Tribuna/Футбол/Блогі/Не толькі Алонса. 5 варыянтаў для замены Клопа ў «Ліверпулі»

Не толькі Алонса. 5 варыянтаў для замены Клопа ў «Ліверпулі»

Знайсці ідэальнага кандыдата вельмі складана.

Не толькі Алонса. 5 варыянтаў для замены Клопа ў «Ліверпулі»

Юрген Клоп амаль месяц таму аб'явіў пра рашэнне пакінуць «Ліверпуль» у канцы сезона. Ад таго часу не з'явілася ніякіх канкрэтных чутак пра тое, каго клуб хоча наўзамен. Так, гучалі агульныя фразы пра зацікаўленасць ў Хабі Алонса і Раберта Дэ Дзербі, але не больш.

Улічваючы гэта, мы вырашылі пафантазаваць і вызначыць спецыялістаў, якія маглі б стаць добрымі варыянтамі для мерсісайдцаў.

Сярод крытэрыяў – стыль гульні, рэалістычнасць, вопыт, дасягненні і мэн-менеджмент

Варыянты менавіта «добрыя», бо «ідэальных» кандыдатаў, як аказалася, няма. Ітак, чаго мы хочам ад патэнцыйных зменшчыкаў ды ўвогуле?

➡️ Стыль гульні, падобны да футбола Клопа

Па гэтым паказніку, напрыклад, адпаў Дэ Дзербі, бо складана ўявіць, як традыцыйна вертыкальны «Ліверпуль» будзе круціць карагоды ля сваіх варот.

➡️ Рэалістычнасць

Зінедзін Зідан або Мічэл – гэта, канешне, крута, але першы баіцца складанага выкліку і чакае зборную Францыі, а другі «належыць» City Football Group і дрэнна ведае англійскую. Юльян Нагельсман толькі нядаўна ўзначаліў зборную Нямеччыны і «заняты» прынамсі да сярэдзіны ліпеня.

➡️ Дасягненні ў плане вынікаў

Умоўны Марка Розэ зрабіў «Лейпцыг» яркай камандай, але дзе яна цяпер у табліцы Бундэслігі і дзе была яго «Барусія» Дортмунд? Або ж Томас Франк, чый «Брэнтфард» ідзе блізка да зоны вылету, хоць і па стылі нагадвае Клопа?

➡️ Наяўнасць сур'ёзнага вопыту

Трэнд на маладых трэнераў набірае папулярнасць. Сёй-той з гэтай плеяды прысутнічае ў спісе, таму што мае хаця б пару паспяховых гадоў на высокім узроўні, а вось, напрыклад, Франчэска Фар'ёлі з «Ніцы» застаецца «катом у мяшку».

➡️ Высокі ўзровень мэн-менеджменту

Без магчымасці падтрымліваць атмасферу ў камандзе – нікуды. Гэты аспект мы проста дадалі, каб успомніць пра спісанне Томаса Тухеля. А калі сур'ёзна, то цяжка ўявіць, як склад «Ліверпуля» пасля Клопа будзе ўспрымаць якога-небудзь «дыктатара».

У выніку ўдалося вылучыць пяць варыянтаў.

Ханс-Дзітэр Флік, без каманды

Рэпутацыя ў Фліка не найлепшая – менавіта ён стаў першым трэнерам у гісторыі зборнай Германіі, якога звольнілі. Гэта адбылося пасля вылету з групы на ЧС-2022 і няўдалага старту падрыхтоўкі да хатняга Еўра, калі каманда правальвалася ледзь не ў кожным таварыскім матчы.

Зрэшты, трэба разумець, што праца ў зборнай і клубе – гэта дзве розныя рэчы. На клубным жа ўзроўні Фліка галоўным прапрацаваў менш за два гады, але які гэта быў перыяд! Разам з «Баварыяй» Ханс выйграў 7 трафеяў, у тым ліку Лігу чэмпіёнаў, падчас розыгрышу якой разбіў «Барселону» 8:2. На працягу яго знаходжання ў Мюнхене не ўзнікала прэтэнзій ні па гульні, ні па выніках. Хтосьці запярэчыць, маўляў, дабіцца гэтага з даступнымі рэсурсамі не так складана. Але і ў «Ліверпуля» рэсурсы, мякка кажучы, нядрэнныя.

Мерсісайдцам больш лагічна рабіць стаўку на трэнера, які ўмее кіраваць «вялікімі калектывамі», а не будзе толькі «вучыцца». Праўда, наступныя два варыянты ў нашым спісе – як раз маладыя коўчы на «перспектыву», калі «Ліверпуль» вырашыць пайсці па новым шляху.

Флік з'яўляецца якаснай альтэрнатывай у плане надзейнасці. А яшчэ ён хоча хутчэй вярнуцца да працы, таму нядаўна пачаў супрацу з вядомым агентам Піні Захаві, а гэта значыць, у выпадку занадта доўгіх роздумаў англічане страцяць гэтую опцыю, таму што Ханса актыўна сватаюць у «Барселону», а неўзабаве і ў «Баварыю» шлях ізноў адкрыецца (хіба што Тухель нейкім цудам выправіць сітуацыю).

Амарым, напэўна, самы невідавочны варыянт. Яму ўсяго 39 гадоў, за гульнявую кар'еру ён толькі аднойчы пакідаў Партугалію (на год ездзіў у Бахрэйн), а ў зборнай правёў усяго 14 матчаў. Не найвялікшы футбаліст, але трэнер з прыкметамі выдатнай будучыні.

Працаваць Амарым пачаў у 2018-м, а «Спортынг» узначальвае з сакавіка 2020-га. Там усё склалася класна – у дэбютным паўнавартасным сезоне заваяваў для клуба першае чэмпіёнства з 2002-га. Таксама было срэбра ў наступнай кампаніі, а па стане на гэты момант каманда зноў змагаецца за золата – 17 перамог, 1 нічыю і 2 паражэнні ў лізе. «Правальным» хіба што папярэдні год і чацвёртае месца, аднак актуальныя вынікі даказваюць, што партугалец крызіс пераадолеў.

Рубен палепшыў не толькі становішча «Спортынгу», але стыль гульні – скіраваны на атаку, разняволены і смелы. Гэтым ён даўно прыцягнуў увагу клубаў АПЛ – у свой час хадзілі даволі канкрэтныя чуткі пра «Манчэстэр Юнайтэд», «Чэлсі» і «Тотэнхэм». З маладых спецыялістаў, якія маюць досвед, гэта адзін з прыярытэтных варыянтаў.

Успомніць тут варта і тое, што Амарым (нягледзячы на ўзрост) не баіцца браць адказнасць на сябе. Была гісторыя, што менавіта ён заблакаваў вяртанне Крышціяну Раналду ў «Спортынг», даказаўшы сваю пазіцыю кіраўніцтву.

Перашкодай выглядае вялікая сума кампенсацыі – дзейны кантракт коўча разлічаны да 2026 года.

Самы запатрабаваны трэнер у свеце ў цэлым. Тое, у якую машыну Алонса ператварыў «Баер» за паўтара гады, уражвае.

Разглядаць усе крытэры, можа быць, і сэнсу няма – Хабі праходзіць па большасці з іх. Ёсць як крутое рэзюмэ з патэнцыйным чэмпіёнствам леверкузенцаў і бяспройгрышнай серыяй, так і сувязь з «Ліверпулем», за які правёў 210 матчаў.

Праблему варта шукаць у іншым – як яго забраць? Інсайды адрозніваюцца. Нямецкая прэса, напрыклад, піша пра малы працэнт на сыход Алонса летам – праз тое, што ён актыўна ўцягнуты ў будаўніцтва складу на наступны сезон з акцэнтам на ЛЧ, а кіраўніцтва быццам бы застаецца «аптымістычным» па захаванні трэнера. Фабрыцыа Рамана і іншыя крыніцы, наадварот, адзначаюць, што ў Хабі з кіраўніцтвам ёсць «джэнтльменская дамоўленасць» – яго нібыта не будуць трымаць, калі паступяць прапановы ад «Ліверпуля», «Баварыі» ці «Рэала».

Як бы там ні было, думаць рана, трэба дачакацца хаця б нейкай канкрэтыкі ў дзеяннях ад мерсісайдцаў. І ім, падобна, не варта зацягваць гэты працэс і пакідаць Алонса ў Германіі яшчэ на сезон – улетку 2025-га вызваліцца месца Карла Анчалоці ў «Рэале», дзе Хабі пачынаў трэнерскую кар'еру (у моладзеўцы). Так што ў іспанца тады будзе відавочна няпросты выбар.

Так, вам не прыснілася. А чаму, уласна, не? Якім бы супярэчлівым персанажам ні быў Эмеры, але там, дзе яму даюць свабоду, ён дзякуе вынік. Гэты ўсплёск «Астан Вілы» – яскравы прыклад і цалкам заслуга Унаі, які добра знаёмы з англійскім футболам (нават навучыўся прамаўляць «good evening»).

Пасля «ПСЖ» і «Арсенала» здавалася, што трэнерская кар'ера Эмеры ідзе на спад, але гэтае адраджэнне ў Бірмінгеме можа вярнуць яго ў топ-клуб. Ён сапраўды змяніўся і папрацаваў над сваімі памылкамі – зразумеў, што раней быў занадта зацыкленым на тактыцы і гульнявых момантах, ігнаруючы праблемы па-за футбольным полем.

У іспанца падобная на Алонса сітуацыя – у «Астан Віле» занадта шмат што перабудоўвалі пад Эмеры, а ў самога Унаі наладжаныя стасункі з кіраўніцтвам. Аднак, калі параўноўваць, то выхапіць яго лягчэй, чым Хабі. Хоць бы таму, што рэсурсаў бірмінгемцаў наўрад ці хопіць, каб патрапіць у ЛЧ і ўтрымаць коўча пры наяўнасці прапановы ад «Ліверпуля».

Пэп Лейндэрс, асістэнт Клопа

Лейндэрс з Клопам не з самага пачатку, як немец перабраўся ў Англію, але даволі доўга – з 2018-га. Сёння нідэрландцу 41 год, і ён з'яўляецца тым, хто лепш за ўсіх кандыдатаў знаёмы з працэсамі ўнутры клуба і непасрэдна з калектывам. Калі «Ліверпуль» хоча далей гуляць так, як з Юргенам, то гэта найбольш набліжаны варыянт. Усе пералічаныя фактары перакрываюць адсутнасць вопыту – усяго 22 матчы на чале «Наймегена» ў сезоне 2017/18.

Іншая перашкода: паводле агучанай інфармацыі, мерсісайдскую каманду пакідае ўвесь штаб Клопа. Аднак рытарычнае пытанне, ці адмовіцца Лейндэрс, калі яму прапануюць пасаду? Так у «Ліверпуля» з'явіцца свой Пэп.

Ключавое ў гэтай гісторыі іншае – Лейндэрс з'яўляецца ідэальным часовым трэнерам. Клуб у выпадку яго прызначэння мала чым будзе рызыкаваць і зможа перачакаць наступны сезон. Перачакаць да лета 2025-га, калі на рынку аслабеюць пазіцыі Нагельсмана, калі выпрабаванні пройдуць Дэ Дзербі і Фар'ёлі, калі Франк рэінкарнуе «Брэнтфард», калі Мічэл тэарэтычна вывучыць англійскую і сыдзе з City Football Group. У перспектыве выбарка даступных трэнераў выглядае шырэй, чым сёння.

Лейндэрс падстрахуе і атрымае шанц увогуле зняць пытанне новага коўча, калі паспяхова правядзе кампанію 2024/25. І для «Ліверпуля» гэта ідэальны сцэнар.

Фота: PA Images, Christian Charisius/dpa, Fabrizio Andrea Bertani/Pacific Press via ZUMA Press Wire, Joao Rico/DPPI/Live Media, Powerpics, SOPA Images Limited

Іншыя пасты карыстальніка

«Сорамна, што я абраў цябе». Моту звольнілі з «Юве» – атрымаў 0:7 у двух матчах і непрыемныя словы ад босаў
25 сакавіка, 04:18
АПЛ стала закрытым клубам – другі раз запар адтуль выляцяць ўсе тры навічкі
18 сакавіка, 13:23
Шыкоўны выбар Дэшама і капітан Мбапэ: гайд па зборнай Францыі на Еўра-2024
12 чэрвеня, 10:04
🔥 Уласнікі «Чэлсі» зноў on fire: Пачэціна сышоў, Мічэл і Дэ Дзербі – кандыдаты, Тухель (!) таксама хоча
22 траўня, 12:49
Саўладальнік «МЮ» Джым Рэткліф адмяніў бясплатныя білеты для жанчын футбалістаў на фінал Кубка Англіі
15 траўня, 13:01
Германія – самая хаатычная топ-зборная свету прама зараз
24 сакавіка, 09:05
Супрацьстаянне Клопа і Пепа ў Англіі – легендарнае. Дапамагалі адзін аднаму станавіцца лепш
10 сакавіка, 08:35
«Гэта ##### гол». Арбітр скончыў матч, калі «Рэал» забіў – і мадрыдцаў прарвала
3 сакавіка, 17:23
Вялікая міграцыя топ-трэнераў: вяртанне Зідана, павышэнне Дэ Дзербі, шмат адставак?
29 лютага, 13:44
Не толькі Алонса. 5 варыянтаў для замены Клопа ў «Ліверпулі»
21 лютага, 15:49
У Сімеонэ вялікая спадчына ў «Інтэры»: сварыўся з Раналда, узяў Кубак УЕФА і пазбавіў чэмпіёнства ў 2002-м
20 лютага, 02:43
Штучны інтэлект выратаваў Мічэла ад звальнення з «Жыроны». Цяпер яго хочуць еўрапейскія топы
19 лютага, 02:25
Вучыся, Боэлі. «МЮ» перабудоўвае кіраўніцтва – забралі СЕО ў «Сіці», выкрадуць спортдыра «Ньюкасла»
18 лютага, 11:26
«Баварыі» ўсё горш – прайграла яшчэ і «Лацыа»: выдаленне Упамекано, 17 удараў – 0 у створ
15 лютага, 09:48
4 праблемы «Барселоны», якія важнейшыя за сыход Хаві
1 лютага, 13:21
«Атлетыка» падпісаў бельгійскага вундэркінда, пра якога марыла «Барса»
31 студзеня, 14:10
Кур'ер сэра Алекса. Ставіў па 100 тысяч фунтаў у дзень, біўся з Шырэрам, а яго агентам быў сам Фергюсан
30 студзеня, 16:40
Дзіўная гісторыя з 90-х: як і чаму Пальюка гуляў у джэрсі «Тотэнхэма», выступаючы за «Інтэр»
29 студзеня, 15:54
11 найненавіснейшых футбалістаў XXI стагоддзя
29 студзеня, 05:16
20 фактаў пра фенаменальны сезон «Баера»
26 студзеня, 12:47
Усе пасты