Складаныя стасункі ўкраінцаў з Беларуссю: антываенны Наёк ездзіць (жыве?), купіўшы кватэры, вярнуўся паранены ў Марыупалі
Ёсць і неспартыўны прыклад.
8 студзеня на сайце буйнога пабліка пра белфутбол (здаецца, ён такі ўвайшоў у «медыяімперыю» АБФФ) выйшла інтэрвʼю з абаронцам мінскага «Дынама» Сяргеем Паліцевічам. І той сярод іншага здзівіў суразмоўцу інфармацыяй пра байцоўскае трэнаванне разам з былым аднаклубнікам Аляксандрам Наёкам. Украінец ужо два гады як пакінуў белфутбол – і інтэрвʼюер прызнаўся Паліцевічу, што і не думаў, што Наёк прыязджае ў Беларусь.
Першапачаткова ў інтэрвʼю была апублікаваная такая рэпліка Паліцевіча пра Наёка: «Ён жыве тут. Яму падабаецца Беларусь». Але праз некаторы час гэтыя фразы проста зніклі з запісу размовы. У новай версіі слоў Паліцевіча Наёк ужо толькі «прыязджаў на пару дзён наведаць сяброў».
Чаму так адбылося – мы не высвятлялі. Можа, Паліцевіч першапачаткова прыхлусіў/памыліўся, а можа, Наёк папрасіў не распаўсюджваць такія падрабязнасці – тут можна гадаць. Але нават у новай версіі інтэрвʼю не адмаўляецца, што ўкраінскі футбаліст цалкам спакойна заязджае на беларускую зямлю
Хоць гулец казахстанскага «Атырау» зараз цалкам мог лічыцца і беларускім футбалістам – пра ягонае магчымае прыцягненне ў зборную казалі не раз, тым больш сумарны тэрмін ягонай гульні за мінскае, а потым брэсцкае «Дынама» падыходзіў да пяці гадоў, якія бесперапынна неабходна адгуляць футбалісту без каранёў у краіне для натуралізацыі па правілах FIFA. Але ў пачатку 2021-га, за пару месяцаў да дасягнення патрэбнага тэрміну, пад інсайд пра хуткае атрыманне беларускага пашпарта Наёк узяў і зʼехаў у расійскі «Арэнбург». Праз некалькі месяцаў ён апынуўся ў «Руху», але ў самым канцы 2022-га зноў зʼехаў – у кіпрскі «Апалон».
Аднак сувязь з Беларуссю ў Наёка была і без пашпарта (з якім усё засталося незразумелым). Заробкі футбаліст стараўся інвеставаць у нерухомасць – і не толькі на Радзіме. У 2021-м украінец Аляксей Хабленка, які з Наёкам браў ЧБ, казаў, што суайчыннік «прыжыўся ў Беларусі, расказваў, што яму падабаецца там, купіў шмат кватэр у Мінску». У 2019-м сам Наёк прызнаваўся: з пяці набытых на той момант за жыццё кватэр мінскіх – дзве, недалёка ад «Мінск-Арэны», двухпакаёвая і трохпакаёвая. Такія пакупкі дазваляў заробак каля 8 тысяч долараў на месяц, які ўкраінцу паклалі ў двух «Дынама».
У 2022-м Наёк ужо з кіпрскага футбола назіраў, як не чужая краіна становіцца суагрэсарам у вайне, якую з 24 лютага 2022-га працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. А родныя мясціны Наёка – ён нарадзіўся ў пасёлку Высокаполле недалёка ад Херсона, дзе вырас – адразу былі акупаваны Расіяй (вызвалены толькі восенню 2022-га). І ў першыя тыдні вайны гулец не змаўчаў: выйшаў на матч у майцы «Не вайне», выставіў футболку на аўкцыён у падтрымку Украіны, у Instagram некалькі разоў напісаў «Слава Украіне», на ўкраінскім выступіў за адзінства і свабоду краіны і нават рэпоснуў сторыз са словамі аб «нацысцкай Расіі».
Так, на гэтым публічныя выступы гульца скончыліся. Але такім помслівым сістэмам, як беларуская, не раз бывала дастаткова і меншага. Гэта, як бачым, не спыняе Наёка ад таго, каб наведваць Беларусь, а можа, нават і добраахвотна жыць пры рэжыме, які дапамагаў бамбіць Радзіму. Хоць Наёк казаў і пра набытую кватэру ў Кіеве – але пакуль ніхто не распавядаў, каб украінец наведаў сябра па брэсцкім «Дынама» Арцёма Мілеўскага, які застаецца ў сталіцы Украіны. І Наёка можна зразумець – ёсць нямала людзей, для якіх вайна страшнейшая за рэжым, а з Мінска і Кіева бамбуюць не Мінск.
Нават у футболе гэта не адзіная гісторыя пра ўкраінца ў Беларусі. І сітуацыя Аляксандра Папуша куды страшнейшая. Ураджэнец Марыупаля ў 23 гады прыехаў у ЧБ, дзе і правёў амаль усю далейшую карʼеру (якую перарываў бан за дамоўны матч). Канчаў у «Іслачы» – у цяперашняга трэнера Наёка па «Атырау» Віталя Жукоўскага. Ён, дарэчы, першым публічна закрануў праблемы Папуша – у пачатку 2023-га сустрэўся з былым гульцом і падпісаў фота: «Мінулы год табе прынёс нямала гора».
Справа была ў тым, што Папуш пасля футбола застаўся жыць у Мінску, дзе ў гульнявыя гады стварыў сямʼю, а вось бацькі экс-футбаліста заставаліся ў Марыупалі. І калі горад у 2022-м пачалі знішчаць расійскія войскі, Папуш страціў сувязь з роднымі. Тады ён рызыкнуў паехаць у эпіцэнтр баявых дзеянняў. Нейкім цудам яму ўдалося дабрацца да роднага горада – а там давялося даведацца, што бацька забіты (што з маці, засталося невядома).
Следам ледзь не забілі самога Папуша – яго проста ў горадзе падстрэліў нейкі снайпер. Па выпадковасці куля патрапіла ў нагу, а экс-гульца выратавалі – вывезлі ў расійскі Растоў, прааперавалі, захавалі магчымасць хадзіць. Але на аднаўленне спатрэбіўся не адзін месяц. А пасля выпіскі з расійскай лякарні Папуш проста вярнуўся ў Мінск – жыць далей з сямʼёй і старацца не ўспамінаць пра тое, што з ім адбылося. А тым больш не даваць ніякіх каментароў – і гэта таксама зразумела, бо яны могуць наклікаць і новы страшны досвед, ужо наўпрост арганізаваны беларускім рэжымам.
А ёсць сітуацыі і не ў футболе. Вось у 2021-м украінскі музычны прадзюсар Мікалай Сосін паехаў працаваць на беларускае дзяржТБ – рабіць пеўчы конкурс талентаў. Наўрад ці тады ўкраінец меў такую ж агіду да чужых прапагандыстаў, якрй валодаў беларускі народ, затое яму відавочна прапанавалі добрыя грошы – праект толькі запускаўся, а ў Сосіна за плячыма было мноства падобных на ўкраінскім ТБ. Тым больш у некаторых з іх ён перасякаўся з рэперам-лукашыстам Сярогам, які стаў адным з ключавых персанажаў новага «шоў».
Першы сезон праекту прапагандыстаў знялі ў канцы 2021-га, а ў 2022-м пачалася вайна – і ўлетку Сосін стаў выкладваць фота з Еўропы, з якіх вынікала, што ён дапамагае ў правядзенні выступаў украінскіх выканаўцаў, якія так збіралі грошы для ўкраінскіх вайскоўцаў і пацярпелых ад вайны. Здавалася, што гэта выразнае выказванне пазіцыі ў новых умовах. Але надышла восень 2022-га – і Сосін вярнуўся да пасады музычнага прадзюсара ў новым сезоне праекту на беларускім дзяржТБ, дзе прапаганда на ўсю моц вяла інфармацыйную вайну супраць Украіны.
Восенню 2023-га здымалі ўжо трэці сезон – і Сосін быў на месцы, у Мінску. Тады на гісторыю звярнуў увагу YouTube-канал «ГЭТЫ ПРУС» – а ўкраінскія журналісты звязаліся з Сосіным, але на іх пытанні ён адказаў толькі, што хоча «закрыць тэму».
Увогуле, цяга да Беларусі бывае рознай. Але чамусьці адкрыта расказваць пра яе ніхто з пералічаных украінцаў не спяшаецца. Усё ж нязручна перад Радзімай?