Tribuna/Футбол/Блогі/Прапагандысты БТ і заезджы рэпарцёр убачылі зусім рознае на матчы Беларусь – Расія. Нават і не ведаеш, каму тут верыць

Прапагандысты БТ і заезджы рэпарцёр убачылі зусім рознае на матчы Беларусь – Расія. Нават і не ведаеш, каму тут верыць

Ад поўнага захаплення да тамлівай абыякавасці.

Аўтар — Pam-pam
9 чэрвеня, 19:22
2
Прапагандысты БТ і заезджы рэпарцёр убачылі зусім рознае на матчы Беларусь – Расія. Нават і не ведаеш, каму тут верыць

Матч зборных Беларусі і Расіі ў Мінску нібыта сабраў больш за 20 тысяч чалавек, але як было насамрэч – цяжка сказаць. У гэтай лічбе кожны можа пабачыць сваё, як і ў тым, што адбывалася на стадыёне «Дынама» падчас гульні. Прапагандысты «Белтэлерадыёкампаніі» і карэспандэнт расійскага сайта «Чэмпіянат» Дзмітрый Зімін, які называе Александра Лукашэнка прэзідэнтам, распавялі пра адну і тую ж падзею, але ўражанне – яны былі дзесьці ў розных месцах у розны час. Пры гэтым абодва бакі запэўніваюць, што фіксавалі беларуска-расійскае супрацьстаянне. Яны пабачылі зусім рознае, і тут паўстае пытанне – каму ж верыць.

Сюжэт пра «таварняк» ў праграме «Панарама» на «Беларусь 1» вядоўца Алена Насачова пачала са слоў захаплення, што ў Мінск прыехала «грозная каманда з Расіі з зоркамі сусветнай велічыні ў складзе».

Пры гэтым у складзе гасцей было толькі два гульцы, якія выступаюць у топавых чэмпіянатах: Далер Кузяеў – за французскі «Гаўр», а Аляксей Міранчук – за італьянскую «Аталанту». Але іх і з нацяжкай не назавеш зоркамі сусветнай велічыні – звычайныя выканаўцы, якіх хапае ў Лізе 1 і Серыі А.

Вось і Зімін у сваім тэксце кажа: «Зразумела, што Расію цяжка назваць топ-супернікам».

Далей прапагандыстка Насачова сцвярджае, што гледачы на ​​арэне вельмі радуюцца падзее, якая адбываецца. Маўляў, «сказаць, што заўзятары ў захапленні, гэта не сказаць нічога».

Прысутны на матчы Зімін нічога такога не заўважыў. Адзінае жаданне, якое ў яго выклікалі наведвальнікі арэны (па афіцыйных звестках гульня сабрала больш за 20 тысяч гледачоў, то бок быў аншлаг), дык гэта ўзяць мікрафон і спытацца: «Вы яшчэ падтрымліваеце сваю зборную ці, улічваючы ўсе акалічнасці, яна ператварылася ў каманду, якая існуе дзесьці ў баку»?

Млявую падтрымку заўважылі і тыя, хто глядзеў гульню па тэлевізары і ў сеціве. На расійскіх рэсурсах можна знайсці каментары з такімі вось пытаннямі.

Ды што там, нават галоўны трэнер зборнай Беларусі Карлас Алос атрымаў пытанне адразу пасля матча: ці не падалося вам, што заўзятары падтрымлівалі каманду не так, як маглі б і мусілі. Той дыпламатычна заявіў, што для лепшай падтрымкі і яго камандзе трэба было нешта прадэманстраваць.

Карэспандэнта «Чэмпіяната» збянтэжыла не толькі млявая падтрымка, але і ў цэлым атмасфера на арэне, якую ён назваў сумнай: «...чакаў убачыць кучу людзей у мясцовай атрыбутыцы ці хаця б са сцягамі, якія весяляцца, спяваюць песні і настройваюцца падтрымліваць сваю каманду <...> Але замест гэтага – нейкая тамлівая абыякавасць».

А вось бэтэшны прапагандыст Андрэй Казлоў, вядомы адыёзнай падтрымкай Расіі яшчэ ў 2017 годзе, калі спартсменам з гэтай краіны за допінгавыя махінацыі дазволілі выступаць на Алімпійскіх гульнях толькі пад нейтральным сцягам, бачыў антураж матча зусім іначай.

Падчас прамога ўключэння Казлоў натхнёна расказваў, як прыгожа было падчас выканання лукашэнкаўскага гімну і якая вялікая колькасць сцягоў была на арэне. Зімін, насупраць, сцвярджае, што людзей у футболцы зборнай Беларусі ці з рэжымнымі сцягамі было так мала, што на іх «накідваліся з камерамі як на нейкі рарытэт». Па скрыншотах трансляцыя, пад якія Казлоў выкладаў сваё бачанне рэчаіснасці, можаце зрабіць уласныя высновы, ці шмат там было рэжымных колераў.

Зіміну падалося, што заўзятараў у футболках клубаў расійскай прэм'ер-лігі было больш, чым тых, «хто ў гэты дзень вырашыў ідэнтыфікаваць сябе з Беларуссю не толькі ў душы, але і ў адзенні».

Затое расіянін пабачыў традыцыйны элемент спартыўных падзей у Беларусі – на арэну зайшлі хлопцы ў ваеннай форме, пасля чаго апрануліся ў джэрсі чырвона-зялёнага колеру. «Сюжэт нібы з 2000-х», – адзначае аўтар.

Уласна, і прапагандыст Казлоў ускосна пацвердзіў, што невыпадковых людзей на стадыёне хапала. Ён захацеў узяць каментар у двух жанчым у лукашэнкаўскай сімволіцы - аказалася, гэта супрацоўніцы Рэспубліканскай музычнай гімназіі, якія ўзялі сцяг на працы. Не выглядае на тое, што яны самі палявалі за квіткамі.

Пры гэтым на фоне прапагандыста цяжка ўгледзець яшчэ хоць каго ў чырвона-зялёных колерах акрамя маленькай дзяўчынкі, якая праходзіць міма з маленькім папяровым сцягам. Хаця Казлоў пераконвае, што людзей з атрыбутыкай ну вельмі шмат.

Пакуль жа прапагандыст радасна расказваў пра дзень «вялікага яднання Расіі і Беларусі» і абяцаў прыгожае вялікае свята, адзінае, што можна заўважыць за яго спінай, – гэта вялізная чэргі ў намёты з продажам ежы і алкаголю ды лукашэнкаўскіх «сілавікоў».

Дарэчы, пра адсутнасць забаў пісаў і расіянін Зімін. Ён заўважыў толькі некалькі зон, дзе прадавалі футболкі, піва з бургерамі і дзе можна было сфатаграфавацца. Такога, на думку аўтара, недастаткова на 20-тысячны натоўп.

Увогуле, складваецца ўражанне, што Зімін пабываў на адным матчы, а лукашэнкаўскія прапагандысты Казлоў і Насачова распавядалі пра іншы. Вось і каму тут верыць?

Фота: onliner, cкрыншоты «Панарамы»

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты