ДзяржТБ пабаялася паказаць, як украінцаў упершыню ў гісторыі разграмілі ў групе Еўра – напароў брамнік «Рэала» і не толькі
Сенсацыя.
Украіна пачала свой шлях на Еўра-2024 паразай ад Румыніі з лікам 0:3. Гэта сенсацыя – перад матчам букмекеры лічылі ўкраінцаў упэўненымі фаварытамі, а што аўтсайдары яшчэ і аформяць разгром, здавалася зусім ужо неверагодным. Падобна, і з-за адчування магчымай перамогі ўкраінцаў матч пабаяліся паказаць на беларускім дзяржТБ (для УЕФА яно «прыватнае», але па факце ўсё відавочна).
У першыя паўгадзіны Украіна трымала мяч (прыкладна 75% валодання) і шукала варыянты для атак. Але на 29-й хвіліне памыліўся кіпер «Рэала» Андрэй Лунін – ён выбіў мяч прама на суперніка Дэніса Мана. Той адразу аддаў на Мікалае Станчу, а ён прабіў недасягальна для Луніна.
На 40-й хвіліне румыны ледзь не забілі другi: Станчу круціў з вуглавога прама ў вароты – выратавала перакладзіна. Але на 52-й хвіліне лік усё ж такі стаў 2:0 – Ман працягнуў мяч, паслізнуўся, але адскок пайшоў на Развана Марына, які выдатна прыклаўся ў далёкі ніжні левы. Тут Лунін прапусціў пад рукой – зрэшты, ён не асабліва бачыў момант ўдару.
На 57-й хвіліне ўсё той жа Ман атрымаў мяч нізам пасля розыгрышу вуглавога – накруціў Мікалая Шапарэнку, не сустрэў супраціву ад Міхаіла Мудрыка і прастрэліў паміж ног Арцёма Доўбіка. Дэнісу Дрэгушу заставалася забіць у пустыя – 3:0.
Першы ўдар у створ украінцы нанеслі на 77-й – біў Судакоў, аднак кіпер суперніка Флорын Ніцы справіўся. Ужо ў кампенсаваны час быў яшчэ далёкі стрэл ад Мудрыка, але пасля не вельмі ўпэўненай гульні румынскага галкіпера нікога не было на дабіванні. Пры гэтым у Украіны засталося каля 70% валодання мячом – без карысці для справы.
Але ўкраінскія заўзятары мала што бачылі пасля трэцяга гола. Мясцовы транслятар MEGOGO перастаў працаваць: замест карцінкі з Мюнхена часта быў чорны экран ці лагатып Еўра, у астатнім – максімум праца з перабоямі.
Для Украіны гэта восьмае паражэнне ў дзясятым матчы на групавых этапах Еўра – але ўпершыню ў гісторыі разгромнае. Для каманды сустрэча са Славакіяй 21 чэрвеня ператвараецца ў «матч жыцця» – без перамогі моцна рызыкуюць не выйсці з групы. А румыны свае шанцы, наадварот, паднялі.