Tribuna/Футбол/Блогі/Гэты сезон «Рэала» – недаацэнены: каманда Анчалоці бліскуча пераадольвае крызісы

Гэты сезон «Рэала» – недаацэнены: каманда Анчалоці бліскуча пераадольвае крызісы

Адна з найлепшых кампаній у гісторыі клуба.

Гэты сезон «Рэала» – недаацэнены: каманда Анчалоці бліскуча пераадольвае крызісы

Было б дзіўна, калі б «Рэал» пачынаў сезон не фаварытам ЛЧ, Ла Лігі, Кубка Караля ці міжгалактычных спаборніцтваў аднарогаў. Клуб заўсёды імкнецца выйграваць усё і ўсюды, але бягучы сезон ставіў перад Анчалоці процьму звышскладаных пытанняў. Як гуляць без асноўнага галкіпера? Што рабіць, калі за некалькі тыдняў вылятаюць амаль усе асноўныя абаронцы? Якую пазіцыю на полі вызначыць Джуду Белінгему? Ці можа замяніць Бензема 34-гадовы ноўнэйм?

Карла бліскуча справіўся з усімі задачамі, філігранна манеўруючы паміж кропель. Гэты сезон унікальны для «Рэала» нават на фоне мінулых перамог і трох запар ЛЧ ад Зідана.

Прайшоў сезон без Куртуа, зрабіўшы правільны выбар

Выбар паміж Луніным і Кепам быў невідавочным і няпростым. Усе мы ведаем вынік. У гэтым годзе многія топ-клубы сутыкнуліся з траўмамі асноўных галкіпераў: «Ліверпуль», «Сіці», «Барселона», але мадрыдцы прайшлі свой этап, фактычна не адчуўшы страты. Тая ж «Барселона» праз адсутнасць тэр Штэгена не далічыліся некалькіх балаў, а вось у «Рэала» ўсё было ледзь не ідэальна.

Нягледзячы на велізарныя кадравыя праблемы, «Рэал» згуляў рэкордную колькасць «сухіх» матчаў

У пачатку сезона толькі варʼят мог прагназаваць «Мадрыду» такую статыстыку ў абароне. 10 жніўня цяжкую траўму атрымаў Куртуа, а ўжо праз тры дні «крыжы» парваў Эдэр Мілітаа. У сярэдзіне снежня дасталася Алабе – таксама крыжы і паўгода па-за полем.

Больш лёгкія траўмы мелі Чуамені і Камавінга, якія адказваюць за абарончыя дзеянні каманды і былі вымушаныя страхаваць профільных абаронцаў. Такім чынам адзіным з асноўных абаронцаў увесь сезон роўна і без траўмаў правёў Антоніа Рудзiгер, але нават ён прапусціў два матчы праз пашкоджанні.

Нягледзячы на ўсе праблемы, Анчы не проста выруліў, а выдаў неверагодны 21 матч без прапушчаных мячоў у Ла Лізе. Гэта абсалютны рэкорд мадрыдцаў, раней такіх матчаў за сезон было не больш за 19.

Зноў сваю незаменнасць даказаў 34-гадовы Нача Фернандэс, які ўжо зраўняўся па тытулах з Марселу. Калі «Рэал» атрымае перамогу ў ЛЧ, іспанец стане самым тытулаваным гульцом у гісторыі клуба.

«Рэал» палепшыў клубны рэкорд – 32 гульні без паражэнняў у Ла Лізе

Адзінае паражэнне ў чэмпіянаце адбылося ў 6-м туры супраць «Атлетыка», які быў мацнейшы з лікам 3:1. Пасля гэтага падапечныя Анчы не прайгравалі ў чэмпіянаце, завяршыўшы сезон з 24 перамогамі і 8 нічыімі. Папярэдні рэкорд доўжыўся з траўня-1988 па красавік-1989 і складаў 30 матчаў. Ні адзін склад «сметанковых» у XXI стагоддзі не паказваў такую стабільную гульню.

«Сантʼяга Бернабеу» – сапраўдная «белая крэпасць». Клуб ні разу не прайграў дома

«Así, así, así gana el Madrid» («Так, так, менавіта так перамагае «Мадрыд») – скандуюць заўзятары на абноўленым «Бернабеу». І маюць на гэта поўнае права, бо гэтай вясной яны ўбачылі абноўленую арэну ва ўсёй прыгажосці, а цягам сезона заўзятары не ўбачылі ніводнага хатняга паражэння: 20 перамог і 5 нічыіх на «Бернабеу».

Анчалоці адзначыў атмасферу стадыёна пасля матчу супраць «Баварыі»: «У нас былі сілы на камбэк, калі «Баварыя» забіла. Гэта здарылася зноў тут, на «Бернабеу». Тут, з нашымі заўзятарамі, гэта цалкам звычайная справа. З імі мы можам рабіць нешта дзіўнае».

«Ты як быццам гуляеш у Калізеі, адчуваеш сябе гладыятарам. Асаблівыя адчуванні. Вы не можаце нават уявіць, наколькі вялікі гэты клуб», – казаў пра хатнюю арэну Джуд Белінгем.

Два футбалісты «Рэала» зʼяўляюцца галоўнымі прэтэндэнтамі на «Залаты мяч»

Калі б сезон завяршыўся дзесьці ў пачатку зімы, то нават не варта было б доўга думаць – Джуд Белінгем здаваўся чалавекам з іншага свету. Прыйшоўшы з «Барусіі», адразу ідэальна ўпісаўся ў гульню «Мадрыда». Ні адзін гулец у гісторыі клуба не забіваў больш англічаніна ў стартавых 15 матчах за клуб. У Джуда – 14, у Крыша і Ды Стэфана – па 13.

Тым самавіцей выглядае гэтая статыстыка, калі ўспомніць, што Джуд не форвард. Ужо ў лютым ён стаў першым паўабаронцам «Мадрыда», які забіў 15 мячоў у Ла Лізе. Але нават у такога ўнікальнага футбаліста ёсць канкурэнцыя ўнутры клуба.

Фантастычная форма Віні прымусіла букмекераў у канцы сезона аддаць бразільцу 40% на перамогу ў галасаванні за «Залаты мяч». Бразілец выдатна праводзіць вырашальныя матчы, ён стаў другім футбалістам «Рэала» пасля Крышцiяну і трэцім увогуле, пасля Яры Літманена, хто забіваў у паўфіналах тры гады запар. У трох апошніх сезонах ЛЧ бразілец з'яўляецца лідарам па сістэме гол+пас. У гэтым сезоне ў яго агулам 23 галы – паўтарэнне найлепшага выніку ў карʼеры, але ў мінулым годзе яму на гэта спатрэбілася 55 сустрэч, а тут настраляў за 37.

Але паміж зорнымі гульцамі зусім няма негатыўнай канкурэнцыі.

«Я б аддаў «Залаты мяч» Белінгему», – сказаў на днях бразілец.

«Калі ён у сваёй найлепшай форме, супраць яго немагчыма абараняцца. Я заўсёды кажу, што ён найлепшы», – адказвае Джуд.

Анчалоці сабраў топавы штаб. Кожны ўнёс свой уклад у вынік

Цяпер толькі лянівы не кажа пра ролю Давідэ Анчалоці, які дапамагае бацьку лепш разумець маладых футбалістаў, але і акрамя яго ў штабе працуюць топы, ад якіх залежыць поспех. Луіс Лопіс – трэнер брамнікаў, адказвае за гатоўнасць усіх галкіпераў першай каманды.

Яшчэ адна зорка – трэнер па фізпадрыхтоўцы Антоніа Пінтус, якога ўжо гэтым летам хоча перавабіць «Сіці». Італьянец мае ўласны падыход да кожнага гульца, дзякуючы чаму нават на позніх стадыях плэй-оф ЛЧ каманда выглядае свежай.

Хаселу, Нача, Васкес, Карвахаль – захавальнікі мадрыдызму

У гэта дзіўна паверыць, бо раней галоўная прэтэнзія каталонцаў да «Рэала» заключалася ў тым, што гэта ў асноўным каманда завезеных зорак. У пэўнай ступені яно так ёсць і цяпер, але ў камандзе заўсёды застаюцца захавальнікі мадрыдызму, якія выйшлі з клубнай акадэміі. Самы яркі хайлайт гэтага сезона – Хаселу, які блукаў па клубах узроўню «Гановера», але вярнуўшыся ў 33 гады ў родны клуб, здолеў вывесці яго ў фінал ЛЧ.

Нача, Дані Карвахаль, Лукас Васкес, – таксама высоўваліся на прыкметныя ролі ў розныя адрэзкі сезона. «Лукас Васкес, ты ###### (чортава) легенда», – напісаў Джуд Белінгем пасля выдатнага перформансу іспанца ў Эль Класіка.

Знакамітая ідэалогія Перэса «Зіданаў і Павонаў» працягвае паспяхова ўвасабляцца ў жыццё. Нават калі нікога з іх ужо не будзе ў наступным сезоне, гэтыя хлопцы паспелі выйграць столькі тытулаў, што не пад сілу шматлікім топ-клубам.

Фота: Global Look Press/Panoramic/Keystone Press Agency

Іншыя пасты карыстальніка

Белінгем ужо зразумеў праблему галактыкас «Рэала» – «напхаў» Вінi, Мбапэ і Радрыга ў перапынку
20 жніўня, 10:07
😱 Два трансгендэры будуць баксаваць з жанчынамі на Алімпіядзе – гэта абурыла атлетаў і фанаў у сацсетках
30 ліпеня, 15:39
1
Скачкі ў ваду – самы смешны від спорту на Алімпійскіх гульнях. Зараз пакажам чаму
30 ліпеня, 08:04
10 найлепшых дамашніх формаў сезона 2024/25
29 ліпеня, 06:43
9 простых фактаў, якія пацвярджаюць абсалютнае дамінаванне Іспаніі на Еўра
15 ліпеня, 13:56
Зборная 1/4 Еўра: бліскучы Ольма, 41-гадовы Пепэ і швейцарскі форвард
7 ліпеня, 14:38
Гісторыя дня: Румынія пакінула Еўра з пачуццём уласнай годнасці – гэта бачна і на прыкладзе распранальні
4 ліпеня, 16:34
Познія галы – новая фішка Белінгема: ужо шосты за сезон – адзін, магчыма, выратаваў жыццё Мілеўскаму
1 ліпеня, 17:37
5 гульцоў, якія сталі адкрыццямі групавога этапу Еўра-2024
28 чэрвеня, 11:02
Забітцэр вывеў Аўстрыю ў плэй-оф еўра з першага месца. Яго нявеста – ураджэнка Херсона
26 чэрвеня, 04:51
Ох, жудасны момант у матчы Венгрыі і Шатландыі – форвард Варга страціў прытомнасць, ратавалі прама на полі, але, здаецца, усё ок
24 чэрвеня, 03:57
Гісторыя дня: Раналду стаў рэкардсменам еўра па асістах. Цяпер ЧЕ – афіцыйна яго турнір
23 чэрвеня, 19:37
Гульцы Еўра па пашпарце – топ наймаладзейшых і найстарэйшых, сярэдні ўзрост кожнай зборнай
13 чэрвеня, 06:13
17 цікавых летніх трансфераў, якія ўжо адбыліся
9 чэрвеня, 14:23
Каб падпісаць Ройса, «Гэлаксі» трэба заплаціць $350 тысяч іншаму клубу МЛС. Што?!
7 чэрвеня, 10:48
Карвахаль – адзін з герояў перамогі: у шосты раз (!) выйшаў у аснове на фінал ЛЧ, паклаў шосты мяч у сезоне
2 чэрвеня, 09:52
Лiчба дня: колькі часу на полі спатрэбілася Куртуа, каб выйграць два трафея ў сезоне
2 чэрвеня, 07:31
🏆 Грэцыя ўзяла дэбютны Еўракубак! «Алімпіякос» адолеў «Фіярэнціну» ў фінале ЛК – з голам на 116-й хвіліне
30 траўня, 02:55
Гэты сезон «Рэала» – недаацэнены: каманда Анчалоці бліскуча пераадольвае крызісы
29 траўня, 08:22
Сын Анчалоці праваліў кар'еру гульца, але ўжо гатовы стаць топ-трэнерам
28 траўня, 04:25
Усе пасты