіх стаў пераможным. «Юве» Марчэла Ліпі тройчы запар праходзіў у фiнал, але толькі адзін «вушасты» трапіў у клубны музей. Мадрыдскаму «Рэалу» Дэль Боске, «Мілану» Анчалоці і «Барсе» Гвардыёлы таксама не хапала такой стабільнасці, хоць яны выйгравалі тытулы. У адным сезоне, вядома, можна сустрэць каманды, якія былі ярчэйшымi за мадрыдцаў, але ніводнаму клубу не ўдалося паставiць перамогi на паток.

Акрамя таго, не варта забываць пра канкурэнтную абстаноўку, у якой былі заваяваныя трафеі. Каб выйграць Лігу чэмпіёнаў, цяпер трэба згуляць амаль удвая больш матчаў, чым трэба было для перамогі ў КЕЧ. А сапраўды моцныя супернікі пачыналіся на стадыі 1/4, а то і ў паўфінале. Напрыклад, у 1950-х гадах мадрыдскі «Рэал» павінен быў абыграць «Жэнес» з Люксембурга, французскую «Ніцу», заклятых ворагаў з «Барселоны» і паўпрафесійны «Айнтрахт» ў фінале, каб выйграць сваю апошнюю з пяці Ліг чэмпіёнаў УЕФА ў 1950-я гады.

Зараз перад пачаткам кожнай Лігі чэмпіёнаў ёсць з дзясятак клубаў, якія ўсур’ёз плануюць пазмагацца за трафей, і столькі ж каманд з другога эшалона, гатовых паставiць падножку. У 2000-х у самога «Рэала» было шэсць сезонаў запар, калі каманда не магла прайсці далей за 1/8 Лігі чэмпіёнаў, выбываючы нават ад «Ромы» і «Ліёна». Але ў нейкі момант мадрыдцы навучыліся даводзіць такія супрацьстаянні да аўтаматычнай перамогі.

Дасягненні «Рэала» тым больш унікальныя, што яны адбываюцца ў эпоху, калі «вяршковыя» больш не з’яўляюцца адзінай камандай у Еўропе, якая можа дазволіць сабе выставіць каманду «галактыкас». Адрыў АПЛ ад астатняй Еўропы толькі расце, «ПСЖ» не толькі не адпускае Мбапэ, але і збірае вакол зорную банду. Нягледзячы на ​​ўсё гэта, «Рэал» застаецца ідэальным еўракубкавым байцом, які не крытычна залежыць ад асобных людзей.

Галоўны козыр – пераможны менталітэт

Спадчына гэтага «Рэала» будзе ляжаць у галіне псіхалогіі. У слоўніку англiйскіх слэнгавых выразаў Urban dictionary ўжо ёсць тэрмін «92:48» – час, калі Серхіа Рамас забіў эквалайзер у фiнале ЛЧ-2014 у вароты «Атлетыка». Гэтыя лічбы на табло сталі сярод мадрыдскіх заўзятараў сімвалам веры ў перамогу да апошняга. Тады «Рэал» атрымаў запаветную «дэсiму», дзясяты тытул у Лізе чэмпіёнаў, і пачаў цыкл, які працягваецца дагэтуль.

Калі ўзгадаць вырашальныя матчы мадрыдскага «Рэала» ў Лізе чэмпіёнаў, можна знайсці шмат момантаў, калі ўсё магло пайсці не так: дзікія прывозы галкіпераў Ульрайха і Карыуса, спрэчныя рашэнні Олівера і Кашаi, фірмовыя познія галы Рамаса і многае іншае. Але трэба прызнаць, што «Рэал» як ніхто іншы ўмее балансаваць на краі прорвы. Сіла «Мадрыда» ў тым, што ён прымушае суперніка сумнявацца ва ўласных сілах – і ў выніку цісне.

Вядома, не кожны можа вытрымаць такі ціск на працягу сваёй кар'еры.

«Калі мы выйгравалі Лігу чэмпіёнаў, заўзятары казалі: «Выдатна, цяпер наступны». Часам мне хочацца, каб у мяне была спецыяльная кнопка, каб спыніцца і адзначыць свае поспехі. Я выйграў чатыры Лігі чэмпіёнаў, але мне захацелася чагосьці іншага», – успамінаў Рафаэль Варан сваё знаходжанне ў Мадрыдзе.

У свой час Зідан нават прыцягнуў у каманду адмысловага чалавека, які адказваў за псіхалогію – ураджэнца Каморскіх выспаў, які выцягнуў з дэпрэсіі памочніка Зідана Давіда Беттоні. У мінулым годзе Томас Мюлер казаў, што для зборнай Германіі арыенцірам з'яўляецца «Рэал», які заўсёды верыць у сваю перамогу, якой бы складанай ні была сітуацыя.

Апошні танец Кроаса, Модрыча і Бензема як тых, хто цягне наперад

Маладое пакаленне мадрыдцаў (Радрыга, Вінісiус, Вальвердэ) ужо атрымала ін'екцыю пераможнага менталітэту ад ветэранаў. «Рэал» праводзіць паказальную змену пакаленняў, застаючыся верным свайму стылю.

Велізарная роля ў гэтым належыць сенатарам каманды: Модрычу, Кроасу і Бензема. Для кожнага з іх гэты сезон, хутчэй за ўсё, стане апошнім, калі яны будуць граць вядучыя ролі ў «Рэале». У іх заканчваюцца кантракты, Чуамені ўсё гучней грукаецца ў аснову, вось-вось прыедзе Белінгем, а Бензема ўсё часцей турбуюць траўмы. Сам клуб зацікаўлены ў змене пакаленняў. І хаця няма ніякіх сумненняў у тым, што тройка ветэранаў будзе ў камандзе ў наступным сезоне, Мадрыд вельмі хоча, каб залежнасць ад іх паступова змяншалася.

Яны яшчэ могуць многае даць на полі, але ў далейшым, хутчэй за ўсё, будуць матываваць і дзяліцца вопытам з новым пакаленнем лідараў у складаныя моманты сезона. Пакуль менавіта яны працягваюць рабіць псіхалагічную розніцу ў Мадрыдзе. «Паненка» Бензема ў паўфінальным матчы супраць «Сіці» ў мінулым сезоне выдатна даказала, што «Рэал» быў на вышэйшым ментальным узроўні, чым супернік. Задача ветэранаў – каб «вяршковыя» заставаліся маральна моцнымі і пасля іх сыходу.

***

Многія каманды Еўропы спрабавалі паўтарыць шлях Фларэнтына Перэса, купляючы наймацнейшых футбалістаў, але ні адной не ўдалося дасягнуць яго вышынь. Пакуль у сваёй велічы цяперашні «Рэал» спаборнічае толькі з аднаклубнікамі з 1950-х гадоў, а перад Фларэнтына стаіць толькі постаць самога Сант'яга Бернабеу.

Фота: Julius Frick/Global Look Press, Mutsu Kawamori/Global Look Press, HORSTMUELLER/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты