10 найлепшых дамашніх формаў сезона 2024/25
Без французаў, але з двума навічкамі топ-ліг.
Усё лета мы назіралі за дропам новенькіх гульнявых формаў, у якіх клубы топ-чэмпіянатаў правядуць сезон, які неўзабаве пачнецца. Усе ўдзельнікі ліг ужо вызначыліся і пахваліліся сваімі камплектамі. Што там ёсць цікавага?
10.«Чэлсі»
У наступным сезоне лонданскі «Чэлсі» будзе мець адну з самых цікавых хатніх формаў. Камплект выклікаў неадназначныя рэакцыі, а ў сетцы завірусіўся мем з параўнаннем дызайну гэтай футболкі з крэсламі ў аўтобусе.
Але ю форму можна назваць смела яркай і ў станоўчым сэнсе. Звычайна дызайнеры больш крэатывяць ў выязных ці трэціх камплектах, але «Чэлсі» сур'ёзна ўзяўся за класічнае сіняе хатняе экіпіяванне. Лініі, ярка выяўленыя на футболцы і шортах, нагадваюць пенную хвалю, а лагатыпы ўдала падкрэслены аранжавым апраўленнем. Лонданцы ўпершыню задзейнічалі гэты колер на хатняй форме.
9.«Барусія» Дортмунд
У сваім новым хатнім камплекце «Барусія» натхнялася формай з сезона 1996/97, калі клуб выйграў Лігу чэмпіёнаў. Форму рэлізнулі пад фінал еўракубка гэтага года, дзе дортмундцы згулялі супраць «Рэала». Безумоўна, важны момант для клуба, што цалкам апраўдана будзе фігураваць у экіпіяванні ўвесь наступны сезон.
З пункту гледжання дызайну – без сюрпрызаў. Класічнае спалучэнне чорнага і жоўтага, палосы, але гэтым разам мінімалістычны з кантраснымі каўнерыкам і рукавамі.
8.«Атлетыка» Мадрыд
«Атлетыка» таксама размясціў тонкія лініі, разнастаіўшы класічны паласаты хатні камплект. На чырвоную аснову ляглі тоўстыя белыя палосы з блакітным апраўленнем. У некаторых месцах яны «пераліваюцца» ў градыент, як і тонкія лініі пасярод белых.
Форма адкрыта выглядае свежай і прывабнай, бо яна выкананая не толькі ў яркіх колерах, але і ў яркім іх выкананні. Цікава, што для акцэнту на клубным лагатыпе выкарыстоўваецца залацістае апраўленне, а на белай частцы футболкі можна разглядзець цікавы тэкстурны фон.
7. «Напалі»
Галоўнай фішкай новай хатняй формы «Напалі» стаў фон з дробных клубных лагатыпаў. Дызайнеры выкарысталі 3D-эфект, каб здавалася, што футболка пераліваецца. Класічны нябесна-блакітны асноўны камплект класна дапаўняе каўнерык пола, які ненадакучліва бярэ свой пачатак не з сярэдзіны футболкі, а з невялікай белай трохкутнай ўстаўкі. Увесь камплект выглядае гарманічна з белымі шортах і блакітнымі гетрамі.
6.«Вальядалід»
На паласатай футболцы «Вальядаліда», які ў мінулым сезоне павысіўся з Сегунды ў Ла Лігу, можна заўважыць цікавы фон на тоўстых фіялетавых палосах і тонкія цёмна-шэрыя лініі на белай частцы. У такога дызайну ёсць важны падтэкст - ён натхнёны пажарам 1561 года ў Вальядалідзе, які разбурыў 440 дамоў, аднак пазней прывёў да мастацкага адраджэння горада. Такім чынам клуб аддае даніну ўстойлівасці і гісторыі горада, якія калісьці прывялі да неабходнасці яго асучасніваць.
Атрымалася прывабна і ўдала. Ужо на гэтым этапе можна прасачыць тэндэнцыю, што ў сезоне-2024/25 мы ўбачым шмат прыгожых паласатых формаў.
5.«Рома»
Італьянцы па сваёй сутнасці валодаюць выдатным пачуццём стылю, але з цягам часу клубам Серыі А становіцца ўсё больш складана здзівіць фанаў.
Напрыклад, гэтай формай «Рома» наўрад ці выклікала ў кагосьці здзіўленне, але яна атрымалася прывабнай. На футболцы ёсць усё, што трэба для шчасця: велічна-бардовая аснова з залатымі палосамі і іншымі элементамі.
4.«Лацыа»
Хатняя форма «Лацыа» - адна з тых, якую можна аднесці альбо да ўдалых, альбо да зусім нецікавых, чагосьці сярэдняга тут быць не можа. Нам камплект рымлянаў спадабаўся.
Асновай пяшчотна-блакітнай футболкі сталі надпісы – а менавіта назва клуба асіметрычнымі літарамі, часам выкананымі дагары нагамі. Гэты ход падаўняе ледзь завостраны каўнерык і цёмна-сінія дэталі, а таксама белыя шорты і гетры.
3.«Санкт-Паўлі»
Хатняя форма навічка Бундэслігі «Санкт-Паўлі» нетыповага колеру – карычневага.
Немцы адсылаюць да камплекта яшчэ з 90-х, калі масіўныя карычневыя квадраты чаргаваліся з белымі, але сучаснае выкананне выглядае куды лепш. Адзінае пытанне – белыя каўнерык і апраўленне рукавоў. Як думаеце, яны ўдала ўпісаліся ў футболку?
2.«Астан Віла»
Камплект атрымаўся мінімалістычным, аднак у найлепшай сваёй варыяцыі. Калі ў мінулым сезоне бардовы фон аддалена нагадваў бабулін абрус або хустку, то ў гэтым годзе англічане павінны сутыкнуцца толькі з прыемнымі параўнаннямі.
1.«Ліверпуль»
Леташняя хатняя форма «Ліверпуля» была простай як дзверы, а вось новая – яе поўная супрацьлегласць. Англічане прадставілі форму, якую проста хочацца разглядаць – нетыповы каўнерык, геаметрычны малюнак на чырвонай аснове, залатыя элементы. Класічная аснова футболкі і шорт мае цікавы тэкстурны фон, а на ніжняй частцы з'яўляюцца жоўтыя палосы.
Тут таксама ёсць адсылка да Лігі чэмпіёнаў – у 1982-1985 гадах клуб выступаў у аддалена падобным камплекце, а ў 1984-м выйграў турнір.
Фота: «Чэлсі», «Барусія», «Атлетыка», «Напалі», «Вальядалід», «Рома», «Лацыа», «Санкт-Паўлі», «Астан Віла»,«Ліверпуль»