11-гадовага беларуса нібыта чакае «Барса» і гатовы набыць «Рэал» – кажуць пра хлопца даўно, а ў топ-клубе яго ўсё няма
Некаторыя заявы пра ўнука экс-гульца «Дынама» выклікаюць пытанні.
На днях выйшла інтэрв’ю з экс-футбалістам ЧБ Мікалаем Рындзюком, які ўжо сем гадоў працуе дзіцячым трэнерам у мiнскай прыватнай школе. Адно з першых пытанняў да коўча было такое: «Ці ёсць брыльянцiкі ў нашым дзіцячым футболе?» Рындзюк адказаў, што ёсць – і назваў адно імя: Аляксей Маёраў. Інтэрв’юер тут жа заявіў, што ведае такога гульца, а потым і дадаў, што хлопец нібыта «адзін такі на нашу колькасць дзетак».
– З яго бацькам мы выраслі разам. Нядаўна стэлефаноўваліся. Там вельмі шмат інфармацыі. Цяпер, па-мойму, яго «Рэал» Мадрыд купляе. За 120 тысяч еўра, калі не памыляюся. Бацька, канешне, зрабіў рэальна так стаўку на сына ў жыцці. І правільна зрабіў, я думаю. Я так разумею, ён аб’ездзіў «Спартака», «Краснадара» акадэміі. Цяпер ён у Барселоне. Завуць яго, наколькі ведаю, і «Манака», і «Рэал», і «Барселона». Не ўяўляеш, што ён робіць з мячом, – заявіў Рындзюк.
Што гэта: аповед пра рэальны топ-талант ці проста піяр? Разбіраемся.
Пра Аляксея Маёрава гавораць не першы год. Першы ўсплёск цікавасці быў у 2018-м, калі 6-гадовы Маёраў з’явіўся на расійскім дзяржТБ у праграме «Лепш за ўсіх», дзе ў кампаніі шоумена Максіма Галкіна і брамніка зборнай Расіі Ігара Акінфеева паказваў свае футбольныя таленты (відэа можна паглядзець па спасылцы). Беларускія журналісты пасля гэтага знайшлі хлопца і паразмаўлялі з яго бацькам – Аляксеем Маёравым-старэйшым. Бацька заявіў, што хацеў аддаць сына ў хакей, але той да сваіх пяці гадоў сам абраў футбол. Таксама высветлілася, што дзед хлопчыка па матчынай лініі – экс-футбаліст мінскага «Дынама» Аляксандр Кісцень (прыйшоў у каманду ўжо пасля чэмпіёнства-1982, але ў 1980-х даходзіў з клубам да чвэрцьфіналаў еўракубкаў і там забіваў).
Даведаўшыся, што ў футбольныя школы прымаюць з шасці гадоў, бацька знайшоў сыну прыватнага трэнера, а потым адвёў і да спецыяліста па футбольным фрыстайле. Хлопчык стаў рабіць поспехі – набіваў, па сцвярджэнні коўча, больш за 5 тысяч разоў. Адно з відэа з чаканкай Маёрава-малодшага набрала прагляды ў Instagram – і рэдактары расійскага шоу, па сцвярджэнні трэнера, самі запрасілі хлопчыка, а бацька яшчэ і спрабаваў адмовіцца. А да моманту здымак рэкорд па набіваннях склаў нібыта ўжо 12779 разоў. Увогуле, паслухаць – так ідэальная гісторыя.
Маёраў-старэйшы казаў, што займаецца выключна кар’ерай сына (адкуль грошы на такi лад жыцця, не ўдакладняў) і дадаваў, што незадаволены ўзроўнем трэніровак у школе мiнскага «Дынама», а наогул рыхтуе сына да ранняга ад’езду за мяжу. У наступныя гады ў медыя перыядычна нагадвалі пра існаванне хлопчыка: у 2019-м ён ужо займаўся ў школе «Мінска» і заяўляў пра жаданне гуляць за зборную Беларусі. У сярэдзіне 2021-га трэнер хлопчыка казаў пра вялікую цікавасць з расійскіх акадэмій, а сам Маёраў расказваў, што «тата ўвесь час побач і ўсё робіць, каб я стаў футбалістам», і дадаваў, што трэніруецца па 5-6 гадзін у дзень. Як нам удалося даведацца, да гэтага часу ў жыцці юнага футбаліста прысутнічаюць практычна адны трэніроўкі. Быццам і заточанасць на поспех, але вытрымаць такі графік псіхалагічна – відавочна няпроста.
У красавіку 2023-га, на 11-годдзе Маёрава, пра яго выйшаў матэрыял экс-аўтара «Прэсбола» Сяргея Шчурко – аказалася, хлопчык ужо ў Іспаніі. Прыводзілася відэанарэзка галоў у 2022-м за юную каманду сістэмы маскоўскага «Спартака» і заява, што экс-гулец зборнай Расіі Андрэй Аршавін быццам вельмі хацеў перацягнуць Маёрава ў «Зеніт». Былі словы экс-гульца зборнай Беларусі Андрэя Доўнара, што, маўляў, «Маёраў адназначна пераплюне Сашу Глеба, калі здароўе дазволіць» (без удакладненняў, ці ёсць ужо нейкія асцярогі з гэтай нагоды). А далей быў каментарый Маёрава-старэйшага – які ўжо пачаў заяўляць пра топ-клубы.
– Трэніруемся ў акадэміі «Эспаньола», таму што там паабяцалі дапамагчы нам з афармленнем дакументаў. Але яго ўбачыла «Барса» і хоча падпісаць. Як і «ПСЖ». Іспанская газета «Эль Мунда» аднойчы напісала, што Лёша Маёраў з’яўляецца, безумоўна, адным з найлепшых гульцоў свету, якія нарадзіліся ў 2012 годзе, – расхвальваў сына Маёраў-старэйшы.
Аднак прайшло ўжо дзевяць месяцаў – а юным гульцом усё «цікавяцца», пры гэтым цяпер ён гуляе ў камандзе U-12 каталонскага клуба «Серданьёла» (яго аснова выступае ў іспанскім Д4 і цяпер у сваёй падгрупе займае 16-е з 18 месцаў). Чаму так? У кастрычніку 2023-га тэма ўзнімалася на канале заснавальніка беларускіх прыватных футбольных школ Мікалая Мурашкі – там жанчына па імені Карына Шумета, прадстаўленая як футбольны агент з Іспаніі, казала, што Маёравых нібыта «падвялі з дакументамі», без якіх немагчыма «гуляць у лізе» (якой – не ўдакладнялася).
– «Барса» другі год яго чакае, але не можа прыняць з-за адсутнасці дакументаў. Яго запрашаюць і «Барса», і «Эспаньёл», і «Валенсія», і «Мадрыд». Стаіць чарга за гэтым дзіцём. Яго ўсе чакаюць, у любым клубе, па-любому, – залівалася Шумета, дадаючы, што Маёрава-малодшага «зламаць немагчыма».
Крыніцы ў сферы дзіцячага футбола, да якіх мы звярнуліся па каментарый, лічаць, што інфармацыя пра жаданне якога-небудзь клуба заплаціць 120 тысяч за Маёрава наўрад ці можа быць сапраўднай. Ды і незразумела: за гульца жадаюць выкласці такую суму, але пры гэтым не могуць дапамагчы з дакументамі?
Узнікае пытанне і наконт апісаных праблем з заяўкай. Цяпер Маёраў у складзе каманды «Серданьёлы» ўваходзіць у лік найлепшых бамбардзіраў адной з падгруп дзіцячай лігі Каталоніі. Каманда там у топе і шмат якіх супернікаў граміць з розніцай у 8, 9 і нават двухзначнае чысло мячоў – так што ёсць i хлопец, у якога атрымліваецца забіваць больш, чым у Маёрава. Але галоўнае – у суседняй падгрупе выступае адна з каманд сістэмы «Барселоны». Дык чаму ж беларускі юнак яшчэ не там, калі ўжо гуляе ў той жа лізе?
Яшчэ адзін момант – па прасоўванню дасягненняў гульца. Вось яго маці Кацярына Кісцень у верасні 2023-га дзялілася тым, што сын на адным з турніраў быў прызнаны найлепшым нападаючым – з заявай, што ўдзельнічалі там «60 каманд топ-ўзроўню». Мы знайшлі Instagram турніру – і з выгляду туды прыязджалі толькi прадстаўнікі вядомых клубаў. Аднак насамрэч у кожным пасце пад карцінкай з эмблемай топа было пазначана яшчэ тры-чатыры малавядомыя каманды.
Аднак мы не спрабуем прынізіць намаганні Маёрава-малодшага. У яго Instagram сапраўды паказаны зацятыя трэніроўкі, якія выклікаюць павагу. У 2024-м Маёраў ужо патрапіў у папярэдні склад зборнай Каталоніі U-12, якая будзе гуляць на турніры паміж рэгіёнамі Іспаніі ад мясцовай федэрацыі футбола. Туды ж былі ўключаныя шэсць гульцоў сістэмы «Барселоны» – і калі гэта не самае вялікае збліжэнне Маёрава са знакамітым клубам, а рэальны крок на шляху ў яго сістэму, то будзе выдатна.