Tribuna/Футбол/Блогі/Пастухоў шмат, а што з пастушкамі? Глянулі, хто ў Беларусі трэнуе жаночыя каманды – такі вось гендарны «баланс»

Пастухоў шмат, а што з пастушкамі? Глянулі, хто ў Беларусі трэнуе жаночыя каманды – такі вось гендарны «баланс»

Самыя «маскулінныя» – футбол і гандбол, самы «жаноцкі» – баскетбол.

Аўтар — bytribuna com
23 траўня, 16:00
Пастухоў шмат, а што з пастушкамі? Глянулі, хто ў Беларусі трэнуе жаночыя каманды – такі вось гендарны «баланс»

Жанчыны могуць быць трэнеркамі, але жаночымі камандамі мусяць кіраваць мужчыны, таму што галоўнае – псіхалогія. Такую нон-канфармісцкую думку ў святле сучасных тэндэнцый днямі агучыў 67-гадовы былы галоўны трэнер зборнай Беларусі па валейболе Віктар Ганчароў. На яго меркаванне, «пастухом у жаночых камандах павінен быць мужчына». Не зусім зразумела, як звязаныя пастухі і спорт, аднак «Трыбуна» вывучыла сітуацыю ў беларускіх зборных і клубах на прадмет гендэрнага балансу – карціна атрымалася красамоўнай. Вось якія суадносіны «пастухоў» і «пастушак» мы ўбачылі (і што ў іх там с поспехамі).

Валейбол

Пасля Ганчарова, які ў 2013-м вывеў Беларусь у 1/8 фіналу чэмпіянату Еўропы, жаночую зборную ўзначальвалі выключна мужчыны. У 2015-м каманду прыняў настаўнік «Прыбужжа» Пётр Хілько і на ЧЕ-2019 заняў з ёй рэкорднае сёмае месца. Яго зменшчыкам стаў Станіслаў Салікаў, а пасля накладання міжнароднага бана каманду трэнуе расіянін Сяргей Часнавіцкі.

«Мінчанку» – галоўны жаночы клуб краіны, які выступае ў чэмпіянаце Расіі, – апошнія гады таксама ўзначальвалі мужчыны. Пасля сезона-2019/20 Ганчарова змяніў Салікаў – і адразу прывёў калектыў да рэкорднага пятага месца.

З таго часу вышэй за дзесятае месца ў Расіі «Мінчанка» не заканчвала. Улетку мінулага года каманду прыняла Вольга Пальчэўская, якая да таго працавала з другім складам. Ганчароў кажа, што гэта «вельмі талковы чалавек»: «Дай бог, каб з яе атрымаўся добры трэнер, яна ідзе да гэтага».

З Пальчэўскай «Мінчанка» абнавіла свой антырэкорд у чэмпіянаце Расіі, па выніках сезона-2023/24 заняўшы 13-е месца. Затое каманда дзявяты раз запар стала першай у чэмпіянаце Беларусі. Галоўны канкурэнт «Мінчанкі» на ўнутранай арэне – «Прыбужжа», якое з 2016-га ўзначальвае Наталля Мелянюк. Толькі ў двух з сямі апошніх чэмпіянатаў брастаўчанкі фінішавалі ніжэй за другое месца. У студзені 2023-га падапечным Мелянюк удалося стварыць сенсацыю: у фінале Кубка Беларусі «Прыбужжа» перамагло «Мінчанку». Гэта паражэнне стала адной з прычын для расстання з галоўным трэнерам сталічнай каманды Сяргеем Юркіным.

Усяго ў мацнейшым дывізіёне ЧБ гуляюць восем каманд. Акрамя Мелянюк і Пальчэўскай там працуе яшчэ адна жанчына – Ганна Тамко ўзначальвае «Атлант» з Баранавічаў, які фінішаваў на перадапошнім месцы.

Футбол

За ўсю гісторыю жаночай зборнай яе галоўным трэнерам толькі аднойчы была жанчына. З 2013-га па 2015-ы пост займала Таццяна Волкава. Пад яе кіраўніцтвам каманда атрымала толькі дзве перамогі ў дзесяці матчах адбору на ЧС-2015. Пасля расстання са зборнай Волкава ў прафесійным футболе не працуе.

З таго часу камандай кіруюць спецыялісты, якія зрабілі імя ў мужчынскім футболе. Да 2019-га яе ўзначальваў Эдуард Дземенкавец, пасля яго і да сённяшняга моманту – Юрый Малееў. Пры мужчынах вынікі рэзка ў гару не пайшлі, але сталі крыху лепшымі. Карціну прыпсаваў толькі нядаўні вылет жаночай каманды ў найслабую групу С Лігі нацый.

Два апошнія сезоны жаночая ліга складаецца з 11 каманд. Традыцыйна ў ёй мала трэнерак – асабліва гэта тычыцца топавых клубаў. На самым пачатку існавання «Мінска» з ім працавала Ірына Булыгіна (2008-2012). «Зорку-БДУ» з жанчын апошнім разам трэнавала Наталля Мінкіна (2017-2018).

Калі казаць пра сёлетні трэнерскі склад жаночай лігі, то там усяго адна трэнерка. Мінулы зімой «Смаргонь» узначаліла Ірына Казеева, якая да таго працавала з жаночымі камандамі ў структуры «Нёмана». Пасля дзевяці матчаў у «Смаргоні» дзевяць паражэнняў і апошняе месца ў табліцы.

Гандбол

Больш за дзесяць гадоў жаночую зборную ўзначальваюць выключна мужчыны. Да сваёй смерці ў 2021-м галоўным быў славенец Томаш Чатэр. Пасля яго каманду прыняў Аляксандр Сыцько. Спецыяліст адпрацаваў два гады, а потым пайшоў на пост у федэрацыю, пакінуўшы трэнерскую пасаду Валерыю Пяўніцкаму, які працаваў са зборнай яшчэ да Чатара.

Да накладання міжнароднага бана каманда не цешыла вынікамі. Апошні раз беларускі адбіраліся на ЧЕ ў 2008-м, і там пад кіраўніцтвам Канстанціна Шараварава занялі 11-е месца.

У наймацнейшым дывізіёне ЧБ усяго шэсць каманд. Ніводную з іх жанчына не ўзначальвае. Затое працу ў лізе маюць ужо згаданыя Шаравараў (БНТУ-БелАЗ) і Сыцько («Віцяблянка»).

Баскетбол

Самы «жаноцкі» від спорту. У 2016-м упершыню ў гісторыі зборнай Беларусі яе ўзначаліла жанчына. Наталля Трафімава працуе да гэтага часу. На фоне змены пакаленняў у зборнай бывалі розныя вынікі. На двух першых для Трафімавай ЧЕ каманда не трапляла нават у дзясятку (15-е месца ў 2017-м і 13-я е 2019-м).

Затое вельмі паспяховым аказаўся Еўрабаскет-2021. Там беларускі сталі чацвёртымі. Пры гэтым камандзе не ўдавалася адабрацца ні на Алімпіяду, ні на чэмпіянат свету, што пры Анатолі Буяльскім было звыклай справай.

За год да зборнай Трафімава ўзначаліла «Гарызонт». Тры папярэднія сезоны камандзе з Мінскай вобласці не было роўных на ўнутранай арэне. У чэмпіянаце-2023/24 гегемонія была прыпыненая «Мінскам» Андрэя Ваўлева, якая зʼяўляецца рэкардсменам лігі па колькасці тытулаў (восем).

Ваўлеў у завочнай гонцы абышоў Аляксандра Шымкавяка, які да сваёй смерці ў 2018-м узначальваў «Алімпію» і ўзяў сем залатых медалёў. І пасля яго гарадзенкі засталіся канкурэнтаздольнымі. У многім гэта заслуга жонкі Шымкавяка Вікторыі Дацун. Спецыялістка ў адным інтэрвʼю прызналася, што «прадстаўніцы слабага полу дзяўчатамі кіраваць больш складана, чым мужчыне». «Асабліва цяжка даводзіцца, калі яны дасягаюць пераходнага ўзросту. Калі маленькія ківаюць з паўслова, то падлеткі ўжо не ўспрымаюць словы трэнера як ісціну ў апошняй інстанцыі. Пастаянна адчуваецца нейкі ўнутраны супраціў. Хоць і не ва ўсіх... Але асобныя гульцы ў гэтым узросце, нібы калючкі кактуса натапыраныя. Паспрабуй падбярыся…» – наракала Дацун.

Тым не менш з ёй «Алімпія» працягвае фінішаваць у медалях, якія каманда стабільна бярэ з сезона-1998/99.

Усяго ў ЧБ выступаюць дзесяць калектываў. Акрамя Трафімавай і Дацун галоўнымі трэнеркамі працуюць яшчэ пяць жанчын. Другую каманду «Мінска» не першы год узначальвае Вольга Падабед, моладзеўку «Гомельскіх рысяў» – Марына Мінкевіч. Камандай РДУАР кіруе Алена Іваноўская, гродзенскай «Вікторыяй» – Алена Скрабко, а брэсцкай «Вікторыяй» – Людміла Карынчук.

Хакей на траве

З 2015-га жаночай зборнай кіруе нідэрландзец Херман Крэйс. З ім беларускі зʼездзілі на ЧС-2019, дзе занялі апошняе месца, а ў наступным годзе выйгралі хатні чэмпіянат Еўропы па індархакеі – усечанай версіі хакея на траве ў памяшканні.

А вось трыма з чатырох беларускіх топ-клюбаў кіруюць жанчыны. У пачатку 2024-га адбылася самая гучная трэнерская перастаноўка ў беларускім хакеі на траве за апошнія гады. Пасаду галоўнай трэнеркі гродзенскага «Рытма» пакінула ўкраінка Ніна Дашко, якая кіравала камандай 24 гады. На вакантнае месца прыйшла яе выхаванка Вольга Шынтар.

У 2022-м баранавіцкі «Тэкстыльшчык» узначаліла экс-лідар зборнай Юлія Міхейчык. У тым жа годзе «Вікторыю» са Смалявічаў прыняла расіянка Юлія Ашурава. У гэтым сезоне лепш атрымліваецца ў апошняй. Перад фінішам рэгулярнага чэмпіянату лідаруе «Вікторыя», а яе галоўным праследавацелем зʼяўляецца «Мінск» Мікалая Санкаўца.

***

З жанчын-трэнерак пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020 ліст у падтрымку беззаконня падпісалі Казеева, Дацун, Скрабко, Дашко і Шынтар. Уся пяцёрка на той момант працавала ў Гродне. Трафімавай няма сярод падпісантаў, але ў лютым 2021-га яна ўдзельнічала ў лукашэнкаўскім народным сходзе

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты