УЕФА пляваць на сітуацыю ў Беларусі: трансляцыя Еўра – толькі чарговы прыклад
Усё для футбола.
У Беларусі ўжо некалькі дзён ідуць легальныя трансляцыі Еўра-2024. Гэта напэўна радасны факт для заўзятараў, асабліва тых, хто дрэнна разбіраецца з інтэрнэтам – а такіх прыхільнікаў у футбола ў цэлым, трэба прызнаць, нямала. Але на СТБ, дзе паказваюць большасць матчаў (яшчэ крыху – на звязаным «РТР-Беларусь»), з вялікім футболам непарыўна звязана рэжымная прапаганда: на экране падчас матчаў зʼяўляецца чырвона-зялёны сцяг, а, уключыўшы канал крыху раней ці не выключыўшы крыху пазней, можна натрапіць на такое, ад чаго лёгка зʼехаць з глузду.
А калі паглядзець на сітуацыю ў еўрапейскім маштабе, то выснова простая: ва УЕФА паказалі, што там пляваць на тое, што адбываецца ў Беларусі. Зрэшты, гэта далёка не першы раз. Да чаго еўрапейскі футбольны саюз ужо паказваў сваю абыякавасць?
Рэпрэсіі да простых беларусаў
Кадр матча Лігі нацый Беларусь – Літва ў Мінску ў лістападзе 2020-га
У 2020-м Беларусь спазнала фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і ультрагвалт ад «сілавікоў» да тых, хто выступіў супраць. Пасля гэтага некаторыя міжнародныя спартыўныя федэрацыі занепакоіліся, прынамсі, наконт таго, што збіць рэжымнікі могуць каго заўгодна. І пачалі адмяняць спаборніцтвы, згадваючы «пытанні бяспекі»: у студзені 2021-га так увялі з Беларусі ЧС па хакеі, следам – ЧС па пентатлоне, пазней скасавалі этап Кубка свету па біятлоне.
УЕФА ж рэпрэсіі не збянтэжылі – і пра бяспеку там не казалі. Так, у верасні 2020-га перанеслі з Мінска свой кангрэс – але патлумачылі гэта «каранавіруснымі абмежаваннямі» (з улікам рэжымнай бяздзейнасці з гэтай нагоды гучала асабліва анекдатычна). У лютым 2021-га перанеслі з Мінска фінал футзальнай ЛЧ – але зноў усё растлумачылі пандэміяй. А ЧЕ для дзяўчат да 19 гадоў, запланаваны ў Беларусі на 2021-ы, у пачатку таго года адмянілі праз ўсё той жа кавід – але ўжо ў красавіку 2021-га выдалі рэжыму «кампенсацыю» ў выглядзе правядзення турніру ў 2025-м! Гэтае рашэнне адмянілі толькі, не паверыце, у красавіку 2023-га – і гэта зноў ніяк не было звязана з рэпрэсіямі.
Увосень 2020-га ў Беларусі працягваліся матчы Лігі нацый, увесну 2021-га была сустрэча адбору на ЧС – зборныя-суперніцы мусілі клапаціцца пра сваю цэласць самі. І нават калі еўрапейскія краіны ўжылі да Беларусі авіябан у адказ на прымусовую пасадку ў Мінску ў траўні 2021-га рэйса Афіны – Вільнюс (так рэжым дастаў і кінуў за краты пару сваіх праціўнікаў), УЕФА не ўвёў поўную забарону на матчы ў Беларусі – толькі выпусціў указанні, што ў выпадку немагчымасці прамога пералёту можна патрабаваць матч на нейтральнай тэрыторыі. Таму летам 2021-га ў Беларусі нават згулялі адну сустрэчу еўракубкаў – БАТЭ прыняў грузінскае «Дынама» Батумі.
Ціск на спартсменаў
У кастрычніку 2021-га Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці прадставіў падрабязны даклад пра палітычны ціск на белфутбол з боку АБФФ і «мінспорту». Дакумент да публікацыі ў агульны доступ накіравалі ва УЕФА, але там ніяк не адрэагавалі.
Неўзабаве БФСС звярнуўся ў Спартыўны арбітражны суд – там прадстаўнікі УЕФА зноў дэ-факта спрабавалі сысці ад адказу. CAS доўга думаў, але 23 сакавіка 2023 года даслаў фонду рашэнне: суд шкадаваў, што УЕФА нічога не робіць, але пастанавіў, што не можа прымусіць функцыянераў пачаць расследаванне. А ўжо на наступны дзень прадстаўнік УЕФА быў у Мінску на «выбарах» старшыні АБФФ і шкадаваў, што адзін з герояў дакладу БФСС Уладзімір Базанаў перастае ўзначальваць беларускую федэрацыю.
Вайна
Наогул у адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі і пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі, УЕФА адхіліў ад сваіх спаборніцтваў усе расейскія каманды. Але не тое, каб у футбольным саюзе неяк публічна моцна перажывалі праз вайну. У свежым інтэрвʼю кіраўнік арганізацыі Аляксандр Чаферын заявіў, што адхіленне было «тым, што мы павінны былі зрабіць», але наогул ён супраць любых банаў. А ў верасні 2023-га ва УЕФА спрабавалі вярнуць у свае турніры расійскія юніёрскія зборныя – але пад пагрозай байкоту многіх краін здалі назад. З гэтай нагоды Чаферын таксама выказаўся.
«Чаму адхіленне павінна датычыць тых, хто яшчэ не мае магчымасці галасаваць у сваёй краіне? Але на дадзены момант вяртанне немагчымае, паколькі федэрацыі некаторых краін знаходзяцца пад моцным уплывам сваіх урадаў. Дзяцей у Расіі выхоўваюць з прапагандай аб тым, што мы іх ненавідзім, не прымаем. Калі яны сустрэнуць іншых 15-16-гадовых хлопцаў з Нямеччыны, Славеніі ці іншых краін, яны могуць паглядзець на ўсё інакш», – заявіў Чаферын, не растлумачыўшы, што перашкодзіць расійскай прапагандзе пазней зацямніць такія магчымыя сустрэчы, асабліва калі справа будзе тычыцца толькі некалькіх дзясяткаў расійскіх падлеткаў.
Ну а з нагоды Беларусі вы і самі ведаеце – УЕФА забараніў камандам з нашай краіны толькі матчы на яе тэрыторыі і нават не забаніў сімволіку рэжыму, прызнанага суагрэсарам у вайне.
Умяшанне ў справы АБФФ
Чаферын практычна ў кожным інтэрвʼю падкрэслівае, што, маўляў, палітыкі не павінны ўмешвацца ў футбол. Але калі гэта адбываецца ў Беларусі, УЕФА ніяк не рэагуе. У 2023-м рэжымныя крыніцы перасталі нават фармальна хаваць, што ў белфутболе здзяйсняецца чыста палітычны ціск. Ад УЕФА было, як вы можаце здагадацца, поўнае маўчанне.
У 2024-м грымнулі жарсці па Д3 – АБФФ хацела праводзіць яго па сваёй схеме, а ў «мінспорту» былі настолькі супраць, што сталі загадваць, як сябе паводзіць Дому футбола, а ў выніку выпусцілі заяву, што федэрацыя нібы не мае права праводзіць гэтае спаборніцтва. Больш прамое парушэнне статута УЕФА было і ўявіць цяжка.
Але ва УЕФА адказалі на запыт пра меры ў адказ звыкла – маўчаннем. А праз некаторы час АБФФ прагнулася пад рэжымныя патрабаванні – і зрабіла выгляд, што гэта мірная дамоўленасць, пасля чаго еўрапейцам ужо як быццам і няма на што стала рэагаваць. Зручна – можна проста паслаць у беларускую федэрацыю чарговыя 6-7 млн еўра.
Сувязь з рэжымам транслятара Еўра
Вось на што УЕФА не пляваць – дык гэта на грошы. Насцеражыліся ў футбольным саюзе, калі зразумелі: беларускі рэжым, прыдумаўшы свой «закон», плануе паказаць Еўра-2024 у Беларусі па-пірацку, нічога не заплаціўшы. УЕФА прыгразіў мерамі да беларускіх футбольных каманд – а тут жа хутка стартаваць у адборы ЛЧ мінскаму «Дынама», да якога павышаную ўвагу праяўляе Аляксандр Лукашэнка.
Карацей, рэжымнікі свае намеры згарнулі – але пастараліся знайсці з УЕФА кампраміс. А тыя і рады аказаліся ўсё ж прадаць правы на Еўра ў Беларусь – прычым, паводле інфармацыі «Трыбуны», за мінімальны кошт.
Была толькі адна праблема – куды менавіта. БТРК пад санкцыямі ЕЗ і Швейцарыі – другое больш крытычнае для УЕФА, зарэгістраванага ў гэтай краіне. На АНТ санкцыяў як бы няма, але яго да нядаўніх дзён кіраўнік Марат Маркаў (цяпер лукашэнкаўскі «міністр інфармацыі») трапіў пад абмежавальныя меры яшчэ ў 2021-м, да таго ж з указаннем, што яго канал «кантралюецца дзяржавай» – няёмка даваць на такі трансляцыі. «Белтэлекам», пра ўключэння якога ў санкцыйныя спісы таксама хадзілі чуткі, ухіліўся сам. Але знайшлася фармальна не дзяржустанова, а ЗАТ «СТБ» – дастаткова чыстае, каб задаволіць УЕФА.
Але нават калі не разглядаць падсанкцыйных прапагандыстаў з праграмамі на СТБ, па факце гэты канал пад такім самым, што і АНТ, кантролем рэжыму. Цяперашні кіраўнік канала Аляксандр Асенка, як і папярэднія, праходзіў праз асабістае ўзгадненне на сваю пасаду ад Лукашэнкі – як інакш на цяперашнім агульнадаступным канале ў Беларусі? А 13 чэрвеня, прызначаючы Маркава сваім «міністрам», дыктатар загадаў для забеспячэння «вынікаў» (чытай пашырэнні прапаганды) «падключаць усіх, каго палічыце патрэбным – і АНТ, і СТВ».
Думаем, можна лічыць, што падключылі ўжо і УЕФА.
