Спыніць матч Еўра з-за навальніцы прасілі датчане – калісьці маланка трапіла ў падапечнага Юлманда
Футбаліст правёў каля двух тыдняў у коме, а потым яму ампутавалі нагу.
Магчыма, не ўсе заўважылі, але ва ўчорашнім матчы 1/8 фіналу Еўра-2024 ініцыятарам прыпынення гульні ў навальнічным Дортмундзе выступіла зборная Даніі.
Дакладней, менавіта дацкія футбалісты сігналізавалі пра неабходнасць зрабіць паўзу галоўнаму арбітру Майклу Оліверу пасля маланкі і грому:
Аказваецца, не проста так. Паказальная тут рэакцыя галоўнага трэнера датчан Каспера Юлманда на, верагодна, патэнцыйную небяспеку – калісьці на яго вачах маланка ўдарыла ў гульца.
У 2009-м маланка патрапіла ў падапечнага Юлманда ў «Нардшэландзе» – ён доўга быў у коме, а затым яму ампутавалі нагу
Пра гэтую гісторыю ў прамым эфіры ўзгадаў журналіст Tipsbladet і каментатар Троэльс Бэйкер Тогерсен.
Гэта здарылася ў 2009 годзе, калі Юлманд працаваў асістэнтам у «Нардшэландзе» і прысутнічаў на матчы рэзервовай каманды, за якую гуляў Джонатан Ріхтэр. Пры навальніцы маланка зачапіла адразу трох футбалістаў, аднак больш за ўсё пацярпеў Рыхтэр – у яго спынілася сэрца.
У лекараў атрымалася выратаваць гульца, але ён прабыў у коме амаль два тыдні – тэмпературу цела «ахалоджвалі» да 34 градусаў.
Сам Юлманд раней у 2022-м распавядаў пра інцыдэнт:
💬 «У «Нардшэландзе» мы з Мортэнам Вігхорстам (яго сённяшні асістэнт – заўв.) на ўласныя вочы бачылі, як у нашага футбаліста ўдарыла маланка. Ён прабыў у коме 10 дзён. Мы не ведалі, ці выжыве ён. Ніхто з гульцоў не ведаў, як рэагаваць».
Пасля шасці тыдняў было прынята рашэнне ампутаваць Рыхтэру левую нагу – паводле лекарскіх высноў, дзеля істотнага паляпшэння агульнага самаадчування.
Учора Каспер таксама не мог не ўзгадаць пра гэта зноў:
💬 «Так, у маёй кар'еры такое ўжо здаралася. Я не баяўся, але клапаціўся пра бяспеку гульцоў. Я бачыў, як сур'ёзна яны рэагавалі. Спыніць матч было правільным учынкам».
Зараз Рыхтэр працуе ў футбольным клубе, а таксама працягвае займацца спортам
Рыхтэр, вядома, адразу скончыў з футболам ва ўзросце 24 гадоў. За спінай у яго было 70 матчаў у вышэйшым дывізіёне, а «Нардшэланд» замацаваў за ім 26-ы нумар.
Сёння ён працуе дырэктарам у клубе «Грэсрэдэрнэ», які выступае ў чацвёртай лізе Даніі. Дарэчы, яго родны брат Сімон меў нядрэнную кар'еру ў межах краіны і правёў 5 гульняў за зборную Гамбіі (змяніў футбольнае грамадзянства).
Праз тры гады пасля інцыдэнту Джонатан прыняў удзел у дацкім тэлешоў пра тое, як людзі з інваліднасцю адольваюць афрыканскую пустыню. І выпусціў уласную кнігу:
Таксама ён не пакінуў спорт – займаецца як футболам, так і баскетболам на вазках:
Зрэшты, у 2023-м Рыхтэр прызнаўся, што падчас гульні ў баскетбол у інвалідным вазку зноў перажыў спыненне сэрца. Пасля гэтага яму імплантавалі кардыявертар-дэфібрылятар (ІКД), каб гэта больш не паўтаралася.
Джонатан ніколі не баяўся публічна казаць пра сваю няшчасную гісторыю. А ад таго, з якіх слоў ён пачаў аповяд пра яе ў адным з відэа на YouTube, прабягаюць мурашкі:
💬 «Я – былы прафесійны футбаліст. Я жыў сваёй марай, але аднойчы падчас матча ў мяне патрапіла маланка…»
Фота: Forlaget Historia, Alchetron.com, fullcourt.dk, bt.dk, скрыншоты трансляцыі MEGOGO