Глейзеры не прадалі «МЮ» катарцам за $7 млрд. Цяпер 25% акцый купляе Рэткліф і забірае кантроль
Сага – усё, а брытанец плануе поўнае паглынанне да 2026 года.
Здаецца, што эпапея з продажам «Манчэстэр Юнайтэд» падыходзіць да канца. У апошнія дні адразу некалькі аўтарытэтных крыніц пацвярджаюць, што адыход ад як мінімум спартыўных спраў сям'і Глейзераў – амаль завершаны працэс.
Такім чынам, скончыцца 18-гадовы перыяд функцыянавання клуба пад кіраўніцтвам амерыканскіх уласнікаў – у 2005-м яны набылі «МЮ» за 830 мільёнаў фунтаў.
Зрэшты, продаж ідзе са звыклым для іх хаосам – пра гатоўнасць пайсці на такі крок абвясцілі восенню мінулага года (гэтаму папярэднічалі працяглыя пратэсты заўзятараў), вясной 2023-га разгарнуліся актыўныя падзеі і перамовы, але да канкрэтыкі дайшло толькі цяпер.
Больш за тое, увогуле вынік можна апісаць так – адмовіліся ад 7 мільярдаў долараў (гэта сума ўдвая большая за рынкавы кошт) і прадаюць 25% акцый за 1,4-1,8 мільёна фунтаў, застаючыся без уплыву на футбольны складнік .
Расказваем падрабязна і прыводзім храналогію.
Набыць хацелі катарскі шэйх з падтрымкай Бэкхэма і адна з найбагацейшых асоб Вялікабрытаніі
Усур'ёз на «МЮ» ўвесь гэты час прэтэндавалі толькі двое.
Першы – Джасім бін Хамад Аль-Тані, сын былога прэм'ер-міністра Катара і кіраўнік Ісламскага банка QIB. Ён з'яўляецца заўзятарам каманды з 1992-га (на той час яму было 10).
У публічнай плоскасці партнёрам фактычна стала легенда «МЮ» Дэвід Бекхэм, які валодае часткай «Інтэр Маямі».
Ён рэгулярна выступаў з крытыкай у адрас Глейзераў і казаў, што патрэбныя кардынальныя змены. Бекхэм атрымаў бы ролю амбасадара клуба ў выпадку перамогі шэйха Джасіма. Ідэнтычная роля ў Дэвіда была ў адносінах да Катара падчас ЧС-2022.
Ад яго гучалі і прамыя намёкі:
💬 «Мы хочам павярнуць «МЮ» на вяршыню, і я думаю, што ведаю людзей, здольных на гэта».
Іх канкурэнт – 70-гадовы Джым Рэткліф. Адна з найбагацейшых асоб Вялікабрытаніі і кіраўнік хімічнай кампаніі INEOS, які таксама з дзяцінства заўзее за манкуніянцаў.
Яго спадчына ў спорце – валодае «Ніцай», «Лазанай» і івуарыйскім «Расінгам», а яшчэ роварнай арганізацыяй (адной з самых паспяховых у XXI стагоддзі) і мае частку ў камандзе Формулы-1 Mercedes.
Таргі трывалі каля 9 месяцаў – Глейзеры пастаянна падымалі цану
Храналогія падзей даволі пацешная, калі вы, вядома, не заўзятар «Манчэстэр Юнайтэд».
🔺 Люты
Абодва прэтэндэнты і іх кампаніі (кансорцыумы) выступілі з афіцыйнымі заявамі, пацвердзіўшы прапановы па куплі. Яны складалі па 4,5 млрд еўра кожная.
🔺 Сакавік
Глейзеры папрасілі падняць стаўку, хоць і без таго былі блізкія да дасягнення сусветнага рэкорду ў спорце – яго ўсталявалі ў 2022 годзе пры продажы клуба НФЛ «Дэнвер Бронкас» за 3,8 мільярда фунтаў.
Амерыканцы прасілі 6 мільярдаў фунтаў за «МЮ».
Шэйх Джасім з тых часоў і да канца перамоваў настойваў на поўным пакеце акцый, Рэткліф пачаў думаць пра куплю толькі часткі і пра падзел з мінарытарнымі ўласнікамі.
🔺 Красавік
Глейзеры не прынялі палепшаныя прапановы, якія складалі каля 5 мільярдаў фунтаў. Працягвалі настойваць на 6.
Рэткліф да канца месяца звярнуўся з прапановай абмеркаваць новую структуру – набыццё 50% акцый (30% у мінарытарных інвестараў, 20% у дзейных уласнікаў «МЮ»).
🔺 Травень
Глейзеры – без адказу.
У СМІ з'явілася інфармацыя, што мадэль Рэткліфа накіраваная на доўгатэрміновую перспектыву і паўнавартасны выкуп на працягу 2-4 гадоў.
🔺 Чэрвень
Пачаліся эксклюзіўныя перамовы з шэйхам Джасімам і прадстаўнікамі «МЮ» – то бок падчас гэтага працэсу іншыя кандыдаты не мелі права кантактаваць з манкуніянцамі.
Пасля гэтай навіны акцыі выраслі на 10-15%.
🔺 Ліпень-жнівень
Катарцы раздражняліся, таму што не дамовіліся да пачатку трансфернага акна – і такім чынам не мелі магчымасці адразу паўнавартасна пачаць будаўніцтва праекта.
🔺 Верасень
Усё зайшло ў тупік. Прычын некалькі, але самая галоўная – Глейзеры канчаткова вырашылі падняць кошт да 10 млрд фунтаў!
Матывы – упэўненасць, што потым апынуцца ў больш выгаднай сітуацыі з улікам прагрэсу ў выніках каманды, а яшчэ таго, што кошт «МЮ» вырасце на фоне павелічэння даходаў ад продажу тэлевізійных правоў і правядзення ЧС-2026 у ЗША, Канадзе і Мексіцы.
Маўляў, гэта павінна павысіць цікавасць амерыканскіх мільярдэраў да інвестыцый у футбол.
🔺 Кастрычнік
Катарскі шэйх зрабіў сапраўды сваю фінальную прапанову – па многіх звестках, каля 7 мільярдаў долараў. Гэта ўдвая больш за рынкавы кошт 3,5 мільярда.
Наступіла кульмінацыя – Глейзеры яшчэ раз адмовілі, а Джасім беззваротна выйшаў з перамоў.
Рэткліф купляе 25% і бярэ кантроль над футбольнай структурай, афіцыйны анонс – хутка
Такім чынам, што ў выніку прапаноўвалі катарцы:
➡️ ~7 мільярдаў долараў Глейзерам;
➡️ Цалкам пакрыць доўг клуба ў памеры 969,6 мільёна фунтаў (які становіцца ўсё большай праблемай);
➡️ Інвестыцыі ў жаночую каманду.
А таксама дадаткова ўкласці адразу яшчэ 1,5 мільярда фунтаў на:
➡️ аднаўленне стадыёна («Олд Трафард» настолькі састарэў дах, што праляцеў міма спісу арэн Еўра-2028);
➡️ будаўніцтва новага трэнавальнага цэнтра;
➡️ праекты па «адраджэнню кам'юніці вакол каманды»;
➡️ вядома, трансферы.
Выбар быў зроблены на карысць прапановы Рэткліфа, яго цяперашнія ўласнікі «МЮ» лічаць больш выгадным для сябе.
Джым набудзе 25% акцый, сума – 1,4-1,8 мільярда фунтаў (усюды звесткі розняцца, таму без дакладных лічбаў).
Пра гэта можна гаварыць з упэўненасцю – засталося дачакацца галасавання Савета дырэктараў і афіцыйнай аб'явы. Папярэдне – да канца наступнага тыдня.
Галоўнае ў гэтай гісторыі – брытанец павінен атрымаць кантроль над пытаннямі, якія датычацца спартыўных спраў. Да 2026 года ён плануе стаць ужо паўнавартасным уласнікам. Увесь гэты час будуць працягвацца перамовы з Глейзерамі.
Ёсць інфармацыя і пра першыя магчымыя рашэнні Джыма.
Эрык тэн Хаг застаецца – гэта не абмяркоўваецца, будучыня трэнера знаходзіцца ў бяспецы пры любым развіцці падзей.
Чаго не скажаш пра спартовага дырэктара Джона Мёрта і генеральнага дырэктара Рычарда Арнольда, бо Рэткліф на працягу 100 дзён правядзе праверку і вызначыцца па менеджменце.
Кажуць, ён нават знайшоў замену двум псеўдагеніям футбольнага мастацтва – 41-гадовага Пола Мітчэла, які мае досвед працы ў «Саўтгемптане», «Тотэнхэме» і «Манака».
Ці да лепшага гэта – убачым пазней.