Любыя актыўнасці з Расіяй у спорце сёння маюць прысмак вайны. Тлумачым на матчы «легенд» у футболе
У арганізатарах – «кум Пуціна», гульцы прымяралі сімвалы агрэсіі.
7 ліпеня ў Мінску на стадыёне «Дынама» запланаваны «матч легенд» ад зборных Беларусі і Расіі. Сучасныя склады гэтых каманд не так даўно там жа скончылі свой матч татальным разгромам гаспадароў.
Матч рэкламуюць і нават збіраюцца прадаваць квіткі. Як і перад гульнёй з расіянамі сучаснымі, ужо пайшлі размовы пра упэўненасць у вялікай колькасці зацікаўленых гледачоў. Што ж, не сумняваемся, што прапагандысты зноў іх знойдуць – але яны маюць асаблівы погляд на падобныя падзеі.
Хаця ў цэлым у інтарэсе да такога матчу няма нічога надта дзіўнага – даўняя палітыка русіфікацыі ад беларускага рэжыму прывяла да таго, што немалая колькасць людзей у Беларусі заўзела за расійскіх гульцоў, быццам бы яны «свае». Вось, напрыклад, Аляксей Бага на днях заявіў, што, трэнуючы ў Д2 Расіі, сустракае ў сваім успрыманні «легенд, на якіх 20 гадоў таму глядзеў па тэлевізары, заўзеў за іх».
У спісе расійскіх гульцоў на матч у Беларусі знаёмых заўзятарам з 1990-х і 2000-х імёнаў хапае. Праўда, у цяперашні час любое перасячэнне з Расіяй – толькі крыху капні – вядзе да падтрымкі вайны, якую ад 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне пры падтрымцы з боку рэжыма Лукашэнка. Вось хто са звязаных з будучай гульнёй асоб вылучаецца сваімі праваеннымі поглядамі.
Уладзімір Кісялёў з «узнагародай» з так званай «ДНР»
Абсалютна праваенны чалавек стаіць за арганізацыяй матча. Афіцыйна заяўлена, што яго праводзяць пры падтрымцы «Рускай Медыягрупы», якую ўзначальвае Уладзімір Кісялёў – персанаж бурнага лёсу, якому ў некаторай ступені дапамог спорт. Нарадзіўся ён, паводле афіцыйнай версіі, у Хмяльніцкім – горадзе ў Заходняй Украіне, у пэўны момант апынуўся ў цяперашнім Санкт-Пецярбургу, дзе граў на барабанах, а ў 1978-м атрымаў прапанову перасабраць групу «Зямляне». Кісялёў аказаўся таленавітым адміністратарам – калектыў сабраў такі, што ў 1980-х выйшла каля 15 мільёнаў кружэлак з песнямі гурта, а іх «Трава ля дому» стала абсалютным савецкім хітом.
Але яшчэ напрыканцы 1980-х Кісялёў пакінуў гурт і стварыў свой «прадзюсарскі цэнтр». У 1990-я газеты пісалі пра яго сувязях з арганізаванымі злачыннымі групоўкамі (праз шмат гадоў Кісялёў патрабаваў абвяржэнняў у расійскіх «судах»), а яшчэ пра «тэнісныя VIP-турніры», якія прадзюсар ладзіў для «палітычнай тусоўкі» – мода на тэніс пайшла ад тагачаснага прэзідэнта Расіі Барыса Ельцына. Дзякуючы гэтаму Кісялёў завёў знаёмства з Уладзімірам Кожыным – чыноўнікам, які быў блізкі да тады яшчэ невялікага піцерскага клерка Уладзіміра Пуціна. Калі ў 2000-м Пуцін стаў прэзідэнтам, Кожын атрымаў пасаду кіраўніка яго справамі – а Кісялёў, які да таго моманту паспеў улезці ў бізнес са спеваком Іосіфам Кабзонам, стаў кіраўніком унітарнага прадпрыемства «Крэмль», якое ладзіла канцэрты зорак першай велічыні.
Усплёск цікавасці журналістаў да Кісялёва здарыўся ў пачатку 2010-х – тады яго называлі кіраўніком дабрачыннага фонду «Федэрацыя», які правёў у Санкт-Пецярбургу «дабрачынны канцэрт», дзе прысутнічалі галівудскія зоркі, а на сцэну раптам выйшаў Пуцін – сыграў на раялі і падпеў «Траву ля дому». Вось толькі потым аказалася, што цяжкахворыя дзеці, якіх наведвалі вядомыя людзі, так і не атрымалі адраснай дапамогі. У выніку было заяўлена, што сабраныя грошы пераведзены ў пэўныя лякарні, а Пуцін, маўляў, «ніколі не хаваў, што знаёмы» з Кісялёвым. Больш за тое, пачала распаўсюджвацца інфармацыя, што Пуцін – хросны бацька сына Уладзіміра Кісялёва (таксама Уладзіміра). На кумаўство з кіраўніком расійскага рэжыму намякаў і сам Кісялёў-бацька. Ён застаецца «ў фаворы» дагэтуль – напрыклад, у 2024-м быў запрошаны на «інаўгурацыю» Пуціна.
У сярэдзіне 2010-х Кісялёў стаў уласнікам «Рускай Медыягрупы» – туды ўваходзіць пяць радыёстанцый з флагманскім «Рускім радыё» (і музычны тэлеканал). Іх слухаюць дзясяткі мільёнаў расіян. А падчас вайны ва Украіне Кісялёў падтрымаў баявыя дзеянні – у тым ліку арганізаваў шэраг прарасійскіх канцэртаў на акупаваных тэрыторыях Украіны – і пачаў уводзіць уласныя санкцыі да тых, каму аказалася з ім не па дарозе. Прычым у розных сэнсах: у 2022-м з «Рускага радыё» зніклі песні тых, хто выступіў супраць вайны, а зусім нядаўна аказалася, што на станцыі праз незадаволенасць Кісялёва няма і трэкаў цалкам праваенных выканаўцаў, Шамана і Алега Газманава. Як высветлілася, яны праігнаравалі ініцыятыву прадзюсара выдзяляць па 8-11 тысяч расійскім акупантам за кожны нібыта знішчаны танк «Леапард». Пры гэтым Кісялёў нават паставіў у прыклад украінскіх музыкаў, якія шырока падтрымліваюць сваё войска.
Затое цалкам падтрымала «распачынанне» спявачка Елена Север – яна ж жонка Кісялёва і маці яго дваіх сыноў (адзін з якіх нібыта хроснік Пуціна). Север у цэлым за вайну і ездзіла выступаць на акупаваныя Расіяй тэрыторыі Украіны, таму ў кастрычніку 2022-га патрапіла ва ўкраінскія санкцыйныя спісы. Крыху пазней у іх быў уключаны і Міця Фамін – расійскі спявак, які паўдзельнічаў у ваенным «музычным марафоне». І Север, і Фамін выступяць перад сёлетнім «матчам легенд» у Мінску – дапоўняць іх кампанію экс-удзельнік гурта «Адпетыя ашуканцы» Гарык Багамазаў (ні ў якіх выказваннях пра вайну ў прынцыпе не заўважаны) і беларускі рэпер-лукашыст Сярога.
У складзе расійскай футбольнай каманды таксама хапае праваенных персанажаў. З трох заяўленых трэнераў, напрыклад, не знайсці выказванняў пра вайну толькі ў Юрыя Сёміна, які ў 2014-м падтрымаў анексію Расіяй Крыма. Валерый Газаеў называў «здраднікамі» тых, хто не падтрымлівае палітыку расійскага рэжыму, а экс-трэнер мінскага «Дынама» Сяргей Аўчыннікаў казаў, што Пуціна ўсе павінны «падтрымліваць заўсёды».
З гульцоў многія ўдзельнічалі ў адкрыта прапагандысцкіх матчах. Так, будучыя госці Мінска Ягор Цітоў і Дзмітрый Аленічаў у 2023-м разам гулялі з вайскоўцамі з расійскага акупацыйнага войска – на форме каманд былі георгіеўская стужка і слоган з літарай Z, сімвалам агрэсіі супраць Украіны.
Цітоў згуляў у аналагічнай сустрэчы яшчэ ў 2022-м, калі літара Z была на форме ўдзельнікаў проста на грудзях (на здымку ніжэй – у цэнтры на другім плане).
Шэраг іншых будучых удзельнікаў «матчу легенд» у 2023-м засвяціліся ў выставачным матчы падчас прапагандысцкага форуму «Расія – Афрыка». У адной камандзе з экс-футбалістамі выйшлі на поле розныя расійскія чыноўнікі, а яшчэ Віктар Бут – гандляр зброяй, якому далі вялікі тэрмін у ЗША, але потым абмянялі ў Расію на амерыканскую баскетбалістку Брытні Грайнер. Вярнуўшыся на Радзіму, Бут адразу падтрымаў вайну, а цяпер будуе карʼеру ў адной з партый пуцінскага рэжыму (ніякага пакарання за гандаль зброяй Бут у Расіі не нясе). З такім чалавекам на поле, па паведамленнях расійскіх СМІ, выходзілі Уладзімір Габулаў, Яўген Алдонін, Аляксей Ігонін, а таксама два экс-гульцы мінскага «Дынама» Руслан Піменаў і Дзмітрый Сычоў – усе пяцёра плануюцца 7 ліпеня ў Мінску.
Як і аўтар фразы «вашыя чаканні – вашыя праблемы» Андрэй Аршавін. Ён бравіраваў, што калі атрымае позву на фронт, то «дакладна не будзе зʼязджаць, уцякаць, як некаторыя».
У беларускай камандзе «легенд» каларытныя трэнеры: нядзіўна, бо Анатоль Байдачны і Эдуард Малафееў – расіяне па нараджэнні. Абодва аказаліся «патрыётамі» ў прапагандысцкім сэнсе гэтага слова.
У цэлым жа з абʼяўленага складу беларускіх гульцоў своеасабліва пра вайну выказваўся хіба што Сяргей Гурэнка, які заклікаў «паважаць права і выбар» свайго былога аднаклубніка Андрэя Саламаціна пайсці ў пуцінскія забойцы.