50 (!) вядомых футбалістаў, якія не трапілі ў заяўку сваіх зборных на Еўра-2024
Вось дык каманда.
Да старту чэмпіянату Еўропы-2024 засталіся лічаныя дні. Трэнеры зборных уносяць апошнія карэктывы ў заяўкі, аднак ужо можна скласці спіс з некалькіх дзясяткаў футбалістаў, якія па розных прычынах не трапілі нават у пашыраны спіс. Хтосьці – праз траўмы, хтосьці – праз дрэнную гульнявую форму, а ёсць нават такія, хто будзе глядзець турнір па тэлевізары ўдома праз канфлікт з трэнерам ці дыскваліфікацыю.
Мы сабралі 50 вядомых футбалістаў, якія праляцелі міма заяўкі сваіх зборных на Еўра-2024. Адразу скажам, што было ўсяго два крытэры – гулец меў або мінімум адзін матч за нацыянальную каманду са студзеня 2023 года, або правёў сезон 2023/24 на такім узроўні, што прымусіў многіх задумацца пра выклік.
Адзін з самых зорных набораў «адсеяных» - у гаспадароў турніру. Юліян Нагельсман вельмі строга паставіўся да падбору футбалістаў, у большасці выпадкаў аддаючы перавагу бягучай форме, а не агульным заслугам за мінулыя гады. Хаця той жа Матс Хумельс, здаецца, цалкам заслужыў месца ў заяўцы за выдатную другую палову сезона, а асабліва – матчы ў Лізе чэмпіёнаў. Увосень яго выклікалі ў зборную, але цяпер – не.
Юліян Брант правёў за зборную Германіі 8 матчаў у 2023 годзе, аднак не быў выкліканы на сакавіцкія гульні супраць Францыі і Нідэрландаў, а таксама праляцеў міма заяўкі на Еўра. Серж Гнабры згуляў 6 матчаў за нацыянальную каманду летась, але часта выпадаў праз траўмы ў сезоне 2023/24, таму Нагельсман вырашыў не рызыкаваць. Крыху здзівіла адсутнасць Леона Гарэцкі, які правёў не найлепшы сезон за «Баварыю», але, здавалася, дакладна будзе ў абойме Бундэсцім.
Ціма Вернер пачаў выпадаць са спісу гульцоў зборнай яшчэ летась (хаця паспеў згуляць тройчы ў 2023-м), а Бернд Лена хоць і не гуляў за немцаў аж з 2021 года, але выклікаўся яшчэ нават у сакавіку.
❌ Бэн Уайт
Цалкам прадказальна, што шмат зорных імёнаў і ў спісе англічан – менавіта іх чэмпіянат з'яўляецца самым папулярным у свеце.
Бэн Чылуэл хоць і згуляў два матчы за «Трох ільвоў» у сакавіку гэтага года, але частку сезона прапусціў праз траўму. Падобная сітуацыя і ў Рыса Джэймса, якога хоць і няшмат, але прыцягвалі да матчаў за зборную ў кваліфікацыі (правёў 5 хвілін супраць італьянцаў). Падобна, Саўтгейт мае вялікія сумневы, што гэтыя гульцы змогуць у кароткія тэрміны вярнуцца ў найлепшую форму.
Рахім Стэрлінг хоць і не гуляў за зборную Англіі з ЧС-2022, але яго нетраплянне ў заяўку на вялікі турнір успрымаецца як нешта нечаканае. Маркус Рэшфард зусім страціў форму ў клубным сезоне, таму будзе працаваць над сабой, каб вярнуцца ў нацыянальную каманду ўжо восенню. А вось Джэйдан Санча правёў класную другую палову сезона, але не пераканаў трэнера «Трох ільвоў» у тым, што ён можа быць карысным на Еўра.
Джордан Хендэрсан мусіў разумець, што яго ўдзел у турніры пад пытаннем, калі пераходзіў у чэмпіянат Саудаўскай Аравіі. Нават вяртанне ў Еўропу не дапамагло, хаця здавалася, што ён будзе адным з незаменных гульцоў як мінімум для распранальні англічан. Ну а Бэн Уайт увогуле адмовіўся ад выступаў за зборную.
Італьянцы, у адрозненне ад папярэдніх дзвюх зборных, маюць аж пару людзей, якія цалкам маглі разлічваць на выклік, але ім перашкодзілі траўмы. Дэсціні Удоджы і Франчэска Ачэрбі аслабілі лінію абароны каманды Спалеці, атрымаўшы пашкоджанні. Абаронца «Інтэра» траўмаваў пах у самым канцы сезона.
Некалькі нечаканым стаў нявыклік Мануэля Лакатэлі, які гуляў за Скуадру ў сакавіцкіх матчах, а таксама быў адным з найлепшых гульцоў каманды на мінулым кантынентальным турніры. Паўабаронца «Юве» гуляў у адборы супраць Украіны і Мальты, але Лучана верыць у поспех каманды без яго. Спінацола таксама быў адным з важных гульцоў італьянцаў на мінулым Еўра, але з чэрвеня мінулага года не выклікаецца ў нацыянальную каманду.
Нікола Дзаньёла апранаў футболку зборнай Італіі некалькі месяцаў таму, але праляцеў міма заяўкі на Еўра. Тут можна зразумець трэнера – гулец не з'яўляецца асноўным нават у «Астан Віле», ды яшчэ і атрымаў пашкоджанне. Чыра Імобіле і Даменіка Берардзі яшчэ восенню гулялі і нават забівалі за Скуадру ў матчах кваліфікацыі, аднак правялі не найлепшыя сезоны на клубным узроўні – у першага толькі 7 галоў у Серыі А, а ў другога – 9. У Даменіка яшчэ і траўма.
Прычыну адсутнасці Таналі ўсе добра ведаюць – ён адбывае дыскваліфікацыю за стаўкі. А Вераці, як і Хендэрсан, ведаў, на што ішоў, калі пераязджаў у чэмпіянат Катара.
❌ Гаві
Сітуацыя іспанцаў падобная да сітуацыі італьянцаў – таксама некалькі гульцоў, якія прапусцяць турнір праз траўмы. Гаворка пра двух прадстаўнікоў «Барселоны» – Алехандра Бальдэ і Гаві.
Пау Торэс быў запасным падчас матчаў кваліфікацыі, аднак нават поспех у складзе «Астан Вілы» не пераканаў Луіса дэ ла Фуэнтэ ў тым, што абаронца будзе карысны камандзе на Еўра. Лукас Васкес не гуляў за зборную з 2018-га, але правёў добрую другую палову сезона і заслужыў падаўжэнне кантракту з «Рэалам» – але не вяртанне ў зборную.
Педра Пора выклікаўся на веснавыя матчы, правёў увесь матч супраць Калумбіі, а Марка Асэнсіа згуляў адзін матч у кваліфікацыі, нават аддаў асіст у гульні з Грузіяй, але прапусціў пару месяцаў восенню праз траўму, а выніковыя 5+7 за «ПСЖ» не уразілі трэнера Рохі.
Галоўнай стратай французаў смела можна назваць Люку Эрнандэса, які атрымаў разрыў пярэдняй крыжападобнай звязкі левага калена ў першым паўфінале ЛЧ супраць «Барусіі».
Таксама ў спісе аж тры прадстаўнікі «Чэлсі». Аксель Дысасі выклікаўся на матчы кваліфікацыі, Мало Гюсто гуляў з Нідэрландамі ў тым жа адборы, а Крыстафер Нкунку хоць і аднавіўся пасля траўмы, але не паспеў праявіць сябе так, каб уразіць трэнера нацыянальнай каманды.
Класная форма Мусы Дыябі ў складзе «Астан Вілы» пераканала Дзідзье Дэшама выклікаць вінгера на сакавіцкія матчы зборных, аднак на Еўра гулец не паедзе. А ён у гэтым сезоне правёў на клубным узроўні 54 матчы, у якіх аформіў 10+9.
Нідэрланды маюць нестандартны спіс, бо трое з гэтай пяцёркі яшчэ нават не дэбютавалі за нацыянальную каманду. Аднак кожнага з іх ужо даўно хочаць бачыць у футболцы Аранье. Пакуль што не складаецца.
Джошуа Зіркзее стаў адным з герояў «Балонні» (12 галоў і 7 асістаў), але так і не атрымаў дэбютнага выкліку ў зборную. Здавалася, што Свен Ботман вось-вось згуляе першы матч за нацыянальную каманду, што прадказваюць яму яшчэ з часоў яго выступаў за «Ліль», але цэнтральны абаронца зноў атрымаў цяжкую траўму, выступаючы за «Ньюкасл». А меў усе шанцы патрапіць у спіс. Веснавая частка сезона ў выкананні Матсена ў складзе «Дортмунда» ўразіла многіх, але не Рональда Кумана.
Юрыен Цімбер правёў усяго два матчы ў гэтым сезоне АПЛ – у першым туры і ў апошнім. Напэўна, ён цяпер рыхтаваўся б да матчаў на Еўра, калі б не пашкоджанне, якое выбіла з гульні на многія месяцы. Мартэн дэ Рон быў у планах Кумана, бо гуляў за зборную вясной, але паўабаронца «Аталанты» атрымаў траўму ў канцы сезона.
Цібо Куртуа – напэўна, самы зорны і топавы футбаліст, які не трапіў у заяўку сваёй зборнай на Еўра-2024. У бельгійскага брамніка канфлікт з галоўным трэнерам каманды Даменіка Тэдэска, які цягнецца яшчэ з мінулага года. Прычынай стала капітанская павязка, якую трэнер у адсутнасць Кевіна дэ Бруйнэ перадаў Рамелу Лукаку, а не брамніку. Куртуа пакрыўдзіўся – і пакінуў зборную. Потым атрымаў сур'ёзную траўму, але нават аднавіўшыся і выйграўшы фінал ЛЧ, не будзе ўдзельнічаць у галоўным турніры года.
Мішы Батшуаі гуляў за Бельгію яшчэ ў сакавіку, але Тэдэска вырашыў, што абыдзецца без форварда, які ў гэтым сезоне зрабіў 24+3 за «Фенербахчэ». Дрыс Мертэнс хоць і не выклікаўся ў зборную пасля ЧС-2022, аднак цалкам мог разлічваць на выклік пасля істотных 12+19 у клубным сезоне. Але, здаецца, трэнер Бельгіі не любіць чэмпіянат Турцыі – Дрыс выступае за «Галатасарай».
Рамэа Лавія дэбютаваў за зборную летась, але амаль увесь сезон быў траўмаваны, таму тут ніякай нечаканасці няма. Алексіс Салемакерс правёў тры матчы за зборную ў 2023-м, але цяпер камандзе не патрэбны.
Рафа Герэйру атрымаў траўму ў апошніх турах Бундэслігі, хаця выпаў з асновы зборнай мінулай восенню. Андрэ Сілва так і не змог вярнуцца ў нацыянальную каманду, за якую не гуляў з 2022-га. А Рэнату Саншэш хоць і не гуляў за зборную з 2021-га, але выклікаўся на матчы кваліфікацыі мінулай восенню. Чаму не патрапіў у заяўку? Усё вельмі проста – правёў дрэнны сезон у «Роме» (сумарна 261 хвіліна), а яшчэ ён вельмі траўматычны.
Іншыя зборныя
У нетопавых зборных вядомыя гульцы не патрапілі ў заяўку праз траўмы – што лагічна, інакш чаму б іх ігнаравалі трэнеры.
❌ Зборная Аўстрыі рыхтуецца да турніру без сваёй галоўнай зоркі – Давіда Алабы. Ён сур'ёзна траўмаваўся яшчэ ў снежні.
❌ Адзін з самых крэатыўных гульцоў зборнай Шатландыі – Льюіс Фергюсан. Ён праводзіў бліскучы сезон у складзе сенсацыйнай «Балонні», але вясной атрымаў разрыў крыжападобнай звязкі. Вельмі вялікая страта.
❌ Мэці Кэш выходзіў за зборную Польшчы вясной супраць Эстоніі, але ў канцы сезона быў вымушаны загойваць траўму ікраножнай мышцы, таму нашы суседзі будуць гуляць без аднаго з чатырох сваіх прадстаўнікоў у АПЛ.
***
Мы не ўтрымаліся – і зрабілі сімвалічную зборную тых, хто не патрапіў у заяўку сваёй нацыянальнай каманды на Еўра-2024. Як вам?
Фота: Matthias Koch/Global Look Press, Christian Charisius/Global Look Press, Ralf Ibing/Global Look Press, Alexandra Fechete/Global Look Press, Frank Hoermann/Global Look Press, Kurt Desplenter/Global Look Press, Federico Gambarini/Global Look Press