Гайд па зборнай Англіі: магутны касцяк і, магчыма, апошні турнір з Саўтгейтам
Ці варта спадзявацца на трафей гэтым разам?
Tribuna.com працягвае публікацыю серыі матэрыялаў Guardian Experts' Network Euro 2024. Журналісты з 24 краін Еўропы напісалі галоўнае пра свае нацыянальныя зборныя, каб бліжэй нас з імі пазнаёміць. На чарзе – Англія, адзін з фаварытаў турніру.
Напісана Джэйкабам Штайнбергам для Guardian
Перспектывы
Меркаванні могуць быць дыяметральна супрацьлеглымі, калі размова тычыцца ацэнкі зборнай Англіі перад турнірам. Рэальнасць такая, што гэта, верагодна, другая найлепшая каманда Еўропы. Патэнцыйны матч-рэванш з Францыяй, якая выбіла «Трох львоў» з ЧС-2022, быў бы займальным. Англія была блізкая да перамогі ў тым чвэрцьфінале ў Катары. Яны цалкам маглі б прайсці, калі б Гары Кейн забіў другі пенальці.
Запас магутнасці ў каманды ёсць. Ад моманту пройгрышу Італіі ў фінале Еўра-2020 склад Англіі палепшыўся. Яна прайшла кваліфікацыю, фінішаваўшы першай з камфортнай перавагай над тымі ж італьянцамі і Украінай, і можа пахваліцца багатым патэнцыялам атакі. Падтрымліваць Кейна будуць Джуд Белінгем, Букайо Сака і Філ Фодэн, а Дэклан Райс будзе адказваць за парадак у цэнтры паўабароны. Коўл Палмер будзе гатовы рэалізаваць пенальці.
Але сумневы захоўваюцца.
Галоўны левы абаронца зборнай Англіі Люк Шоу прапусціў большую частку сезона. Абарона можа быць уразлівай супраць элітных супернікаў. Правільны баланс у паўабароне застаецца недасяжным, і Саўтгейту ўсё яшчэ трэба даказаць, што ў яго ёсць тактычныя навыкі, каб выйграць сапраўды вялікую гульню. Меркаванне пра тое, што англічане павінны вальсаваць да трафея, - не што іншае, як звычайная шуміха.
Трэнер
Гэта можа быць апошнім рыўком Гарэта Саўтгейта. Яго кантракт заканчваецца ў снежні, і ён ледзь не сышоў пасля апошняга чэмпіянату свету. Можа, ён сыдзе ў ззянні славы. Магчыма, выслізне пасля чарговага вылету з чвэрцьфіналу. Магчыма, проста ашчаслівіць Футбольную асацыяцыю Англіі, застаўшыся яшчэ і на чэмпіянат свету 2026 года. ФА не хоча, каб Саўтгейт сыходзіў з пасады. Ёсць лагічныя пытанні па яго тактыцы, але 53-гадовы спецыяліст застаецца каштоўным актывам Англіі. Калісьці гульцы баяліся зборнай. Саўтгейт, пастаянны маяк спакою, годнасці і інтэлекту, ператварыў лагер у месца шчасця.
Ікона
«Яго менталітэт неверагодны», – кажа Саўтгейт пра Джуда Белінгема, 20-гадовай суперзорцы, якая правяла клубны сезон, раздзіраючы ўсіх у футболцы «Рэала». Шмат галоў, шэраг топавых матчаў, першы фінал Лігі чэмпіёнаў: гэта выдатны спосаб заявіць пра сябе пасля пераходу ў найбуйнейшы клуб свету за 88,5 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. «Для нас ён, відавочна, найлепшы», – кажа трэнер «Рэала» Карла Анчалоці, хоць невядома, ці зможа Джуд прывесці сваю краіну да перамогі на Еўра. Адзіны невялікі клопат – намёкі на тэмперамент.
За ім трэба сачыць
Кобі Майну не праяўляў страху, калі дэбютаваў у матчы супраць Бельгіі ў сакавіку. 19-гадовы паўабаронца спакойна валодаў мячом і быў рэдкім станоўчым гульцом у складзе «Манчэстэр Юнайтэд» у мінулым сезоне, нават забіў гол у фінале Кубка Англіі, чым дапамог перамагчы «Манчэстэр Сіці». Трэба мець нешта, каб ззяць у такім асяроддзі, як цяперашні «МЮ». Англія, мабыць, дробязь у параўнанні з «чырвонымі д'ябламі». «Гаворачы з ім пра тактыку, здаецца, ён здольны ўспрымаць усе варыянты. Вы можаце бачыць, як камфортна ён паводзіць сябе з мячом і прымае яго ў абмежаванай прасторы», – казаў Саўтгейт у сакавіку.
Індывідуаліст
Калі б не фінальная заяўка, то тут сапраўды мусіў быць Джэк Грыліш. Але ён будзе глядзець чэмпіянат па тэлевізары, што здзівіла шмат каго з фанатаў. А так – аддамо гэтае месца Філу Фoдэну. Гэты сезон стаў сапраўдным прарывам для гульца, які, здавалася б, ужо даўно выступае на топ-узроўні. Але Філ прадэманстраваў, што можа больш, што хоча быць сярод гульцоў элітнага ўзроўню. Яшчэ год таму Фодэн быў бы проста адным з моцных футбалістаў у складзе Англіі, а сёння ён – адна з надзей на поспех.
Касцяк
Джордан Пікфард – першы нумар зборнай Англіі з 2018 года і амаль ніколі не падводзіць каманду. Джон Стоўнз мае жыццёва важнае значэнне ў цэнтры абароны, хуткасць Кайла Уокера на пазіцыі правага абаронцы робіць яго стоадсоткавым гульцом асновы, а Саўтгейт не захоча ўявіць сабе свет, у якім Гары Кейн, капітан нацыі і рэкардсмен бамбардзіраў, не можа гуляць праз траўму. Але з'яўленне іншых футбалістаў дапамагло Англіі развівацца. Дэклан Райс стаў лідарам у паўабароне. Ён адбірае мячы і дазваляе Белінгему ісці наперад. Але праблема ў тым, што Англіі бракуе замены Райсу. Камандзе вельмі пашчасціла, што ён так цягавіты.
Верагодны стартавы склад
Схема 4-3-3: Пікфард – Уокер, Стоўнз, Геі, Шоу – Райс, Галахер, Белінгем – Сака, Кейн, Фодэн
Фанат-зорка
Ніхто з англійскіх фанатаў не зможа забыць шоу ў перапынку падчас перамогі Англіі над Уэльсам на ЧС у Катары. Прысутныя на стадыёне «Джануб» з захапленнем (або збянтэжанасцю) назіралі, як поп-зорка 90-х Чэсні Хоўкс выконваў гэтую песню. «Гэта мой першы за 30 гадоў канцэрт на стадыёне», – сказаў Хоўкс перад сваім шоў. «Гэта толькі адна песня, і не трэба думаць, якую я збіраюся выканаць».
Пачастунак
Нешта смажанае, запраўленае вострым соўсам у булачцы. Так, вы атрымаеце дадатковы сыр. І бекон. Таксама хрумсткая цыбуля. Гэта павінна паступаць з фуд-корта і суправаджацца бульбай фры, якую падае модны татуіраваны мужчына па імені Майла, які пастаянна паўтарае «Мой хлопец». Скончыўшы, падыдзіце да вялікага экрана, купіце дарагое піва, праліце яго на каго-небудзь, калі Англія заб'е. Таксама кіньце гэта на каго-небудзь, калі Англія прайграе па пенальці.
Фота: FA, Global Look Press