Алісэ, Альварэс, Кубарсі і іншыя вядомыя гульцы і трэнеры футбольнага турніру АГ-2024
Ёсць знаёмыя імёны і ў жаночым футболе.
Ужо 24 ліпеня пачнецца алімпійскі футбольны турнір – матчамі першага тура мужчынскіх спаборніцтваў.
Перад гэтым – пра вядомых футбалістаў і трэнераў, якія згуляюць у Парыжы.
Самая зорная каманда групы B, на жаль, Месі не вязе – і ў планах такога не было, і траўма ўсё роўна перашкодзіла б. Аднак вязуць аднаго з прыкметных гульцоў «Ман Сіці» Хуліяна Альварэса – і гэта суцяшае: ён не проста дзейны чэмпіён свету, Паўднёвай Амерыкі і Англіі (з клубам), але і мае важную ролю ў кожнай з гэтых каманд. А тут яшчэ і магчымасць выйграць Алімпіяду – і жартаваць пра тое, што ў 24 гады прайшоў футбол.
Аднак ёсць і дзве больш дасведчаныя зоркі ў камандзе – галкіпер Хероніма Рульі (цяпер гуляе за «Аякс»), які ўжо ездзіў на АГ-2016, і абаронца Нікалас Атамендзі, які цяпер гуляе за «Бенфіку» і таксама быў звышважным складнікам каманды на ЧС-2022.
З моладзі за прозвішча хутчэй можна вылучыць нападніка Джуліяна Сімеонэ – самага малодшага з сыноў Дыега, які належыць «Атлетыка», але мінулы сезон правёў у «Алавесе».
Трэнуе іх усіх добра знаёмы Хаўер Маскерана – легенда «Барселоны» і зборнай Аргенціны. Моладзеўка роднай краіны – яго першы трэнерскі досвед.
«Бацяй», лідарам, капітанам, зоркай у зборнай Гвінеі на Алімпіяду едзе Набі Кейта – яшчэ нядаўна гулец «Ліверпуля». Едзе на АГ без сур'ёзнай практыкі: у «Вердэры», якому належыць, спачатку прапускаў шмат праз траўмы, а ў красавіку з'ехаў дадому, калі даведаўся, што не выйдзе ў аснове на матч з «Баерам» – за гэта яго адхілілі да канца сезона.
З іншых гульцоў можна вылучыць Ілайша Морыбу – 21-гадовы талент усё ніяк не знойдзе сабе месца ў дарослым футболе. Калісьці за яго змагаўся «Сіці» – цяпер ён сыходзіць з «Лейпцыга» (за які ўсяго з 2021-га згуляў 6 матчаў) у арэнду да «Хетафе».
Не, вядомых гульцоў у гэтай камандзе мы не знайшлі (на жаль). Але не можам не звярнуць увагу на яе трэнера. Каманду ўзначальвае Ібаі Гомес – даволі прыкметны былы гулец «Атлетыка» Більбаа, няхай яго знаходжанне ў клубе і псавалі траўмы.
Алімпійскую каманду Дамініканскай Рэспублікі ён узначаліў у лютым 2024-га – і сумяшчае пасаду з пасадай галоўнага трэнера ў клубе «Арэнас» Геча з чацвёртага дывізіёна.
Салаха не будзе – але ў заяўцы дакладна пазнавальны Махамед Эль-Нені. Для паўабаронцы, у якога так і не склалася ў «Арсенале», гэты турнір будзе дадатковай нагодай праявіць сябе – пасля васьмі з паловай гадоў з «кананірамі» ён стаў вольным агентам і шукае новы клуб.
Ізраіль
У Ізраілі вядомым можна лічыць Оскара Глуха – даволі часта аказваецца ў спісах маладых-таленавітых-перспектыўных, ужо дэбютаваў за асноўную зборную і перайшоў у «Зальцбург». Неталенавітых, як вядома, «Рэд Бул» да сябе не бярэ.
«Ла Роха» на АГ вязе дастаткова магутную маладую каманду. Цікава, што гэта тычыцца ў асноўным тых, хто праходзіць па ўзросце – са «старэйшых» можна вылучыць у першую чаргу Серхіа Гомеса, якога Пеп захацеў сабе ў «Ман Сіці», але не склалася – левы абаронца далей будзе гуляць за «Сасьедад».
Затое дастаткова тых, хто едзе «ў межах» узроставага цэнзу Гульняў. Эрык Гарсія з «Барсы», які нанова раскрыўся ў «Жыроне», увогуле ўжо мае 19 матчаў за асноўную зборную – ездзіў з ёй на Еўра-2020, а таксама ўдзельнічаў у Алімпіядзе таго ж года. З «Жыроны» на АГ таксама едзе Мігель Гуцьерэс, які раскрыўся ў клубе-сенсацыі Ла Лігі.
У складзе і два прадстаўнікі «Ла Масіі», якіх Хаві ў мінулым сезоне падцягнуў да асновы – Пау Кубарсі і Фермін Лопес. З «Атлетыка» едзе звышталенавіты Пабла Барыяс, даволі прыкметны і Алекс Баэна з «Вільярэала», які прыняў удзел у двух матчах Еўра-2024 (з Албаніяй і Італіяй).
Галоўная зорка мараканцаў – вядома, Ашраф Хакімі, лідар сенсацыйнай асноўнай зборнай Марока на ЧС-2022 і досыць важны гулец «ПСЖ».
З моладзі даволі прыкметны выхаванец «Барсы» Ільяс Ахамаш, які цяпер выступае за «Вільярэал».
Злучаныя Штаты вязуць на АГ увогуле не надта вядомых гульцоў. Вылучыць можна хіба што Габрыэля Сланіну – 20-гадовага галкіпера, які яшчэ ў 2021-м у 17 гадоў стаў самым маладым брамнікам у МЛС з сухім матчам. Улічваючы ўзрост, яго не мог купіць ніхто іншы акрамя «Чэлсі» – дэбюту за лонданцаў Сланіна яшчэ чакае, затое ўжо паспеў дэбютаваць за дарослую зборную ЗША.
Так, нават ва Узбекістане ёсць даволі вядомы гулец! Не мог не паехаць на хоць які-небудзь значны турнір з краінай Эльдор Шамуродаў – улічваючы, што Кубак Азіі-2023, дзе яго краіна дайшла да чвэрцьфіналу, прапусціў праз траўму.
Шамуродаў усё яшчэ належыць «Роме». У Серыі А, асабліва ў рымскім грандзе, у 29-гадовага нападніка складваецца далёка не ўсё – але для ўзбекскага футбола ён, безумоўна, галоўная зорка.
Нягледзячы на пастаянныя размовы пра тое, што ў сістэме зборных Францыі неверагодная глыбіня зорак і зорачак, там не ўся заяўка складзеная з пазнавальных асобаў. Хаця, вядома, Аляксандра Ляказета за выслугу гадоў можна назваць як мінімум адной з галоўных зорак турніру. 33-гадовы нападнік, які запальваў (і зноў гэта робіць) у «Ліёне» і быў адным з лідараў у «Арсенале», не меў шмат шанцаў у асноўнай зборнай – затое можа выйграць трафей з алімпійскай.
Па квоце на дарослых – і таксама маюць пэўны статус у футболе – з Францыяй едуць нападнік «Крыстал Пэлас» Жан-Філіп Матэта і цэнтральны абаронца «Севільі» Лоік Бадэ.
Галоўныя маладыя зоркі каманды – навічок «Баварыі» Майкл Алісэ і аднаклубнік Ляказета Раян Шэркі (ужо набіў 100+ матчаў за «Ліён» – а яму ўсяго 20!), які ўсё яшчэ выклікае пэўную цікавасць іншых клубаў. У цэнтры абароны знатакі пазнаюць Кастэла Люкеба – таксама выхаванца «Ліёна», які ўжо заслужыў «павышэнне» ў «Лейпцыг» як знак якасці таленту, дзе яшчэ і адразу стаў асноўным.
Але, вядома, галоўная зорка каманды – трэнер Цьеры Анры, легенда зборнай Францыі, «Арсенала» і футбола ў цэлым, эксперт легендарных студый на CBS і не самы паспяховы пакуль што трэнер. У «Манака» быў правал, у «Манрэалі» – лепш, але нядоўга, так што цяпер – час рэабілітавацца.
У жаночым футбольным турніры таксама ёсць некалькі заўважных імёнаў, вядомых шырокай публіцы. Тут усё ж прасцей – узроставых абмежаванняў няма.
Таму ў складзе Іспаніі, дзейнай чэмпіёнкі свету, едуць уладальніцы «Залатога мяча» Айтана Банмаці і Алексія Пуцельяс. Джэніфер Эрмоса, тая самая, якую без згоды пацалаваў Луіс Рубіялес, на месцы. Да гэтага часу гуляе і 38-гадовая бразільянка Марта – легенда жаночага футбола.
Дзейных чэмпіёнак Еўропы – Англіі – на турніры не будзе. Затое зборную ЗША ўзначальвае англічанка Эма Хейз, якая пабудавала з «Чэлсі» галоўную сілу ў англійскай Суперлізе і выводзіла яго ў фінал ЛЧ.
Завершым вядомым мужчынам у гэтым турніры – Францыю цяпер трэніруе Эрве Рэнар, які на ЧС-2022 з Саудаўскай Аравіяй стаў адзіным, у каго атрымалася абгуляць зборную Аргенціны.
Фота: SL Benfica, CAF Online, FIFA, Arsenal.com, Goal.com, FC Barcelona Noticias, CNN, Khel Now, SuperSport