Футбол у КНДР сёння: яшчэ менш інфармацыі, чым да ковіду, а «паўночнакарэйскі Раналду» затрымаўся ў пасольстве
Як выглядае гульня ў самай закрытай краіне свету.
Tribuna.com пачынае серыю матэрыялаў пра футбол ў закрытых, незвычайных ці малавядомых краінах свету (тут гаворка не пра Беларусь). У першым выпуску – дзяржава, якая шмат гадоў асацыявалася са словам «ізаляцыя».
***
Іронія лёсу: нягледзячы на недастатковасць санкцый ад ФІФА і УЕФА, Расія проста цяпер – самая ізаляваная ад футбола краіна ў свеце.
Параўнаць з ёй можа хіба што вельмі абмежаванаю колькасць дзяржаў – і тое, праз уласныя замашкі, а не рашэнні міжнародных арганізацый. Ну а першы, хто прыходзіць на розум – КНДР.
У краіне праводзяцца спаборніцтвы – аднак каляндар крыху дзіўны
З 2017 года ў КНДР чэмпіянат па футболе праводзяць у тры кругі.
У краіне таксама была каранавірусная паўза – сезон 2019/20 так і не завяршылі. З таго часу ў публічным інтэрнэце няма інфармацыі пра турнірныя табліцы дамашніх чэмпіянатаў – толькі з сайтаў тамашніх выданняў (накіраваных, відавочна, на заходнюю аўдыторыю) «КНДР Сегодня» і Карэйскага нацыянальнага інфармацыйнага агенцтва (КНІА), а таксама неафіцыйнай фэйсбук-старонкі DPR Korea Football , Хутчэй за ўсё, публікуюць англамоўныя пераклады артыкулаў мясцовых выданняў. Праз гэта, напрыклад, вядома, што ў сезоне 2020/21 чэмпіёнам стаў «Рамэн» - дзякуючы згадцы ў нататцы пра іншае спаборніцтва.
Чаму каляндар дзіўнаваты? Бо, калі верыць паведамленням КНІА і «КНДР Сёння», розыгрыш сезона 2021/22 скончылі 29 кастрычніка 2022 года, а ўжо 4 снежня мінулага года пачалі розыгрыш бягучага сезона. Выходзіць і не асабліва сістэма «вясна-восень», але і не паўнавартасная сістэма «восень-вясна».
Сёлета, па паведамленні КНІА, у вышэйшай лізе КНДР спаборнічаюць «25 красавіка», «Рамён», «Амнакган», «Ліменсу», «Лакаматыў», «Вальміда», «Паходня», «Понхвасан» і іншыя.
Трэба зазначыць, што ў КНДР на адным узроўні з мужчынскім чэмпіянатам праводзяць і жаночы. Пра жаночы футбол таксама рэгулярна згадваецца ў нататках тамашніх прапагандыстаў.
Самы тытулаваны клуб у мужчынскім футболе КНДР – «25 красавіка», які выйграў тытул чэмпіёна дзяржавы (у розных фарматах спаборніцтваў) 20 разоў, у тым ліку і апошні розыгрыш. Бліжэй за ўсё да яго – «Кігванчха» («Лакаматыў»), які выйграваў тытул чэмпіёна КНДР 6 разоў, апошні раз – у 2016-м.
Акрамя чэмпіянату ў краіне праводзяцца разнастайныя «футбольныя фэсты» накшталт розных «знамянальных дат». У некаторых з іх прымаюць удзел і прафесійныя клубы з вышэйшых дывізіёнаў – як было, напрыклад, на вясновым спартыўным фестывалі гэтага года, дзе згулялі па меншай меры «25 красавіка», «Амнакган» і «Пхеньян».
Аднак часам – гэта спаборніцтвы літаральна паміж калектывамі заводаў, як адбылося і ў нядаўнім «Першамаі». Далей – цытата з мясцовага выдання для разумення ўзроўню прапаганды:
«Сталеліцейнае аб'яднанне «Чхоліма» і Металургічнае аб'яднанне імя Кім Чака выйшлі на фінальны футбольны матч, а Хванхескае металургічнае аб'яднанне і Сончжынскае сталеліцейнае аб'яднанне – на фінальны матч па перацягванні каната.
Першапачаткова праведзены фінальны футбольны матч паміж Сталеліцейным аб'яднаннем «Чхоліма» і Металургічным аб'яднаннем імя Кім Чака.
Устойлівы дух гульцоў, якія з цвёрдым і гарачым характарам нашага працоўнага класа відовішчна вядуць матч, і хваляванне заўзятараў, сцішыўшы дыханне, назіралі за матчам, а пасля, дадаючы крыку, паднялі атмасферу стадыёна.
У матчы, у якім спляліся жорсткія атакі і абарона, каманда Сталеліцейнага аб'яднання «Чхоліма» выйграла ў каманды Металургічнага аб'яднання імя Кім Чака з лікам 2:0».
«Самы вялікі стадыён свету» амаль не выкарыстоўваюць у футболе – фактычна цэнтральная арэна мае імя экс-дыктатара
Звычайна калі гавораць пра стадыёны КНДР, то ўспамінаюць пра Стадыён 1 траўня на 114 тысяч месцаў – другі найбуйнейшы стадыён у свеце па ёмістасці (а доўгі час быў самым вялікім).
Хоць гэты стадыён і футбольны базава, сёння ён, здаецца, амаль не выкарыстоўваецца па прызначэнні. Справа ў тым, што ён з'яўляўся адной з хатніх арэн для нацыянальнай зборнай і клуба «25 красавіка» ў міжнародных матчах. Аднак сёння КНДР не ўдзельнічае ў міжнародных спаборніцтвах – праз пандэмію каранавіруса (які ў краіне ўжо даўно, па версіі прапаганды, перамаглі).
Фактычна, цэнтральны стадыён краіны – Стадыён ім. Кім Ір Сэна ў Пхеньяне на 50 тысяч гледачоў, які прымае ў тым ліку матчы чэмпіянату (а яшчэ мерапрыемствы накшталт вышэйзгаданага фестывалю металургаў).
Зборная і клубы таксама не ўдзельнічаюць у спаборніцтвах праз кавід – але краіна актыўная ў АФК і ФІФА
Як ужо згадвалася вышэй, аднаўленне ўнутраных спаборніцтваў не азначала вяртання дзяржавы на міжнародную арэну – зборная і клубы і далей не ўдзельнічаюць у кантынентальных спаборніцтвах праз закрытыя межы.
То бок і ў цяперашнім (і, відаць, наступным) розыгрышы Кубка АФК (клубы ад КНДР не ўдзельнічалі ў азіяцкай ЛЧ) няма ніводнага клуба з краіны. І гэта пры тым, што яна за тры сезоны паспела набіць рэйтынг, каб займаць 25-е месца ў агульнай табліцы каэфіцыентаў з 42 асацыяцый. Хоць тое, што Сірыя і горад-дзяржава Сінгапур ужо наперадзе – таксама паказальна.
Галоўнае дасягненне мясцовых клубаў на кантынентальным узроўні – выхад «25 красавіка» ў фінал Кубка АФК (аналаг Лігі Еўропы), дзе той прайграў ліванскаму «Аль-Ахеду». Што цікава, па рэгламенце вырашальны матч павінен быў прайсці на хатняй арэне «25 красавіка», на стадыёне Кім Ір Сэна. Аднак Кім Чэн Ын за 10 дзён да таго забараніў у дзяржаве трансляцыі футбола – адпаведна, і правядзенне фіналу без трансляцыі стала немагчымым.
Сам фінал «25 красавіка» прайграла – 0:1.
Пры гэтым Асацыяцыя футбола КНДР працягвае цесна супрацоўнічаць з Азіяцкай футбольнай канфедэрацыяй. Прадстаўніца КНДР Хан Ун Ген нават уваходзіць у склад Выканкама АФК.
У краіне таксама рэгулярна праходзяць мерапрыемствы пры падтрымцы АФК – напрыклад, «Дні жаночага футбола АФК».
Таксама ў КНДР ёсць свой цэнтр падрыхтоўкі і выдачы трэнерскіх ліцэнзій, акрэдытаваны АФК. А КНІА рэгулярна паведамляе пра тое, што там праводзяць курсы для «трэнераў і фізрукоў» (сур'ёзна гэта цытата!).
Футбалісты не могуць гуляць у замежных чэмпіянатах праз санкцыі ААН – «паўночнакарэйскі Раналду» у выніку затрымаўся ў амбасадзе
Футбол у КНДР застаецца максімальна закрытай з'явай. Ён быў такім заўсёды – аднак здараліся гісторыі кшталту Чонга Тыя Сэ, які нават паспеў пагуляць за «Бохум» і «Кёльн» у Германіі.
Праблемы для футбалістаў з КНДР у замежных клубах стварылі ўкаранёныя ў 2020 санкцыі ААН па забароне выдаваць працоўныя візы грамадзянам краіны. Тыя, паводле заканадаўства, павінны адлічваць працэнт ад свайго заробку ў бюджэт КНДР – і такія паступленні ад «замежнікаў» складаюць істотную долю прыбытку дзяржавы.
У гэтай сітуацыі самай гучнай стала гісторыя Хана Квана Сона – гадаванца, фактычна, італьянскага футбола. У 2017 годзе яго пасля прагляду падпісаў «Кальяры», які тады выступаў у Серыі А. Ужо ў другім выхадзе на поле – на апошнія 9 хвілін супраць «Тарына» – Сон нават паспеў забіць - ён дагэтуль адзіны гулец з КНДР, хто здолеў забіць у топ-лізе Еўропы.
Двойчы з «Кальяры» ён хадзіў у арэнду ў «Перуджу» ў Серыю Б, дзе праявіў сябе вельмі добра – яго нават паклікалі на адну з галаўных спартыўных тэлеперадач краіны La Domenica Sportiva. Аднак у эфіры ён так і не аб'явіўся.
«Паступіў званок ад не вельмі зразумелай асобы з міністэрства, якое ўсё заблакавала. Перамовы былі немагчымыя, таму што Пхеньян хацеў размаўляць толькі і выключна з Ханам. Сітуацыя з іх урадам зрабілася больш жорсткай, і іх футбалістам забаранілі з'яўляцца на тэлебачанні, інакш яны б вярнулі яго на Радзіму. Хан быў напалоханы», – распавядаў прэзідэнт «Перуджы» Масіміліяна Сантападрэ.
Пасля гэтага Хана прыкмеціў «Юве» – спачатку ўзяў у арэнду ў 2019-м, і нават уключыў у заяўку на матч чэмпіянату супраць «Лечэ». Дзесьці тады яго і назвалі «паўночнакарэйскім Роналду» – у гонар больш зорнага тады аднаклубніка. Галоўным чынам Хан правёў сезон у камандзе U23, аднак «Ювентус» выкупіў яго за 3,5 млн еўра, толькі каб адразу ж прадаць у катарскі «Аль-Духаіль» за 7 млн еўра. Там ён правёў паўтара года, забіў 3 галы ў 12 матчах, аднак быў вымушаны сысці праз вышэйзгаданыя санкцыі ААН.
З тых часоў пра яго фактычна нічога не было чуваць (а запыт Han Kwang-Son missing быў адным з самых папулярных да яго) – пакуль вышэйзгаданая ананімная старонка DPR Korea Football 28 красавіка не заявіла, што ён «затрымаўся» у амбасадзе праз зачыненыя межы.
«Згодна з нашымі ўласнымі крыніцамі ў Італіі, Хан Кван Сонг некалькі гадоў жыў у пасольстве КНДР у Рыме. Ён не мог гуляць – і не мог вярнуцца дадому праз закрытыя межы. Наколькі мне вядома, у апошні час гэтая сітуацыя змянілася (ненадоўга) да лепшага, але ў любым выпадку ў нас няма інфармацыі пра вяртанне гэтага гульца ў чэмпіянат КНДР».
Фота: КНІА, Maurizio Borsari/Global Look Press