Tribuna/Футбол/Блогі/Маўрынью варты захаплення. Яго футбол памірае, але Жазэ ўсё роўна побач з трафеямі

Маўрынью варты захаплення. Яго футбол памірае, але Жазэ ўсё роўна побач з трафеямі

Асаблiвы.

Аўтар — Бона Сфорца
31 траўня, 11:46
Маўрынью варты захаплення. Яго футбол памірае, але Жазэ ўсё роўна побач з трафеямі

Фінал Лігі Еўропы цікавы перш за ўсё сваёй магіяй – «Севілья» ў гэтым турніры выглядае атлантам, якога немагчыма зрушыць з месца, а супернікі самі ў гіпнатычным трансе кідаюцца ў жарало вулкана побач, каб іспанцы маглі падняць гэты трафей зноў і зноў.

Гэта ўжо сёмы фінал для «Севільі» тут з 2006 года – і папярэднія шэсць яны выйгралі. Дык што можа пайсці не так?

Увечары 31 мая iспанцы сутыкнуцца з магіяй галоўнага трэнера суперніка.

Жазэ Маўрынью мае амаль такую ж статыстыку ў еўракубках – у пяці папярэдніх фіналах партугалец таксама заўсёды выходзіў пераможцам. Ваша карта нашу не б’е, шукайце іншыя выйсці.

І менавіта пра гэта хочацца сказаць больш, чым пра саму гульню «Севілья» – «Рома». Бо мы прыкладна разумеем, што там будзе адбывацца. Іспанцы захопяць ініцыятыву і будуць метадычна шукаць праломы ў абароне «Ромы», якая будзе пабудаваная па ўсіх канонах абарончага мастацтва 2000-х. Таго мастацтва, якое апошнія гады незваротна памірае на фоне трыумфу атакi. Прэсінг, контрпрэсінг, ілжывыя дзявяткі змяніліся ілжывымі крайнімі абаронцамі, а на брамнікаў без ідэальных перадач на 40+ метраў ужо ад пачатку глядзяць крывым вокам.

Так, футбол зрабіў значны крок наперад, калі параўноўваць яго з футболам дваццацігадовай даўніны. Гэта абсалютна натуральны працэс: гульня 1970-х сапраўды гэтак жа моцна адрознівалася ад гульні 1990-х – і гульні 1950-х. Прагрэс яшчэ нікому не ўдавалася спыніць – а тыя, хто адмаўляўся яму падпарадкоўвацца, звычайна даволі хутка заставаліся на абочыне гісторыі.

І менавіта таму Маўрынью варты захаплення. Ён свядома адмовіўся мяняцца, але ўсё роўна трымаецца ў гэтым бізнесе. На зубах, на нейкай ірацыянальнай веры ў свае сілы. І не проста трымаецца, а зноў за крок ад перамогі ў чарговым еўракубку. Дык як жа табе гэта ўдаецца, Жазэ?

Гульня «Ромы» супраць «Баера» – квінтэсенцыя ўсіх негатыўных для нейтральных балельшчыкаў бакоў партугальца. Аўтобус, які ён умела будаваў супраць «Барселоны» сваім «Інтэрам» у 2010-м, змяніў фарбы з чорна-сініх на жоўта-чырвоныя і прыпаркаваўся каля варот у Леверкузене. Немцы з сучасным, вельмі прагрэсіўным трэнерам Хабі Алонсам нанеслі 23 удары супраць 1 у «Ромы». Але атрымалi вынiк 0:0 – мабыць, самыя заслужаныя, якія можна было бачыць у апошнія гады.

Нікому не будзе патрэбная гэтая статыстыка, калі рымляне зноў выйграюць еўракубак. І нават калі ў фінале яны будуць гуляць у гэты ж футбол.

Маўрынью ўсё яшчэ той жа, якім быў у 2010-12 гадах. Ужо не такі напышлівы, як на старце кар’еры, але такі ж адданы выніку і гіперэмацыйны. Гэта нават не заўсёды абавязкова павінна быць абарона, хаця гэтая «Рома» наўрад ці гатовая прадэманстраваць нешта новае і сучаснае, каб канкурыраваць з топ-клубамі. Толькі вар’яцкая прага перамогі ў сапраўды важных матчах. З такім футболам Жазэ ўжо немагчыма змагацца за перамогу ў лізе – але ўсё яшчэ магчыма тварыць гісторыю ў кубкавых турнірах.

І калі на стыку пазамінулага і мінулага дзесяцігоддзяў такі Жазэ недзе раздражняў і нават злаваў, то зараз хочацца, каб ён затрымаўся даўжэй. Ён самім сваім існаваннем ля вяршынь уносіць хаос у сучасны топавы футбол з усім яго лоскам і нават крыху нуднай ўзаемапавагай адзін да аднаго. Стары настаўнік ужо забытага баявога мастацтва, да якога ніхто ўжо не жадае ісці вучыцца, але які працягвае пісаць пажоўклымі крэйдамі на патрапанай дошцы спіс сваіх трафеяў і перамог.

І яшчэ адно параўнанне.

Чыя трэнерская кар’ера лепшая – у Жазэ Маўрынью або Пепа Гвардыёлы? Гвардыёла супраць Маўрынью – гэта як The Beatles супраць The Rolling Stones. Гвардыёла, як і бітлы, мае значна лепшую глыбіню і маштабнасць, больш стабільнасці і інавацый. Але найлепшыя моманты музыкі The Rolling Stones і моманты кар’еры Маўрынью могуць захапiць больш, чым у апанентаў.

Просты ж адказ відавочны – Гвардыёла, вядома, лепшы. Але іх супрацьстаянняў на піку ўсё роўна не хапае. Суперкубкі Еўропы апошнія гады былі не надта цікавымі, але калі ўлетку адбудзецца матч паміж Гвардыёлай і Маўрынью, то такое прапускаць будзе футбольным злачынствам.

Для гэтага абодвум засталося зрабiць па адным кроку.

Фота: Globallookpress.com/Federico Gambarini/dpa, imago sportfotodienst

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты