Tribuna/Футбол/Блогі/🏆 «Манчэстэр Сіці» – 9-кратны чэмпіён Англіі! Татальнае дамінаванне ў апошнія шэсць сезонаў

🏆 «Манчэстэр Сіці» – 9-кратны чэмпіён Англіі! Татальнае дамінаванне ў апошнія шэсць сезонаў

Афiцыйна.

Аўтар — bytribuna com
20 траўня, 22:00
🏆 «Манчэстэр Сіці» – 9-кратны чэмпіён Англіі! Татальнае дамінаванне ў апошнія шэсць сезонаў

Лёс тытула ў АПЛ сезона-2022/23 нечакана вырашыўся ў суботу – яшчэ да матча «Манчэстэр Сіці» супраць Чэлсі. Справа ў тым, што «Арсенал» нечакана прайграў у гасцях «Нотынгему», які да гэтага тура яшчэ вёў барацьбу за выжыванне. Гол Тайва Авоньі на 19-й хвіліне быў пераможным для гаспадароў. «Форэст», такім чынам, забяспечылі сабе месца ў АПЛ на наступны сезон, а «кананіры» страцілі нават матэматычныя шанцы на чэмпіёнства. У іх 81 ачко і толькi адзiн матч наперадзе, у той час як у «Сіці» 85 балаў.

Гэта другая крутая навіна для каманды Пепа Гвардыёлы на гэтым тыдні. Праз тры дні пасля фенаменальнага паўфіналу ЛЧ супраць «Рэала» манчэстэрскі клуб афіцыйна стаў 9-кратным чэмпіёнам Англіі! Пятае чэмпіёнства за шэсць гадоў і трэцяе запар.

Некалькі цікавых фактаў пра новы тытул «гараджан»:

🔷 у іх найлепшая атака сезона – 92 галы за 35 матчаў (2,62 за гульню);

🔷 у іх найлепшая абарона сезона – 31 прапушчаны (0,88 за гульню);

🔷 у іх больш за ўсё перамог у сезоне – 27 (і наперадзе яшчэ тры матчы);

🔷 нягледзячы на датэрміновае афармленне чэмпіёнства, «Сіці» быў на першым радку ўсяго 7 тураў у сезоне;

🔷 манкуніянцы ідуць на 11-матчавай пераможнай серыі. У апошні раз яны гублялі ачкі ў матчы супраць «Нотынгема» – 18 лютага.

Для Пепа гэта пятае чэмпіёнства ў Англіі і дванаццатае ў трэнерскай кар'еры. Толькі ў сезонах-2016/17 і -2019/20 іспанскі спецыяліст не змог перамагчы ў чэмпіянаце. Акрамя гэтага, Пеп зараз дзеліць 4-е месца па чэмпіёнскіх тытулах у Англіі (з Басбі і Уотсанам). На першым месцы Алекс Фергюсан – 13 чэмпіёнстваў.

У «Манчэстэр Сіці» татальнае дамінаванне ў АПЛ за апошнія 6 гадоў. І справа не толькі ў чэмпіёнстве. «Гараджане» могуць у чацвёрты раз за апошнія шэсць сезонаў завяршыць чэмпіянат, маючы 90+ ачкоў. Цяпер іх 85, але наперадзе тры матчы.

А калі падлічыць усе ачкі ў АПЛ з сезона-2017/18, то «Сіці» ідзе з вялікім адрывам – за 45 ачкоў ад другога «Ліверпуля», у 23 перамогах ад тых жа мерсісайдцаў.

Застаецца адно пытанне: ці ўдасца «Сiцi» аформіць трэбл?

Фота: Ian Stephen/Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты