5 гульцоў, якія сталі адкрыццямі групавога этапу Еўра-2024
Яны ўжо могуць разлічваць на кар'ерны скачок.
Завяршыўся групавы этап Еўра-2024 – фактычна палова шляху. За гэты адрэзак пра сябе паспелі заявіць некалькі цікавых футбалістаў. Расказваем пра асноўныя адкрыцці стартавых двух тыдняў турніру па наступных крытэрах: мы арыентаваліся на ўзрост і перспектыву пайсці на павышэнне.
Таму тут не будзе, напрыклад, славака Івана Шранца (30 + гадоў) або іспанца Фабіяна Руіса (выступае за «ПСЖ», куды вышэй?).
Сярод усіх самая цікавая і драматычная гісторыя дакладна ў Мітэльштэта. Выхаванец «Герты», усю кар'еру правёў у клубе аж да мінулага лета, калі ў 26-гадовым узросце перайшоў у «Штутгарт» за 500 тысяч еўра. Не ад добрага жыцця, бо ў апошнім сезоне за берлінскую каманду прайграў канкурэнцыю дасведчанаму Марвіну Платтэнхардту.
Хоць на пачатку ў «Герце» Мітэльштэт і выглядаў перспектыўным і шмат нагуляў за моладзеўкі Нямеччыны, у дарослую зборную ён не выклікаўся да прызначэння Юлiяна Нагельсмана галоўным трэнерам. Той адразу звярнуў увагу на прарыўны сезон «Штутгарта» і некалькіх іх гульцоў, сярод якіх апынуўся Макс.
Упершыню фулбек выйшаў у старце з Нагельсманам у сакавіку гэтага года – і з тых часоў не аддаваў месца ў аснове ні ў адной з наступных 6 гульняў, у прыватнасці ў трох турах групавога этапу Еўра. Мітэльштэт правёў іх на досыць высокім узроўні, а перамога над Венгрыяй наогул стала бенефісам: асіст, 4 дакладных навесы, 10 падбораў/адбораў.
Максіміліян не проста так карысны ў атацы – у абодвух клубах нярэдка выкарыстоўваўся левым паўабаронцам. Адным словам, цікавы прафайл з салідным вопытам і ў праймовым узросце. Не стане дзівам павышэнне ў Бундэслізе або ў іншым топ-чэмпіянаце Еўропы.
27-гадовы Эбішэр – прадстаўнік сенсацыйнай «Балонні». Уласна, менавіта сезон пад кіраўніцтвам Тыяга Моты з яго фірмовымі 2-7-2 стаў перадумовай для класных перформансаў на Еўра.
Справа ў тым, што за гэты год Мішэль навучыўся важнай рэчы – распазнаваць прастору на полі і ўмела яе выкарыстоўваць (ледзь не асноўны прынцып Моты ў гэтых гібрыдных фармацыях). Швейцарац быў асноўным выканаўцам у цэнтры поля, але ў зборнай нечакана перакваліфікаваўся – тут трэба аддаць належнае коўчу Мурату Якіну.
Ён нейкім чынам дадумаўся паставіць Эбішэра на левы фланг латэралем (нягледзячы на працоўную правую нагу) і даў поўную свабоду з роляй, якая можа гучаць прыкладна так: «Рабі, што хочаш». Вядома, гэта перабольшанне, але Мішэль з пазіцыі левага фулбека дзейнічае па ўсім перыметры – проста там, дзе бачыць зоны паміж лініямі або паміж гульцамі суперніка.
Эбішэр здзівіў не толькі універсальнасцю, але эфектыўнасцю (нават забіў добры гол здалёк). А яшчэ паказаў уменне хутка адаптавацца да новых патрабаванняў, што з'яўляецца велізарным плюсам і верагодным фактарам для патэнцыйнага трансферу.
Румынія – пакуль самая вялікая сенсацыя Еўра побач з Аўстрыяй: разбіла 3:0 Украіну, памучыла Бельгію і ў выніку выйшла з першага месца.
Правы вінгер Ман – самая вялікая пагроза ў двух стартавых матчах. Ён арганізаваў два галы ў браму Украіны (адбор у прэсінгу + працягнуў мяч у контратацы), а супраць бельгійцаў усе 90 хвілін ціснуў на сваім флангу і правакаваў памылкі.
Дэніс – патэнцыйна цікавы варыянт на рынку пасля бягучага сезона і Еўра. Ён у росквіце сіл (25 гадоў), дапамог «Парме» выкарскацца ў Серыю А ў статусе чэмпіёна (13+9) і паказаў, што, магчыма, перарос узровень гэтага клуба. Смелыя вiнгеры, якія не баяцца браць ініцыятыву на сябе, цяпер маюць попыт – а ўсе гэтыя якасці Ман паспеў прадэманстраваць у зборнай на вялікую аўдыторыю.
Найлепшы бамбардзір Еўра, на секундачку. Так, два галы з пенальці. Але каго гэта хвалюе?
Тым больш што Мікаўтадзе, у адрозненне ад Кварацхеліі, роўна правёў усе тры матчы групы. У кожным быў пастаяннай пагрозай у контратаках грузін, а ў заключным туры ў статусе героя вывеў зборную ў плэй-оф на дэбютным ЧЕ.
Гэта чарговы шанец для Жоржа зрабіць крок наперад у кар'еры. Адзін ён нядаўна страціў: пасля фенаменальнага сезону за «Мец» у французскай Лізе 2 перайшоў у «Аякс» летам мінулага года за 16 мільёнаў еўра і там праваліўся – 0+0 за паўгода ў 9 матчах і вяртанне ў «Мец» на правах арэнды. Ува Францыі не выратаваў ад вылету клуб, які яго выкупіў за 13 мільёнаў.
Так што наўрад ці яго мэта – зноў гуляць у Лізе 2. А Еўра цяпер відавочна дапаможа з варыянтамі. Раней хадзілі чуткі пра «Манака» і «Ліён». У акадэміі апошняга Жорж выступаў у юным узросце, бо нарадзіўся ў аднайменным горадзе, а тэарэтычна мог выступаць і за французскую зборную.
З аднаго боку, Зайвальд толькі мінулым летам пайшоў на павышэнне – традыцыйным шляхам «Зальцбург» ➡️ «Лейпцыг» за 20 мільёнаў еўра (немалыя грошы для тады 22-гадовага цэнтрхава).
Аднак ён не стаў асноўным, таму добрае выступленне на Еўра набліжае адзін са сцэнароў:
◾️ або шанец праявіць сябе ў «Лейпцыгу»;
️◾️ або прапанов ад іншага клуба, які гарантуе стабільную гульнявую практыку.
Нікаласу сёння 23, і толькі ён ды Марсэль Забітцэр у паўабароне/атаке Аўстрыі правялі па 90 хвілін ва ўсіх трох матчах Еўра. Зайвальд у цэлым выглядае нестандартным цэнтрхавам – з шчодрай для сваёй антрапаметрыі мышачнай масай, але даволі пластычны ў працы з мячом. Пры гэтым здольны забяспечваць тую інтэнсіўнасць, якую патрабуе Ральф Рангнік і на якой выязджае яго зборная.
Фота: Photo Sportpix/David Catry, BSR Agency, APA-PictureDesk, Gonzales Photo, Marcus Brandt/dpa, Federico Gambarini/dpa, Andrew Surma/Sipa USA