Tribuna/Футбол/Блогі/Шпілеўскі нахаміў журналістам – і гэта патрапіла ў прамую трансляцыю. Давялося выбачацца

Шпілеўскі нахаміў журналістам – і гэта патрапіла ў прамую трансляцыю. Давялося выбачацца

Беларуса ўсё больш недалюбліваюць на Кіпры.

Аўтар — Pam-pam
2 красавіка, 18:26
Шпілеўскі нахаміў журналістам – і гэта патрапіла ў прамую трансляцыю. Давялося выбачацца

1 красавіка ў сацыяльных сетках беларускага трэнера «Арыса» Аляксея Шпілеўскага з'явілася сторыс з прабачэннямі перад мясцовымі журналістамі:

«Усім журналістам і СМІ і асабліва тэлевізійнай станцыі Cytavision.

Ваш рэпартаж пасля ўчорашняй гульні не адлюстроўвае маёй асобы, але, тым не менш, ён абгрунтаваны, бо я кіраваўся сваімі эмоцыямі і выказаў сваю незадаволенасць каментатарамі з тэлеканала Cytavision, якія сядзелі побач з маёй ложай, падвышаным голасам. За гэта я хацеў бы шчыра папрасіць прабачэння ў двух джэнтльменаў з тэлеканала. Але я буду працягваць прытрымлівацца маралі, этычных каштоўнасцяў, падзякі, павагі, паводзін, справядлівасці, роўнасці і падштурхоўваць маіх фантастычных і любімых гульцоў наперад з энергіяй і імпэтам. У гэтым сэнсе міру і любві ўсім. Ваш Аляксей Шпілеўскі».

Скандал у чэмпіянаце Кіпра адбыўся яшчэ 16 сакавіка падчас матчу з «Пафасам». Пасля прапушчанага на 81-й хвіліне пенальці Шпілеўскі выйшаў з сябе і ўступіў у канфлікт з кімсьці на полі.

Такія паводзіны не засталіся незаўважанымі – беларускаму спецыялісту выпісалі чырвоную картку і папрасілі пакінуць тэхнічную зону. Акрамя таго Шпілеўскі вымушаны быў прапусціць наступны матч супраць «Анартосіса», які адбыўся 31 сакавіка. Беларускі спецыяліст назіраў за ім у адной з ложаў.

А там нібыта адбылося наступнае: падчас аднаго з гульнявых эпізодаў трэнер адрэагаваў на момант, у якім, на яго думку, трэба было прызначыць пенальці на карысць яго каманды. Ён чамусьці з ложы рэзка выказаўся ў бок тэлежурналістаў, якія сядзелі побач, і гэтыя словы патрапілі ў эфір. Што канкрэтна сказаў Шпілеўскі, кіпрыёты чамусьці не пішуць, але вось на роліку, што ніжэй, можна пачуць, як трэнер выказваецца па-англійску – менавіта гэтыя словы выклікалі абурэнне ў футбольнай супольнасці.

Выбачэнні Шпілеўскага пасля гульні прынялі далёка не ўсе, а журналіст Андрэас Вентурыс прысвяціў паводзінам беларускага трэнера цэлы артыкул на мясцовым сайце Balla. Аўтар сцвярджае, што коўч выклікае непрыхільнасць у заўзятараў нават не праз свой выбуховы характар, а таму што ў некаторых выпадках правакуе і дэманструе непавагу сваімі паводзінамі.

Пры гэтым журналіст адзначае, што Шпілеўскі мае права быць незадаволеным паводзінамі некаторых фанатаў, але яму трэба не рэагаваць так на любыя правакацыі, а зірнуць у люстэрка:

«Шпілеўскі паводзіць сябе пагардліва, як быццам ён робіць ласку кіпрскаму футболу, знаходзячыся тут. Я вельмі паважаю яго як трэнера, але ягоныя паводзіны неапраўданыя».

Часткова журналіст ускладае віну на клуб, які дазваляе такія паводзіны. Маўляў, хлопцы з прэс-службы не раз былі ў няёмкім становішчы, калі ім прыходзілася абараняць беларускага спецыяліста, не маючы выбару праз сваё становішча.

«Паверце, я сам некалькі разоў спрабаваў апраўдаць яго. Нават памятаю, як мяне ўразіла яго рашэнне перад вылетам каманды ў Прагу [на матч Лігі Еўропы супраць «Спарты»] павітаць па чарзе ўсіх, хто знаходзіўся ў самалёце. Кожнага. Гэта... зусім іншы Шпілеўскі, чым той, да якога мы прывыклі. Аднак цяпер апраўданні скончыліся, і вельмі шкада, вельмі шкада, што, калі прыйдзе час яму сыходзіць, большасць людзей будуць памятаць яго (і) за яго паводзіны, а не за футбол, у які гуляў «Арыс», і яго поспехі».

Пасля 26 матчаў «Арыс» ідзе другім і адстае ад АПАЭЛа на тры пункты.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты