З вельмі вялікай сямʼі, марыць пра АПЛ, добра танчыць. Гэтага афрыканца мінскае «Дынама» не можа забраць у «Гомеля»
Радзі Эфаге атрымаў параду ехаць у Беларусь ад таго, хто з яе ў выніку ўцёк.
У сакавіку 2023-га з «Гомелем» па сістэме 1+1 падпісаў кантракт нападнік Радзі Эфаге. Габонец, які мае добрую хуткасць, пастаўлены удар з абедзвюх ног і ўменне гуляць галавой, ад траўня мінулага года стаў асноўным у камандзе Уладзіміра Нявінскага. Застаўся такім і пасля прызначэння галоўным Андрэя Гараўцова.
У дэбютным сезоне Эфаге набраў 5+5 па гол+пас, і ўзімку «Гомель» падоўжыў дамову з форвардам яшчэ на сезон. І не пралічыўся – проста цяпер легіянер дзеліць першы радок у рэйтынгу найлепшых снайпераў чэмпіянату з Аляксандрам Шасцюком з «Іслачы», у якога таксама 7 мячоў, але 2 з іх забіты з пенальці. Эфаге ж у цяперашнім сезоне вызначаўся толькі з гульні.
Класнае выступленне габонца прыцягнула ўвагу мінскага «Дынама», у якога як раз праблемы з выніковасцю форвардаў – у гэтым сезоне ЧБ з 18 мячоў толькі тры на рахунку профільных выканаўцаў (двойчы вызначыўся Павел Мялешын і яшчэ адзін гол на рахунку Уладзіміра Хвашчынскага). «Дынама» адпраўляла трансферны запыт у «Гомель», нягледзячы на тое, што Вадзім Скрыпчанка казаў, што нічога не ведае пра цікавасць клуба да форварда. Аднак паводле апошняй інфармацыі, якой падзяліўся тэлеграм-канал «Вуха», бакі не змаглі дамовіцца – мінчукі прасоўвалі абмен, у той час як «Гомель» хацеў грошай. Ды і па паведамленнях той жа крыніцы, сам гулец разглядае замежныя прапановы.
Але ж пакуль Эфаге застаецца ў «Гомелі». А мы прапануем пазнаёміцца з ім крыху бліжэй.
Нарадзіўся ў вялікай сям'і
Эфаге з'явіўся на свет у сталіцы Габона, горадзе Лібрэвілі 11 красавіка 2004 года. У яго вялікая сямʼя: пяць братоў і сем сясцёр. Са сваякоў ніхто прафесійна спортам не займаўся. Маці працавала ў сістэме адукацыі, бацька - кіроўцам. Менавіта бацька, па словах Эфаге, дапамог вызначыцца з прафесіяй.
«Мой выбар быў звязаны з тым, што я ўсё сваё дзяцінства праводзіўся з мячом, і бацька, гледзячы на гэта, заўсёды казаў: «У цябе выдатна атрымліваецца, ты павінен стаць футбалістам». Ён быў упэўнены, што я абавязкова стану прафесійным футбалістам», – распавядаў Эфаге.
Да Беларусі спрабаваў сябе ў Турцыі і Малдове
Адзіным клубам у профілі Эфаге на партале transfermarkt да «Гомеля» значыцца малдаўскае «Дынама-Аўта», куды ён перайшоў у ліпені 2022-га. У чэмпіянаце Малдавіі форвард правёў 14 матчаў, забіў 3 мячы і аддаў адну галявую перадачу. Але ж да «Дынама-Аўта» Эфаге праходзіў прагляд у некалькіх камандах з Турцыі – праўда, беспаспяхова. Затое ў Малдове яго заўважыў «Гомель».
Прыехаў у Беларусь з парады сяброў, ЧБ лічыць мацнейшым за чэмпіянат Малдовы
У чэмпіянат Беларусі Эфаге наважыўся пераехаць у тым ліку пасля парады сяброў – экс-гульца «Слуцка» Жэрэмі Абунэ і экс-футбаліста «Славіі» і «Тарпеда-БелАЗ» Эмануэля Авано.
«Яны патлумачылі, што пераезд сюды будзе слушным рашэннем для кар'еры. Чэмпіянат Беларусі мацнейшы за малдаўскі», – кажа Эфаге.
Сёння ён і сам лічыць малдаўскі чэмпіянат слабейшым за беларускі, хоць у рэйтынгу ФІФА Суперліга абыходзіць нашую вышку на 23 пазіцыі. Ды і леташняе супрацьстаянне БАТЭ і «Шэрыфа» ў ЛЕ (1:5 на карысць малдаван і 2:2) відавочна ўдарыла па рэнамэ беларускага першынства:
Што цікава, Авано, які раіў ехаць у Беларусь, сам з яе ў міжсезонне ўцёк: нягледзчы на кантракт з «Тарпеда-БелАЗ», не прыехаў на зборы, адмовіўшыся выступаць за каманду.
Мог згуляць на Кубку Афрыкі U-23
Год таму Эфаге разам са сваім сябрам і суайчыннікам Авано мог паехаць на топ-турнір – Кубак Афрыканскіх Нацый U23. Нападнік узяў удзел у стыкавых матчах, дзе Габон перайграў Камерун (1:0, 0:1, 7:6 па пенальці), але ў заяўку на фінальны турнір не патрапіў. Хаця ў «Гомелі» быў на піку сваёй формы і напярэдадні турніру нават прызнаваўся найлепшым футбалістам месяца ў камандзе.
Забівае важныя мячы
Эфаге забівае сапраўды важныя мячы – яго галы прынеслі нічыі ў матчах са «Смаргонню» (2:2) і брэсцкім «Дынама» (1:1), перамогі над «Нафтанам» (2:0) (У Наваполацку аформіў дубль) і «Дняпром» (1:0). Дзякуючы гэтым мячам «Гомель» набраў 8 пунктаў. Больш сваёй камандзе ў гэтым чэмпіянаце прынёс толькі Максім Скавыш:
Яшчэ па галу Эфаге забіваў «Нёману» (2:3) і «Мінску» (2:0). Мяч з «гараджанамі» ў залік не пайшоў, бо не ён стаў пераможным.
Любіць танчыць
Эфаге не толькі шмат забівае, але яшчэ і класна святкуе галы. Напрыклад, вось так габонец адзначыў свой другі мяч у вароты «Нафтана»:
Цімур Пухаў, які склаў кампанію афрыканцу ў тым танцы, пасля казаў:
«Эфаге нядрэнна танчыць. А я люблю спяваць і танчыць таксама. Яшчэ тры матчы таму ён прапанаваў адсвяткаваць гол якім-небудзь танцам, але справа ніяк не даходзіла да гэтага. А сёння мы абодва былі на полі і ў апошні момант я ўспомніў нашую размову. Вось і падурніліся крыху».
А так Эфаге святкаваў мяч у вароты «Мінска». Тут ужо напарнікам выступіў турэцкі паўабаронца Фуркан Акын.
Працуе з украінскім агентам, які гуляў у ЧБ
Справамі Эфаге займаецца агенцтва «Пелікан». Яго босам з'яўляецца ўкраінец Яўген Бярун, які як гулец правёў чатыры матчы за «Гомель» у другой палове сезона-2009. З гэтым жа агенцтвам супрацоўнічае і Акын.
Марыць трапіць у АПЛ, кумір – Фернанда Торэс
У дзяцінстве Эфаге хацеў быць падобны да Фернанда Торэса, які тады выступаў за «Ліверпуль». З таго часу чэмпіянат Англіі для форварда зʼяўляецца сапраўднай марай. Менавіта яго Эфаге лічыць наймацнейшай у свеце і жадае аднойчы туды патрапіць. Хто ведае, магчыма, габонец не спяшаецца пераходзіць у мінскае «Дынама», бо чакае прапаноў з АПЛ?..