Tribuna/Футбол/Блоги/Гасперыні – стваральнік цуду «Аталанты». Яго называюць дыктатарам, а ён натхняецца воўчай зграяй

Гасперыні – стваральнік цуду «Аталанты». Яго называюць дыктатарам, а ён натхняецца воўчай зграяй

Выйграў першы ў гісторыі еўракубак для Бергама.

23 траўня, 06:06
Гасперыні – стваральнік цуду «Аталанты». Яго называюць дыктатарам,  а ён натхняецца воўчай зграяй

У 2019 годзе Джан П'ера Гасперыні стаў ганаровым грамадзянінам Бергама. Цалкам магчыма, што ўжо пасля гэтага сезону ён зможа пазмагацца за званне мясцовага святога з Аляксандрам Бергамскiм, які лічыцца заступнікам горада.

Апошнія восем гадоў безумоўным заступнікам горада зʼяўляецца менавіта Гасперыні, які здолеў з правінцыйнай каманды зрабіць аднаго з лідараў Серыі А. Добрыя трэнеры тут бывалі і раней: Ліпі, Прандэлі, Гвідалін, Контэ, але толькі Гасп здолеў стаць для клуба культавым чалавекам, які змяніў усё.

Да прызначэння Джан Пʼера найлепшым вынікам клуба ў Серыі А было пятае месца ў сезоне 1947/48, а ў Еўропе самым высокім дасягненнем быў чвэрцьфінал Кубка УЕФА 1990/91. З Гасперыні «Аталанта» шэсць разоў фінішавала пятай або вышэй, тройчы ўдзельнічала ў Лізе чэмпіёнаў (і мы бачылі яе ў чвэрцьфінале), а цяпер выйгралі тытул у сваім першым жа еўрапейскім фінале.

Правёў усяго два сезоны ў Серыі А, але паспеў разбіць твар Марадоне

Джан Пʼера нарадзіўся ў мястэчку недалёка ад Турына, таму пытанняў пра дзіцячы клуб мары не ўзнікала. Ужо ў 9 год яго прывезлі на агледзіны ў дзіцячую каманду «Юве». У прымаверы Гасперыні гуляў побач з Паола Росі, яны нават пасябравалі з тых часоў, але стаць такім жа буйным гульцом яму было не наканавана.

Спачатку арэнда ў «Реджыну», затым пераход у «Палерма». З сіцылійцамі, якія былі ў Серыі Б, нават пашчасціла згуляць у фінале Кубка Італіі, але «Юве» не пакінуў шанцаў. Самым высокім пунктам футбольнай карʼеры Гасперыні стала «Пескара». У 29 гадоў ён упершыню згуляў у Серыі А, прычым забіў 7 мячоў у дэбютным сезоне. Некаторыя з іх былі даволі прыгожымі.

Гасп любіць з усмешкай успамінаць два сезоны «Пескары» у Серыі А. З ім гулялі бразільцы Эдмар і Ціта. Кажуць, што апошняга ўзялі ў «Баера», прамяняўшы на маладога Рамарыа. А яшчэ тыя гады запомніліся траўмай, якую Гасперыні нанёс Дыега Марадоне. Пасля адмашкі рукой ад італьянца Дыега наклалі чатыры шва, а фаны «Напалі» не на жарт спалохаліся, што страта лідара будзе каштаваць клубу чэмпіёнства.

Пасля «Пескары» Гасперыні яшчэ адбегаў сезончык у «Салернітане», а завяршаў у «Віс Пезара». Атрымалася даволі пасрэдная кар'ера, галоўным дасягненнем у якой стала перамога ў Серыі Б. Але трэнерскi лёс склаўся куды больш паспяхова.

Пачаў з моладзеўкі «Юве», праваліўся ў «Інтэры»

Свае галоўныя трэнерскія ідэі Гасп пачаў увасабляць яшчэ з моладзеўкай «Ювентуса». Гульня з трыма цэнтральнымі абаронцамі была ўспрынятая многімі як вяртанне да ультра-ахоўнага катэнача, але Гасперыні гэта не хвалявала. Яго каманды зусім не збіраліся чакаць памылак ад супернікаў, а рабілі ўсё, каб прымусіць яго памыліцца. Інтэнсіўны прэсінг і хуткія флангі рабілі гульню Гасперыні сапраўды відовішчнай.

У інтэрв'ю The Guardian шматгадовай даўнасці трэнер цытуе Сун-Цзы: «Абарона робіць вас непераможным, але калі вы хочаце атрымаць перамогу, то павінны атакаваць». Пасля перыядаў у «Кратонэ» і «Джэнаа» яго пачалі называць «Гасперсан» у параўнанні з Фергюсанам. Нават правальная спроба ў «Інтэры» не пахіснула веру Гасперыні ў свае прынцыпы.

На чале «нерадзуры» Гасп не выйграў ніводнага афіцыйнага матчу і пакінуў клуб праз рознагалоссі з кіраўніцтвам. Адразу пасля гэтага італьянца запрасіў на трэнінг Хасэп Гвардыёла. Падтрымка аднаго з найлепшых трэнераў свету вельмі дапамагла. Пазней Гвардыёла прызнаваўся, што гуляць супраць каманд Гасперыні – гэта як хадзіць да дантыста: заўсёды непрыемна.

Вярнуўшы сабе стабільнасць у «Джэнаа», які стаў моцным серадняком, ён прыняў прапанову «Аталанты». Тут яму ўдалося раскрыць свой патэнцыял і рэалізаваць ідэі ў поўнай меры. Клуб адразу заляцеў на чацвёртае месца, пачаў стабільнага гуляць у еўракубках, а футбалісты станавіліся новымі зоркамі.

Фішкі Гасперыні: звышцяжкія трэнінгі і раскрыццё гульцоў

Ключ да поспеху Гасперыні ў Бергама – велізарная праца. Прычым гэта не толькі апантанасць самога трэнера, які, па прызнанні жонкі, часта зрываецца пасярод ночы, каб запісаць нейкую новую ідэю, але і літаральна цяжкая фізічная праца на трэнінгах, якая прымушае гульцоў выплёўваць пячонку.

Папу Гомес казаў, што «Аталанта» – гэта адзіная каманда, якая адпачывае ў дзень гульні, бо ва ўсе іншыя дні яны бегаюць як праклятыя. Матч выглядае лёгкай прагулкай пасля тыднёвых трэнінгаў. Юны Крысціян В'еры перасекся з Гасперыні ў моладзеўцы «Юве» – і яго вердыкт быў такім, што Гасперыні забівае футбалістаў.

Джан П'ера упэўнены, што менавіта цяжкая праца дазваляе яго футбалістам раскрывацца. «Папу Гомес да мяне не гуляў на такім узроўні, таму што дрэнна трэнаваўся», – заключае трэнер. «Ілічыча называлі «бабуля», таму што ён хадзіў тут па коле і стараўся з усімі быць добрым. Але мы прымусілі яго змяніць падыход да трэнінгаў – і ён стаў «прафесарам», – Гасперыні прыводзіць у прыклад свайго славенскага легіянера.

Спінацола распавядаў журналістам, што за трэнінг яны прабягаюць 12 км. Для Гасперыні важны не проста бег, але і асэнсаваныя перасоўванні з мячом. Ён звяртае ў вагу на тое, што нават адбегаўшы 90 хвілін матчу, мозг павінен выпрацоўваць правільныя рашэнні, таму яны зноў і зноў на трэнінгах адпрацоўваюць камандны прэсінг і забяганні, даводзячы ўсё да аўтаматызму.

Акрамя таго, ён дамагаецца прагрэсу ад гульцоў звяна атакі, змяняючы іх светапогляд. Таму ж Папу Гомесу ён раіў звяртаць увагу на арбітра, якога ніколі не відаць, але ён заўсёды займае найбольш выгадную пазіцыю. Так аргенцінец навучыўся дзейнічаць паміж лініямі. Падобныя размовы ён праводзіў з Пашалічам і Маліноўскім, якія змянялі сваю гульню пад уплывам трэнера. Самы свежы прыклад – дэ Кетэларэ, які пасля аднаго асіста ў 40 мачтах за «Мілан» зрабіў 14+9 у Бергама. Нарэшце вярнуўся ў вялікі футбол таленавіты Скамака, ён таксама ўспомніў, як забіваць.

Яго называюць дыктатарам, а ён натхняецца воўчай зграяй

Акрамя таго, што ў Гасперыні самыя цяжкія трэнінгі ў Італіі (абышоў нават Контэ), пра Джан П'ера часта кажуць як пра дыктатара, які імкнецца ўсё кантраляваць. У свой час у яго адбыўся канфлікт у «Інтэры», дзе трэнер адкрыта выказаўся пра тое, што яму купілі зусім не тых гульцоў, якіх ён хацеў, а таксама прыйшлося мяняць любімую схему 3-5-2.

У 2020-м адбылася эпічная сварка паміж ім ды Папу Гомесам у перапынку матчу з «Мiт’юландам», нават дайшло да рукапрыкладства. За аргенцінца заступіўся Ілічыч, таму абодва апынуліся ў няміласці. Кіраўніцтва клуба ўстала на бок трэнера, таму ўжо праз месяц лідар і галоўны плэймейкер клуба апынуўся ў «Севільі».

У пачатку гэтага сезону загаварыў ужо Ёахім Мэле, які перайшоў у «Вольфсбург»: «Ты не адчуваеш сябе чалавекам, проста нумарам. У цябе няма ніякіх адносін з трэнерам.

Ён можа мучыць цябе па дзіўных прычынах. Напрыклад, Хёйлунд і я разам пайшлі на трэнінг, але ён не хацеў, каб мы гэта рабілі, таму што мы маглі камунікаваць і весяліцца па дарозе на трэнінг. Ён не хацеў гэтага, таму сварыў. Нават калі сам клуб сказаў, што я магу вазіць Расмуса на трэнінг, бо ён не ўмее кіраваць [машынай].

Не ведаю, ці тыпова гэта для італьянцаў, але гэта адна з рэчаў, праз якую ты ў выніку становішся злым і сытым такімі рэчамі па горла», – сказаў Меле.

Даволі нечакана за былога трэнера заступіўся Руслан Маліноўскі, у якога таксама быў міні-канфлікт з Гаспам. Італьянскія журналісты казалі, што спрэчка адбылася пасля спарынгу супраць «Ньюксла» ў перадсезонцы. Потым аказалася, што трэнер незадаволены выніковасцю ўкраінца, а той выдатна ведае, чаго ад яго хоча трэнер.

Урэшце, Маліноўскі пакінуў клуб, але пра трэнера кажа выключна станоўчыя рэчы: «Як было ў камандзе Гасперыні? Цяжка, але мы тройчы выходзілі ў Лігу Еўропы і тройчы ў Лігу чэмпіёнаў. Вядома, гэта складана, але гэта неабходна, калі вы хочаце дасягнуць мэты і выступаць на ўзроўні топ-каманд. Калі ў вас няма склада коштам больш за 300 мільёнаў, Вы павінны фізічна падрыхтавацца і быць мацнейшымі за іншых».

Па большай частцы, гульцы ўдзячныя Гасперыні, таму што ён дазваляе ім прагрэсаваць, але бываюць і іншыя выпадкі. Вы маглі забыцца, але ў свой час у «Аталанту» прыехаў Марцін Шкртэл. Гасперыні не задаволіла форма 34-гадовага гульца, а славак відавочна не разлічваў, што пад канец кар'еры трэба будзе араць як валу, таму супраца завяршылася праз тры тыдні.

Нават Папу Гомес летась заявіў, што спрэчкі бываюць, а ў іх выпадку ніхто не хацеў здавацца. У тым жа інтэрвʼю The Guardian Гасперыні распавядаў, што павесіў у распранальні фатаграфію воўчай зграі. Вы сапраўды бачылі такую ў iнтэрнэце і разнастайных пацанскіх пабліках.

«Воўчая зграя выдатна арганізаваная: той, хто ідзе наперадзе, задае тэмп, за iм ідзе наймацнейшы, каб адбіць магчымую атаку з франтавога боку і абараніць тых, хто ў сярэдзіне. З флангаў таксама ідуць вопытныя байцы, якія заўсёды гатовыя дзейнічаць, а замыкае зграю важак зграі, які кантралюе агульную сітуацыю», – распавядае трэнер.

Цяжка сказаць, наколькі праўдзівая інтэрпрэтацыя воўчай тактыкі ад італьянца, але для матывацыі каманды гэта працуе.

У Гасперыні нават сфармавалася свая трэнерская школа – гэта людзі, якія прытрымліваюцца яго прынцыпаў. Сярод іх нямала крутых трэнераў: Тыяга Мота, Іван Юрыч, Рафаэле Паладзіна і Альберта Джылардзіна.

Фота: Global Look Press/Spada/Keystone Press Agency, Michele Maraviglia/Global Look Press

Другие посты пользователя

Все посты