«Барусія» і «Рэал» у фінале ЛЧ: рэкорд супраць характару і развітальны трафей для Ройса або Кроаса
Хто ж выйграе?
Сёння, 1 чэрвеня, у 22:00 па беларускiм часе на «Уэмблi» дортмундская «Барусія» сустрэнецца з мадрыдскім «Рэалам» у фiнале Лiгi чэмпіёнаў – найважнейшым матчы еўрапейскага клубнага сезона 2023/24.
Расказваем усё самае важнае напярэдадні сустрэчы.
«Дортмунд» кінуў усе сілы на ЛЧ – і (пакуль) не пралічыўся
Забярыце гэтую Лігу чэмпіёнаў у «Барусіі» – і сезон-2023/24 будзе правальным.
Дортмундцы фінішавалі пятымі ў Бундэслізе, што нельга назваць добрым вынікам для каманды такога ўзроўню. Толькі дзякуючы магутным выступам у ЛЧ «чорна-жоўтыя» гарантавалі Германii (і, нарэшце, самім жа сабе) дадатковы, пяты бiлет на ўдзел у абноўленым турніры наступнага сезона. З Кубка Германіі «Барусiя» без шанцаў вылецела ад «Штутгарта» яшчэ ў канцы 2023-га на стадыі 1/8-й.
У той жа час пасля рэгулярных няўдач на ўнутранай арэне каманда Эдзіна Тэрзіча пастаянна знаходзіла сілы гуляць зусім інакш у Лізе чэмпіёнаў. Пасля хатніх 0:4 ад «Баварыі» дортмундцы ўпэўнена перамаглі «Ньюкасл», пасля серыі з трох матчаў без перамог «Барусія» ўзяла вырашальнае ачко ў матчы з «ПСЖ», якое дазволіла ёй выйграць «групу смерці», а першая перамога ў паўфінале над парыжанамі з даволі ўпэўненым і відовішчным футболам адбылася праз тры дні пасля ганебных 1:4 ад «Лейпцыга».
Гэтая Ліга чэмпіёнаў паказвае, што Тэрзіч – кубкавы трэнер, настроены выключна на вынік. Ён здзейсніў памылкі ў першым матчы супраць «ПСЖ», выправіў іх і пасля не прайграў ніводнага з трох матчаў. У першай сустрэчы з «Атлетыка» дортмундцаў зʼеў высокі прэсінг каманды Сімеонэ, але ў матчы ў адказ «Барусія» ужо ведала, як яму супрацьстаяць. Гэты Дортмунд вучыўся на сваіх памылках, увесь час удасканальваўся і зараз будзе гуляць у фінале.
Фінал, праўда, складаецца толькі з аднаго матча, так што ў Тэрзіча няма часу на эксперыменты. Пісьменна выбудаваная абарона, хуткія флангі і палкі Ніклас Фюлькруг наперадзе могуць стаць ключавымі для чорна-жоўтых у вырашальным матчы, аднак важна разумець, што свае правілы на полі будзе дыктаваць «Рэал» – і Дортмунд павінен быць да гэтага гатовы.
«Рэал» – абсалютны фаварыт сустрэчы: выйгралі 8 фіналаў запар, апошні раз саступілі 43 гады таму
Калі «Барусію» можна крытыкаваць за адсутнасць выніку і непераканаўчы футбол у Бундэслізе, то за што ўвогуле можна крытыкаваць «Рэал»?
Магчыма, да каманды Карла Анчалоці, якая пацярпела толькі дзве паразы ў 54 матчах гэтага сезону ва ўсіх спаборніцтвах (абедзве – ад «Атлетыка»), можна прычапіцца за плэй-оф Лігі чэмпіёнаў, бо і супраць «Лейпцыга» у 1/8-й, і супраць «Ман Сіці» у чвэрцьфінале, і супраць «Баварыі» у паўфінале мадрыдцам было вельмі няпроста.
Зрэшты, насуперак усім цяжкасцям, майстэрства гульцоў «Рэала» і вопыт Карла Анчалоці ў той ці іншы момант адыгралі вырашальную ролю – і мадрыдцы выйшлі ў свой 18-ы (!) фінал Лігі чэмпіёнаў.
Так, «Дортмунд» – аўтсайдар гэтага фіналу, але «каралеўскі клуб» быў бы фаварытам і супраць любой іншай каманды: «Рэал» 8 раз запар выйграваў Лігу чэмпіёнаў, выходзячы ў фінал, а апошні раз саступаў у матчы гэтай стадыі 43 гады таму, калі ў сезоне-1980/81 трафей над галавой падняў «Ліверпуль». Шанцаў «Мадрыду» дадае і той факт, што Анчалоці – самы тытулаваны трэнер у гісторыі Лігі чэмпіёнаў, выйграваў трафей 4 разы.
«Барусіі» трэба прыдумаць нешта экстраардынарнае, каб спыніць «Рэал» ад выйгрышу 15-га трафея ЛЧ у клубнай гісторыі.
Кадравая сітуацыя
У «Барусii» прыняць удзел у фінале не змогуць тры футбалісты – Матэу Марэй, Жульен Дзюранвіль і Рамі Бенсебаіні. Праўда, ні адна з гэтых страт не надта сурʼёзная для Тэрзіча: Марэй і Дзюранвіль сумарна найгралі ўсяго 120 хвілін гэтага сезона, а Бенсебаіні нават здаровым пачынаў бы на лаве запасных, таму што арандаваны ў «Чэлсі» Іан Матсан забетанаваў за сабой месца ў старце.
Да фінала змог аднавіцца нават цэнтрфорвард Себасцьен Алер, а самы галоўны футбаліст для «Дортмунда» у гэты вечар Марка Ройс, хутчэй за ўсё, пачне матч у запасе.
У «Рэале» дакладна не згуляе Арэльен Чуамэні, які атрымаў пашкоджанне ў матчы з «Баварыяй» на «Бернабеу», і Давід Алаба, які працягвае аднаўляцца ад траўмы крыжападобнай звязкі. Брамнiк Андрэй Лунін захварэў на грып і нават не паляцеў у Лондан разам з камандай.
Зрэшты, усе гэтыя страты «Рэал» зможа кампенсаваць рэзервамі свайго фантастычнай глыбіні складу. Луніна заменіць Цiбо Куртуа, які цалкам аднавіўся ад траўмы, замест Алабы ў цэнтры абароны ўжо даўно гуляе Нача, а Эдэр Мілітаа, які таксама вярнуўся пасля доўгай адсутнасці з-за пашкоджання крыжоў, гатовы рвацца ў бой. Але на месцы Чуамены чакаюць Эдуарда Камавінга.
Асаблiвы трафей для Ройса або Кроаса
Безумоўна, галоўная афіша паядынку – супрацьстаянне Марка Ройса і Тоні Кроаса. Для легенд «Барусii» і «Рэала» гэта будзе апошні матч за іх клубы, а для Кроаса – увогуле ў клубным футболе. I падняць напрыканцы над галавой самы прэстыжны футбольны трафей – найлепшае, што футбол мог бы прапанаваць ім абодвум.
Нажаль, выйграць зможа толькі адзін – і гэтая перамога альбо перакрые ўсе папярэднія няўдачы Ройса ў складзе дортмундцаў, альбо паставіць Кроаса ў шэраг самых тытулаваных гульцоў у гісторыі ЛЧ (пакуль у яго 5 трафеяў).
Фота: IMAGO/pepphoto / Horst Mauelshag, Oscar J. Barroso/Keystone Press Agency, TF-Images