Tribuna/Футбол/Блогі/Хаос на трэнерскім рынку: Піолі, Хаві, Алегры – аўт, Дэ Дзербі і Мота сышлі з клубаў, Кампані – у «Баварыі»?

Хаос на трэнерскім рынку: Піолі, Хаві, Алегры – аўт, Дэ Дзербі і Мота сышлі з клубаў, Кампані – у «Баварыі»?

Сабралі ўсе афіцыйныя прызначэнні і звальненні, а таксама чуткі за апошнія тыдні.

25 траўня, 14:05
Хаос на трэнерскім рынку: Піолі, Хаві, Алегры – аўт, Дэ Дзербі і Мота сышлі з клубаў, Кампані – у «Баварыі»?

Апошнія тыдні ў стужцы навін Tribuna.com рэгулярна з'яўляецца інфармацыя пра звальнення, прызначэння або сыход кагосьці з трэнераў топ-ліг. Яшчэ больш – чутак. Пра звальненне Юргена Клопа і Томаса Тухеля ўсе ўсё і так выдатна ведаюць, таму пра іх лішні раз не будзем пісаць. А вось па іншых – ёсць цікавасьці.

Мы вырашылі структураваць усю інфармацыю – і прадставіць яе ў адным матэрыяле.

Афіцыйна прызначаныя

Арнэ Слот – «Ліверпуль»

Хулен Лапетэгі – «Вест Хэм»

Бо Свенсан – «Уніян»

Галоўным трэнерскім прызначэннем заканчэння сезона стаў, вядома ж, прыход Арнэ Слота ў «Ліверпуль». Нідэрландскі спецыяліст, які раней працаваў у «Феенордзе», зменіць Юргена Клопа. Слот афіцыйна пачне працу з мерсісайдцамі 1 чэрвеня. Больш падрабязна мы распавядалі пра яго ў асобным матэрыяле.

А вось прызначэнне Франчэска Фар'ёлі новым галоўным трэнерам «Аякса» было некалькі нечаканым. Італьянскі спецыяліст зʼяўляецца адным з самых перспектыўных трэнераў Еўропы, але вырашыў прыняць прапанову ад клуба не з топ-чэмпіянату. Бакі падпісалі трохгадовае пагадненне, якое пачне дзейнічаць 11 чэрвеня 2024 года і разлічана да 30 чэрвеня 2027 года. Пад кіраўніцтвам Фар'ёлі «Ніца» завяршыла сезон Лігі 1 на 5-м месцы.

Хулен Лапетэгі вярнуўся ў АПЛ. Раней ён працаваў у «Вулверхэмптане», але пакінуў пасаду ў жніўні мінулага года. Цяпер яго задача-дапамагчы «Вест Хэму», які нядаўна абвясціў пра звальненне Дэвіда Моеса (пра гэта крыху падрабязней ніжэй). Цікава, босы «малатабойцаў» сапраўды лічаць, што гэта менавіта той варыянт, які дапаможа клубу значна спрагрэсаваць?

«Уніян», які вельмі здаў пасля неверагоднага мінулага сезону, узначаліў Бо Свенсан, які раней працаваў у «Майнцы» (быў звольнены ў лістападзе 2023 года). Датчанін пачне працу 1 ліпеня.

Афіцыйна звольненыя або пакінулі клуб

Маўрысіа Пачэціна – «Чэлсі»

Хаві – «Барселона»

Дэвід Моес – «Вест Хэм»

Масіміліяна Алегры – «Ювентус»

Стэфана Піолі – «Мілан»

Раберта Дэ Дзербі – «Брайтан»

Тыяга Мота – «Балоння»

Клаўдзiа Раньеры – «Кальяры»

Ненад Б'еліца – «Уніян»

Вiл Стыл – «Рэймс»

Значна больш было трэнерскіх адставак. Самая гучная і нечаканая – у «Чэлсі». Нягледзячы на класную канцоўку сезону, лонданцы і Маўрысіа Пачэціна вырашылі спыніць супрацоўніцтва. Паводле інфармацыі брытанскіх выданняў, трэнер атрымае 3 млн фунтаў кампенсацыі.

«Барселона» ўсё ж звольніла Хаві. Раней у гэтым годзе іспанец абвясціў, што пакіне клуб пасля заканчэння сезона, затым каталонцы выдалі серыю матчаў без паражэнняў, Хаві змяніў рашэнне, заявіўшы, што застаецца ў клубе. Усё выглядала добра да нядаўняй прэс-канферэнцыі, на якой спецыяліст паскардзіўся на фінансавы стан клуба, адзначыўшы, што «блаугранас» знаходзяцца ў горшым эканамічным стане, чым «Рэал» і іншыя еўрапейскія каманды.

Пасля гэтага прэзідэнт клуба Лапорта раззлаваўся і даў указанне заняцца пошукамі замены Хаві. Зроблена.

Дэвід Моес прывёў «Вест Хэм» да 9-га месца па выніках сезона АПЛ, але кіраўніцтва ўсё роўна вырашыла страсянуць каманду, звольніўшы трэнера, які год таму выйграў для клуба першы за доўгі час трафей.

Мабыць, самым скандальным звальненнем стала развітанне «Ювентуса» з Масіміліяна Алегры. У клубе незадаволеныя яго паводзінамі пасля фіналу Кубка Італіі супраць «Аталанты».

«Вызваленне ад абавязкаў звязана з пэўнымі паводзінамі падчас і пасля фіналу Кубка Італіі, якое клуб лічыў несумяшчальным з каштоўнасцямі «Ювентуса» і тым, як павінны паводзіць сябе людзі, якія прадстаўляюць клуб», – заявілі ў турынскім клубе.

Італьянскі спецыяліст узначальваў «б'янканэры» з 2021 года, прывёў каманду да перамогі ў Кубку Італіі, таксама ён працаваў з турынцамі з 2014-га да 2019-га, здабыўшы тады 11 трафеяў.

«Мілан» абвясціў пра сыход Стэфана Піолі. Бакі дасягнулі пагаднення скасаваць дагавор супрацоўніцтва. Разам з Піолі клуб пакінуў і яго трэнерскі штаб. 58-гадовы спецыяліст узначаліў «расанеры» ў кастрычніку 2019 года, пад яго кіраўніцтвам каманда выйграла Серыю А ў сезоне 2021/22 і дайшла да 1/2 фіналу Лігі чэмпіёнаў у наступнай кампаніі. У бягучым сезоне «Мілан» фінішаваў 2-м у турнірнай табліцы Серыі А і змог выйсці ў 1/4 фіналу Лігі Еўропы.

На мінулым тыдні некалькі нечаканым стала абʼява ад «Брайтана» пра тое, што Раберта дэ Дзербі пакіне клуб пасля гэтага сезону. Пагаворваюць, у трэнера і кіраўніцтва розныя погляды на трансферную палітыку, таму бакі вырашылі спыніць супрацоўніцтва.

«Мы з клубам вырашылі завяршыць маё знаходжанне тут, каб працягваць працаваць так, як кожнаму з нас падыходзіць, прытрымліваючыся сваіх ідэй і бачання, а таксама сваім рабочым і чалавечым каштоўнасцям», – сказаў Раберта. Вядома ж, без працы італьянец не застанецца, у топ-лігах ёсць шмат клубаў, якія захочуць бачыць яго ў сябе.

Не такім нечаканым стала аб'ява пра тое, што Тыяга Мота пакіне «Балонню». Там усё проста– у трэнера заканчваўся кантракт, а новы ён падпісваць не захацеў, нават нягледзячы на тое, што вывеў сціплы клуб у Лігу чэмпіёнаў. Вельмі шкада, але Мота разумее, што яго чакае праца ў больш прэстыжным месцы. «Юве»? Чаму б і не.

Клаўдзiа Раньеры вырашыў завяршыць трэнерскую карʼеру, у сваім апошнім сезоне ён узначальваў «Кальяры». Чэмпіёнства з «Лестэрам» назаўжды ў нашых сэрцах. Яшчэ ў пачатку месяца былі звольненыя Ненад Бʼеліца з Берлінскага «Уніяна»і Віл Стыл з «Рэймса». Французскі клуб спыніў супрацоўніцтва з 31-гадовым Стылам пасля няўдалай серыі ў Лізе 1, калі каманда атрымала ўсяго дзве перамогі ў 14 матчах. Lʼequipe паведаміў, што адным з кандыдатаў на замену зʼяўляецца сын Карла Анчалоці – Давідэ Анчэлоці.

Чуткі пра звальнення і прызначэння

Эрык тэн Хаг хоць і вывеў «МЮ» ў фінал Кубка Англіі, але праваліў сезон у АПЛ, дзе манкуніянцы занялі аж 8-е месца. Новае кіраўніцтва клуба адкрыта не крытыкуе трэнера, але і не дае ніякіх гарантый, што нідэрландец застанецца ў руля каманды. Журналіст і інсайдэр Джанлука ды Марцыа наогул сцвярджае, што «МЮ» звольніць Эрыка, а кандыдатамі на яго замену зʼяўляюцца Кіран Макена, Які вывеў «Іпсвіч» у Прэмʼер-лігу, і Маўрысіа Пачэціна, які пакінуў «Чэлсі». Таксама паведамлялася пра варыянт з запрашэннем Томаса Тухеля.

У Макены шмат варыянтаў – ім цікавяцца яшчэ і «Брайтан» з «Чэлсі». Аднак менавіта манкуніянцы знаходзяцца бліжэй за ўсё да таго, каб прывабіць перспектыўнага спецыяліста да сябе. Паведамлялася, што прадстаўнікі «МЮ» ўжо сустракаліся з прадстаўнікамі Макены. Глядзім, што будзе далей, але ўтрымаць яго «Іпсвічу» будзе вельмі цяжка.

Калі ж «Чэлсі» не атрымаецца дамовіцца з Кіранам, то ёсць некалькі запасных варыянтаў. Напрыклад, Томас Франк з «Брэнтфарда», Себасцьян Хёнес з «Штутгарта» і Энца Мареска з «Лестэра». Апошні падабаецца кіраўніцтву «сініх» з-за стылю гульні – лонданцы хочуць кантраляваць мяч і канкураваць з Пепам і Артэтай. Поспеху.

Куды смяшней і дзіўней можа стаць прызначэнне Венсана Кампані галоўным трэнерам «Баварыі». Не, бельгіец, вядома, малайчына, але няўжо чалавек, пад кіраўніцтвам якога «Бёрнлі» вылецеў з АПЛ, з'яўляецца кандыдатам, які зможа наладзіць мюнхенскі механізм? З аднаго боку – год таму ён выявіў сябе ва ўмовах, калі яго каманда была адной з наймацнейшых у лізе, з другога – у яго зусім мала вопыту, а тут такі скачок на топ-узровень.

Паводле інфармацыі BILD, паміж кіраўніцтвам мюнхенскага клуба і 38-гадовым бельгійцам ужо адбылася сустрэча, падчас якой бакі прыйшлі да пагаднення. Адзначаецца, што «Бёрнлі» хоча атрымаць за Кампані блізу 23,5 мільёнаў еўраў кампенсацыі.

«Мілан» актыўна вядзе перамовы з Паўлу Фансекай з «Ліля». Кантракт трэнера з французскай камандай заканчваецца ў канцы сезона. Праз некалькі дзён бакі сустрэнуцца, каб абмеркаваць будучыню. «Мілан» лічыць Фансеку ідэальнай заменай Піолі. Клуб распачне канчатковую спробу дамовіцца з Паўлу, калі ён не падоўжыць пагадненне з «Лілем».

Маўрыцыа Сары блізкі да кіраўніка «Севільі». Нядрэннае рашэнне улічваючы вопыт трэнера. Іншы італьянец – Джан Пʼера Гасперыні – хоць і выйграў Лігу Еўропы з «Аталантай», але адкрыта заігрывае з «Напалі».

«Я ў дзіўнай сітуацыі, калі быццам жанаты, з дзецьмі, але сустракаю неверагодна прыгожую жанчыну. Я пагавару з прэзідэнтам заўтра. Паглядзім», – сказаў трэнер пасля матчу з «Баерам».

Галоўным кандыдатам на месца трэнера «Барселоны» зʼяўляецца Хансі Флік. Паводле інфармацыі As, у сераду спартыўны дырэктар «блаугранас» Дэку і чалец спартыўнай камісіі Боян Кркіч правялі сустрэчу з немцам у Лондане. Па выніках перамоў клуб і трэнер дасягнулі прынцыповай дамоўленасці – чакаецца, што Флік падпіша з «Барселонай» двухгадовы кантракт.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты