Tribuna/Футбол/Блогі/У Месі кантракт узроўня Бэкхэма: частка прыбытку ад Apple і Adidas, зможа купіць долю клуба, на заробак скінуцца і супернікі

У Месі кантракт узроўня Бэкхэма: частка прыбытку ад Apple і Adidas, зможа купіць долю клуба, на заробак скінуцца і супернікі

Але дэбютуе ў дамашнім матчы МЛС ажно ў канцы жніўня.

9 чэрвеня, 06:49
У Месі кантракт узроўня Бэкхэма: частка прыбытку ад Apple і Adidas, зможа купіць долю клуба, на заробак скінуцца і супернікі

Ліянэль Месі знайшоў новы клуб па завяршэнні кантракту з «ПСЖ». Цяпер аргенцінец – гулец клуба МЛС «Інтэр» Маямі. Пра гэта Леа заявіў сам:

«Я не вяртаюся ў «Барселону», я пераходжу ў «Інтэр» Маямі. Рашэнне пацверджана на 100 працэнтаў. Калі б справа была ў грошах, я б паехаў у Саудаўскую Аравію ці яшчэ куды-небудзь. Праўда ў тым, што маё канчатковае рашэнне залежыць ад іншага, а не ад грошай».

Зрэшты, грошай Месі таксама заробіць дастаткова – хай менш, чым мог бы ў «Аль-Хілалі».

Дэталі кантракта: працэнт даходаў ад Apple і Adidas, Месі хацеў у клуб з патэнцыйным валоданнем яго доляй

Дакладныя сумы заробкаў Месі пакуль не называюць – але ўжо раскрылі некаторыя дэталі яго пакуль канчаткова не заключанага пагаднення.

The Athletic распавёў, што МЛС і Apple абмяркоўвалі прапанову Месі выплачваць частку прыбытку, які прынясуць новыя падпісчыкі на MLS Season Pass на Apple TV+, эксклюзіўнага транслятара лігі.

У ЗША месячная падпіска каштуе 13-15 долараў у месяц, гадавая (на ўвесь сезон) каштавала 79-99 долараў, у залежнасці ад таго, ці ёсць у вас падпіска на Apple TV+. Калі вы захочаце дапамагчы Месі зарабляць больш менавіта з Беларусі, то ў вас не атрымаецца. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі Apple абмежаваў асобныя сэрвісы для нашай краіны (мяркуючы па ўсім, падпіска на МЛС патрапіла ў іх лік). Але да прыкладу ва Украіне вам давядзецца выкласці ад 16 долараў за месяц да 49 за паўгода.

Акрамя таго, МЛС і Месі маюць агульнага партнёра Adidas. Кампанія і ліга – партнёры з часоў яе заснавання ў 1996 годзе, і ў гэтым годзе ўзгаднілі супрацу да 2030-га. Adidas «апранае» ўсе 29 клубаў МЛС і дае афіцыйны мяч турніру. З Ліянелем кампанія супрацоўнічае з 2006-га і спыняцца таксама не збіраецца.

Па звестках The Athletic, Adidas прапанаваў Месі пагадненне пра размеркаванне даходаў – гулец атрымае частку даходаў, якія вырастуць у кампаніі праз ягоны пераходу ў МЛС.

Акрамя таго, па інфармацыі Reuters, Месі абраў «Інтэр» Маямі яшчэ і таму, што хацеў перайсці ў клуб з патэнцыйнай магчымасцю затым стаць уладальнікам яго долі. Кантракт Ліянеля будзе прадугледжваць шлях да набыцця часткі клуба МЛС, калі ён скончыць кар'еру.

Пры гэтым аргенцінец можа пакінуць клуб ужо зімой – як паведамляе TyC Sports, кантракт разлічаны на 3 гады, аднак будзе змяшчаць опцыю права пакінуць клуб па завяршэнні любога з сезонаў.

Таксама яшчэ ў сакавіку Sport.es паведамляў, што на заробак Месі (а ў МЛС з гэтым усё жорстка – усе заробкі павінны быць празрыстымі, нават тыя, якія выведзены з-пад абмежаванняў, інакш - штраф, як тое было за заблытаныя выплаты таго ж «Інтэра» Блезу Мацюідзі два гады таму) скінуцца ўсе клубы лігі. Логіка па гэтым, па звестках крыніцы, простая: іншыя клубы атрымаюць выгаду ад тэлеправоў і іншых прыбыткаў у выпадку пераходу Месі, нават калі той будзе гуляць супраць іх – таму што ліга з Месі і ліга без Месі ўсё ж такі два розных прадукта.

Першы дамашні матч МЛС Месі згуляе дакладна не раней за жнівень

Дэбюту Месі ўжо ўмоўна заўтра дакладна не варта чакаць. Трансфернае акно ў МЛС адкрыецца 5 ліпеня – гэта самая ранняя дата, калі «Інтэр» Маямі зможа заявіць Ліянеля. Пасля гэтага ў клуба ёсць яшчэ два матчы да перапынку ў лізе – абодва выязныя, супраць «ДыСі Юнайтэд» і «Сэнт-Луіс Сіці».

Першы дамашні матч Месі згуляе не раней за 21 жніўня, калі «Інтэр» будзе прымаць «Шарлот».

Аднак Ліянель можа стаць зоркай Кубка Ліг, сумеснага турніру МЛС і Лігі МХ (Мексіка), які праводзіцца ў перапынак у ліпені-жніўні. «Інтэр» згуляе там на групавым этапе з «Крус Асуль» і «Атлантай» – абодва матчы пройдуць менавіта на дамашнім стадыёне новай каманды Месі ў Форт-Лодэрдэйле. У выпадку, калі «Інтэр» выйдзе з групы (для гэтага трэба заняць не апошні радок), то згуляе яшчэ сама меней у 1/16 фіналу турніру.

Усе матчы Кубка Ліг таксама будуць даступныя на Apple TV+, але якая нам да гэтага розніца.

Фота: Hasan Bratic/Global Look Press, MLS

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты