😱 Грузія зноў здзіўляе! Узялі дэбютны пункт на Еўра – Мамардашвілі цягнуў амаль усё, што ляцела ў вароты
Мелі момант жыцця на 90+5-й.
Зборная Грузіі працягвае здзіўляць на дэбютным для сябе Еўра – пасля баявой гульні з Турцыяй змагла адабраць пункты ў Чэхіі (1:1).
Герой матчу ў грузінаў – Гіоргі Мамардашвілі з «Валенсіі». Цягнуў амаль усё (11 сэйваў), што ляцела. Чэхія неверагодна ціснула з першых жа хвілін, але ён браў удар за ўдарам.
Па выніках першага тайма ў брамніка было:
– 8 сэйваў;
– 6 з іх з межаў штрафной;
– паказнік недапушчаных галоў 2.19;
– 2/2 удалых дзеянняў на выхадзе;
– адзнака 8.9 ад SofaScore.
Вось некалькі самых яскравых прыкладаў:
Праўда, чэхі ўсё ж забілі, аднак ВАР адмяніў гол праз гульню рукой. Мамардашвілі тут таксама пастараўся – упэўнена пайшоў на выхад, а мяч зрыкашэціў у руку пасля яго дуэлі з Гложакам.
У другім тайме Мамардашвілі наогул павялічыў сваю статыстыку да 11 cейваў, 3.19 недапушчаных галоў і адзнакі 9.7 ад SofaScore. Па выратаваннях гэта найлепшы перфоманс на Еўра-2024.
Грузіны падчас сваіх атак таксама стваралі небяспеку і двойчы прэтэндавалі на пенальці. Спачатку ў эпізодзе з барацьбой Мікаўтадзэ і Крэйчы ў штрафной, але рэферы на падзенне не адрэагаваў:
Другі момант – у кампенсаваны да першага тайма час. Грузія пасля падачы штрафнога страціла прыдатную магчымасць забіць – з блізкай дыстанцыі пацягнуў галкіпер чэхаў Станек:
Аднак ВАР заўважыў гульню рукой у момант навеса. Што цікава, вінаватым стаў цэнтрбек Гранач – той самы, які ў матчы з Партугаліяй забіў аўтагол і падарыў суперніку пераможны мяч на 90+.
Удар рэалізаваў Мікаўтадзэ. Гэта яго другі гол на турніры, столькі ж у Мусіялы і славака Шранца.
Таксама Мікаўтадзэ стаў першым гульцом за 12 гадоў, які забіў абодва дэбютныя галы сваёй зборнай на Еўра. Папярэднім быў украінец Андрэй Шаўчэнка ў 2012 годзе.
Зрэшты, без прапушчанага мяча пасля перапынку таксама не абышлося – на кутнім пасля пападання ў стойку на дабіванні згуляў Шык, які , апярэдзіў Мілана Бараша па галах на Еўра (6 супраць 5) і стаў рэкардсменам зборнай.
Усё магло скончыцца вельмі драматычнай перамогай Грузіі – Лабжанідзэ не завяршыў контратаку на 90+5. А шанц быў вельмі добры!
***
🔹 Статыстыка ўдараў у матчы – 26 (11 у створ) супраць 6 (2) на карысць чэхаў;
🔹 Статыстыка xG – 3.11 супраць 1.09 на карысць чэхаў;
🔹 Для Грузіі гэта дэбютны пункт у гісторыі чэмпіянатаў Еўропы;
🔹 Абедзве каманды цяпер маюць па адным бале.
Грузіны ў трэцім туры згуляюць з Партугаліяй, а чэхі – з Турцыяй (паўтарэнне класікі Еўра-2008?).
Фота: Jens Büttner/dpa, скрыншоты трансляцыі MEGOGO