BBC у прамым эфіры жорстка патроліў Раналду пасля не забітага пенальці Славеніі. Канал зараз разносяць у сацсетках
Здаецца, перабралі.
Партугалія, дзякуючы генію Дыёгу Кошты, адолела зборную Славеніі ў серыі пасляматчавых пенальці. Кіпер партугальцаў выдаў неверагодны перфоманс, пацягнуўшы адразу 3 удары з кропкі – такое адбылося ўпершыню за ўсю гісторыю турніру.
Але ніякай серыі з нервамі не было б, калі б Крышціяну Раналду, які ўсё ніяк не можа забіць на турніры, рэалізаваў пенальці ў авертайме.
Дыёгу Жота на 103-й хвіліне сустрэчы палез адразу на чатырох супернікаў і зарабіў адзінаццаціметровы – нервы не вытрымалі ў Вані Дркушыча.
Да мяча, вядома, падышоў Раналду, які збіраўся нарэшце забіць свой першы гол на гэтым Еўра. Рэжысёры трансляцыі нават паказалі плашчак са статыстыкай, дзе было відаць, што Крыш рэалізаваў папярэднія 13 спроб.
Прабіла партугальская легенда нядрэнна, але на шляху ўстала іншая легенда – славенская. Ян Облак выратаваў сваю зборную.
На Крышціяну балюча было глядзець.
Паралельна ў Англіі, дзе трансляцыю вёў мясцовы BBC, рэжысёры вырашылі пасмяяцца з Раналду і паказалі пры паўторы эпізоду плашку з надпісам: «Misstiano Penaldo». Нешта тыпу нашага «Прамахтыяну Пеналду».
Сацсеткі адразу ўзарваліся.
Нават легендарны Джон Тэры адрэагаваў у сябе ва інстастаграме, напісаўшы: «ВВС, гэта ганьба!»
У серыі пасляматчавых пенальці Крыш сваю спробу рэалізаваў і адразу папрасіў прабачэння перад уласнымі заўзятарамі.
Здаецца, зараз чарга выбачацца BBC?