Месі растлумачыў, чаму не вярнуўся ў «Барсу». Клуб адказаў так, што цяпер Леа дакладна не шкадуе
Лапорта у сваім стылі.
Адна з галоўных саг года атрымала адносна хуткую развязку. Яшчэ тыдзень таму да канца не было вядома, ці застанецца Ліянель Месі ў «ПСЖ», потым, калі стала вядома, што Парыж у мінулым, з'явіліся чуткі пра Саудаўскую Аравію, а таксама старыя варыянты з «Барселонай» і «Інтэрам» Маямі. Здавалася, што гэта зацягнецца не менш, як на некалькі тыдняў, але 7 чэрвеня сам Месі абвясціў, што зрабіў выбар – ён едзе ў МЛС.
«Я не вяртаюся ў «Барселону», я пераходжу ў «Інтэр» Маямі», – сказаў 35-гадовы аргентынец у каментары MD.
А клуб анансаваў трансфер у сваіх сацыяльных сетках.
Паралельна з гэтым выйшла інтэрв'ю Ліянеля выданням Mundo Deportivo і Sport, у якім ён патлумачыў, чаму адмовіўся ад вяртання ў «Барселону».
Баяўся, што паўторыцца гісторыя 2-гадовай даўнасці, «Барса» пажадала поспеху, Лапорт зразумеў жаданне гуляць «у лізе з меншымі патрабаваннямі»
«Я сачыў за «Барселонай» увесь год. Хацеў, каб яна выйграла чэмпіянат, нават шмат размаўляў з Хаві пасля матчаў. Так, гэта праўда, што я вельмі чакаў вяртання ў «Барселону». Але я не хацеў перажываць тую самую сітуацыю і чакаць, каб убачыць, што адбудзецца. Я не хацеў пакідаць сваю будучыню ў руках іншых. Мне хацелася прыняць уласнае рашэнне, думаючы пра сабе, пра сям'ю.
Я чуў, што Ліга зацвердзіла ўсё, але шмат чаго яшчэ не хапала. Чуў, што клуб павінен быў прадаваць гульцоў ці паніжаць ім заробкі. Праўда ў тым, што я не хацеў праходзіць праз гэта – браць на сябе адказнасць або мець якое-небудзь дачыненне да ўсяго гэтага.
За час маёй кар'еры ў «Барселоне» мяне ўжо абвінавачвалі ў шматлікіх рэчах, якія не былі праўдай. Я ўжо крыху стаміўся ад гэтага, не хацеў перажываць усё нанова. Калі я сыходзіў з «Барсы», тады таксама казалі, што Ла Ліга ўсё прыняла, але ў выніку нічога не ўдалося. Баяўся, што ўсё паўторыцца. Я б з задавальненнем вярнуўся, але хачу крыху больш думаць пра сям'ю. Вось чаму «Барселона» не адбылася.
Самая важная прычына – прыняць сваё рашэнне, не чакаць, не рызыкаваць, каб паўтарылася гісторыя 2-гадовай даўнасці. Дасягнуўшы ўсяго і выйграўшы чэмпіянат свету – я шукаў крыху спакою.
Цяпер клуб не ў стане сказаць мне, што вяртанне на 100% магчыма. Ёсць людзі ў клубе, якія не жадаюць, каб я вяртаўся. Ці не хацелі, каб я застаўся. Маўляў, гэта нядобра для клуба», – сказаў Месі.
Рэакцыя «Барселоны» была аператыўнай – на афіцыйным сайце клуба з'явіўся зварот з нагоды падзеі.
«Барселона» жадае Ліянелю Месі поспехаў у яго новым прафесійным этапе.
Жаан Лапорта і Хорхе Месі пагадзіліся супрацоўнічаць, каб заўзятары «Барсы» змаглі належным чынам развітацца з футбалістам.
5 чэрвеня Хорхе Месі, бацька і прадстаўнік гульца, паведаміў прэзідэнту клуба Жаану Лапорце пра рашэнне Леа далучыцца да «Інтэра» Маямі, нягледзячы на тое, што яму была прадстаўленая прапанова ад «Барсы» з улікам узаемнага жадання клуба і Ліянэля, каб гулец ізноў надзеў сіне-гранатавую футболку.
«Лапорта зразумеў і паважае рашэнне Месі выступаць у лізе з меншымі патрабаваннямі, як мага далей ад цэнтра ўвагі і ціску, якому ён падвяргаўся ў апошнія гады», – гаворыцца ў заяве клуба.
Вам таксама падалося, што вось гэтай «лізе з меншымі патрабаваннямі» клуб быццам паспрабаваў укалоць аргенцінца? Не толькі вам. А ў каментарах ў інстаграме «Барселоны» заўзятары разносяць кіраўніцтва каталонскага клуба.
«Проста катастрофа, якое расчараванне бачыць, як яны не толькі не змаглі падпісаць Месі, найлепшага футбаліста, які пакінуў клуб, яны яшчэ і не змаглі падпісаць гульца, вольнага і гатовага вярнуцца! Не хлусіце гэтымі паведамленнямі, толькі ваша некампетэнтнасць і неэфектыўнасць адказныя за гэта. Якімі злымі мы адчуваем сябе», – гаворыцца ў адным з самых папулярных каментароў пад пастом.
Напружаныя адносіны паміж кіраўніцтвам і гульцом – не навіна. Інсайдэры даўно паведамлялі, што адной з прычын, якая спыняе Ліянэля на шляху да вяртання ў сталіцу Каталоніі, было тое, што ля руля клуба знаходзіцца Лапорта. Увесну адбыўся скандал з братам Месі, які выказаўся, што калі Леа вернецца ў Барселону, то там не будзе Лапорты.
Што яшчэ распавёў Месі
Аднак інтэрв'ю падарыла яшчэ некалькі яркіх каментароў Месі па розных пытаннях.
Пра перамовы з «Барсай» і стасункі з Лапортам:
«Я размаўляў з Жаанам Лапортам максімум адзін-два разы. У асноўным зносіны ішлі праз Хаві. Мы казалі пра тое, ці сапраўды ён хоча, каб я вярнуўся, ці будзе гэта карысна для каманды і для яго самога».
Пра сыход з «Барселоны» 2021-га:
«Цяжкае рашэнне. Мы з сям'ёй жылі ў ілюзіі таго, што здолею застацца ў Іспаніі: я трэніраваўся, дзеці хадзілі ў школу, я меў свой распарадак. У ноч перад падпісаннем новага кантракту мне сказалі, што заключыць яго немагчыма, і я мушу пакінуць клуб. Прыйшлося спешна прымаць рашэнне пра пераход ў іншы клуб і праходзіць праз усё, што мы прайшлі.
Гісторыя з «Барселонай» – гэта крывацечная рана? Трохі так. Праз тое, што не змог развітацца з заўзятарамі, як хацелася б. Мне здаецца, я заслужыў гэта.
Хтосьці мог бы падумаць, што я дрэнны хлопец з фільма - не хацелася выглядаць такім, усё было не так. Таму я хацеў развітацца з людзьмі, якія жылі клубам, шмат з ім пераадолелі».
Пра падпісанне Ферана Торэса за 55 мільёнаў пасля таго, як Леа пакінуў «Барселону»:
«Я быў трохі злы, таму што ў мяне не было магчымасці застацца, а клуб неўзабаве пачаў заключаць угоды. Але на той момант клуб ужо разумеў, што можа сабе гэта дазволіць. Праз два гады я гэта зразумеў і змірыўся, больш пра гэта не думаю. Калі гэта адбылося, значыць, усё павінна было адбыцца менавіта так».
Пра перыяд у «ПСЖ»:
«Змешаныя пачуцці. Першы год быў вельмі складаным з шэрагу прычын. У першай палове другога сезона я адчуваў сябе вельмі добра, мне было вельмі камфортна ў гэтым клубе, у гэтым горадзе. У нашай сям'і ўсё было добра.
У сярэдзіне сезона – чэмпіянат свету, гэта ў той ці іншай ступені закранула ўсе каманды. Я спадзяваўся на другі фініш, але ўвогуле гэта былі цяжкія два гады. Цяпер яны ззаду.
Рашэнне пакінуць Парыж было прынята не мной адным, а ўсёй сям'ёй. Яны ўжо адаптаваліся ў горадзе, у дзяцей сябры ў школе, цяпер цяжка разлучацца».
Фота: Marc Gonzalez Aloma/Global Look Press, Mutsu Kawamori/Global Look Press