Куды ўжо сваталi Ганчарэнку: у Расіі адны абвяргалi іншых, была чутка пра Еўропу
Недзе не дачакаліся, ад некаторых адмовіўся сам.
30 траўня «Урал» растаўся з беларускім трэнерам Віктарам Ганчарэнкам. Вынікі клуба былі сумнымі, а партфоліа коўча дае ўсё менш падстаў думаць пра будучыя топ-прапановы.
Аднак расiйскія і беларускія інсайдары ўжо падкінулі пару магчымых месцаў працы для трэнера – плюс такія звесткі былі і да сыходу з «Урала». Праўда, з таго часу прайшло чатыры месяцы – а Ганчарэнка па-ранейшаму без працы. Успомнім, куды сваталі трэнера і па якіх адрасах адпраўляюць цяпер.
ЦСКА
Хто даў інфармацыю. Telegram-канал «Мутко против», які вядзе расiйскі журналіст Глеб Трыфанаў, уваходны ў кулуары мясцовага спорту. У канцы траўня ў канале з'явілася інфармацыя, маўляў, у клубе ёсць меркаванне, што Ганчарэнка «не ўсё сказаў у ЦСКА», а яшчэ лічаць «найважнейшай тэмай» наладжванне атмасферы ў раздзявальні – а ў беларускага трэнера бачаць гэта моцным бокам. Але тут варта нагадаць, што ў 2021-м менеджар ЦСКА Раман Бабаеў сярод прычын раставання з Ганчарэнкам назваў «псіхалагічную сітуацыю ўнутры калектыва».
Неўзабаве цікавасць ЦСКА да Ганчарэнкі абверглі «Матч ТВ» і вядомы ў Расіі журналіст Васіль Конаў.
Што было з камандай. Пасля срэбра-2023 ЦСКА выдаў няўдалы для сябе сезон – стаў толькі шостым. У Кубку Расіі дайшоў да паўфіналу шляху РПЛ – там прапусціў у фінал «Зеніт».
У ЦСКА яшчэ хапае знаёмых Ганчарэнку гульцоў. З капітанскай павязкай працягвае выступаць 38-гадовы брамнiк Ігар Акінфееў. Таксама ў складзе Іван Аблякоў, Ігар Дзівееў, Уладзіслаў Торап.
Ганчарэнка з «Уралам» змагаўся супраць ЦСКА ў заключным туры РПЛ – прайграў 0:2 i адправiўся ў стыкi.
Згадаем, што стала вядома, што ў ЦСКА праселi фінансы – прыбыткі каманды за 2023-i скараціліся на 1,3%, а ў матчдэй – на 15%. Пры гэтым значна павялічыліся аперацыйныя выдаткі, што прывяло да найбольшых страт у лізе.
Што ў вынiку. Два гады ЦСКА трэніраваў расіянін Уладзімір Фядотаў. Пасля першага срэбнага сезону чаканні былі высокія, а з шостым месцам коўчам засталіся незадаволеныя. Сярод кандыдатаў на змену называліся былыя трэнеры каманд РПЛ, сербы Марка Нікаліч і Уладзімір Івіч, а таксама расійскі коўч «Крылаў Саветаў» Ігар Асінькін. Выбралі Нікаліча – пад яго кіраўніцтвам клуб набраў 17 ачкоў у 10 турах цяперашняга розыгрышу РПЛ і ідзе пятым у табліцы.
«Ферэнцвараш»
Хто даў інфармацыю. Арсеній Ісаеня – выхадзец з пабліка «Беларускі футбол». У шэрагу выпадкаў яго інсайды не спраўджваліся, а часам было незразумела, на чым увогуле грунтаваліся.
Што было з камандай. У чэмпіянаце ўсё было добра – клуб у шосты раз запар стаў чэмпіёнам Венгрыі (прычым з двухзначным адрывам па ачках). А вось у фінале Кубка краіны нечакана прайграў «Пакшу». Таксама «Ферэнцвараш» дабраўся да групы Лігі канферэнцый, дзе заняў другое месца і выйшаў у 1/16 фіналу, але там саступіў (0:1, 0:1) будучым уладальнікам трафея з «Алімпіякоса».
Не так даўно ў «Ферэнцварашы» трэніраваў экс-гулец зборнай Беларусі Міраслаў Рамашчанка – уваходзіў у штаб расiянiна Станіслава Чарчэсава. І Рамашчанка згадваў пра клубнае правіла размаўляць толькі на англiйскай мове – у Ганчарэнкі, як вядома, з гэтым цяжка.
Што ў выніку. Сезон-2023/24 у якасці галоўнага з камандай правёў вядомы ў мінулым сербскі футбаліст Дзеян Станковіч. Але па заканчэнні сышоў – падпісаў кантракт з расiйскім «Спартаком». У Венгрыi пісалі, што «Ферэнцвараш» праводзіць павольны пошук замены. У ліпені новым трэнерам стаў нідэрландзец Паскаль Янсэн, які раней працаваў у АЗ. З ім венгерскі клуб прабіўся ў восеньскі этап Лігі Еўропы, дзе пакуль прайграў абодва матчы, і выйграў 6 з 6 сустрэч унутранага чэмпіянату.
«Кайрат»
Хто даў інфармацыю. vesti.kz – адзін з асноўных спартыўных сайтаў Казахстана.
Што было з камандай. У 2023-м «Кайрат» застаўся без медалёў, у 2024-м пасля шасці тураў набраў толькі 8 ачкоў і дзяліў шостае месца – у гэты момант кіраўніцтва клуба прыбрала галоўнага трэнера Кірыла Кекера. А ў сярэдзіне траўня пайшла інфармацыя, што яго зменіць Ганчарэнка – маўляў, заключана папярэдняе пагадненне, што пасля сезона ў РПЛ беларускі трэнер паляціць у Казахстан. Сам Ганчарэнка тады сказаў, што да канца сезона пра будучыню не разважае.
Што ў вынiку. «Кайрат» прызначыў іншага чалавека – трэнерам стаў расiянiн Аляксандр Кержакоў, якога раней сваталі ў моладзевую зборную Беларусі.
З ім «Кайрат» выйшаў у лідары КПЛ, але ўжо ў жніўні Кержакоў сышоў – сказаў, што для яго ёсць «недапушчальныя рэчы» (хадзілі чуткі пра канфлікт з кіраўніцтвам). Да канца сезона каманду прыняў падняты з дубля Рафаэль Уразбахцін. Цяпер клуб ужо чацвёрты ў табліцы, хаця калі выйграе матч у запасе, то будзе другім.
«Пары НН»
Хто даў інфармацыю. Іван Карпаў – расійскі інсайдар, які не абыходзіцца без памылак. Праўда, Карпаў у пачатку траўня адразу паведамляў, што Ганчарэнка – і не толькі ён – «па асабістых прычынах» адхіліў прапанову з Ніжняга Ноўгарада.
Што было з камандай. «Пары НН» быў прамым канкурэнтам «Урала» за выжыванне. У канцы красавіка ніжагародская каманда атрымала 1:5 ад «Ахмата» – і звольніла расійскага галоўнага трэнера Сяргея Юрана.Пасля адмовы Ганчарэнкі і некаторых іншых кандыдатаў новым галоўным у «Пары НН» стаў серб Саша Іліч. У чатырох заключных матчах сезона ніжагародцы набралі толькі два ачкі, разам з «Уралам» пайшлі ў стыкі – і там з цяжкасцю выратаваліся ад тульскага «Арсенала» (1:2, 2:0).
Што ў выніку. За 10 тураў РПЛ-2023/24 «Пары НН» набраў 10 ачкоў і трымаўся 11-м у табліцы. Але яшчэ ў верасні пайшлі настойлівыя чуткі, што Іліча хочуць прыбраць – стрымлівае толькі кампенсацыя ў 300 тысяч еўра. А ў кастрычніку ўжо паведамлялася, што галоўны кандыдат на замену – зноў Ганчарэнка: маўляў, з ім ужо абмяркоўваюць асабістыя ўмовы і патэнцыйнае ўзмацненне каманды.
«Хімкі»
Хто даў інфармацыю. Крыніцы «Трыбун»” паведамілі, што ў пачатку лета коўчу прапаноўвалі працу «Хімкі» – але трэнер адмовіўся, заявіўшы, што хоча адпачыць.
Што было з камандай. У сезоне-2023/24 Хімкі выступалі ў Д2 – пад кіраўніцтвам Андрэя Талалаева выйгралі лігу і атрымалі пуцёўку ў эліту. Але ў чэрвені з трэнерам расталіся – гаварылася, што расiянiн сам гэтага хацеў, каб не пакутаваць ад працы (клуб славіцца дзiвакаватымі рашэннямі сваіх кіраўнiкоў).
На месца прыйшоў іспанскі коўч Франк Артыга. З ім «Хімкі» за 10 тураў РПЛ набралі 8 ачкоў і завіслі на 13-м радку. А ўжо ў канцы жніўня ўзначаліць каманду зноў прапанавалі Ганчарэнку – і, паводле нашых звестак, да гэтага было блізка.
Што ў выніку. Пакуль Артыга ўсё яшчэ на пасадзе, а Ганчарэнка, калі верыць расiйскім інсайдэрам, усё ж такі сканцэнтраваны на варыянце з «Пары НН”. І нават дзеля яго адхіліў канкрэтную прапанову з «Нефтчы» – азербайджанскай каманды з беларускім форвардам Ягорам Багамольскім, якая сумна пачала сезон (5 ачкоў у 9 матчах).