Мінскае «Дынама» для польскага суддзі – не першае за жнівень: усё з-за п'яных прыгод калег
І такое бывае.
Мінскае «Дынама», хоць і прайграла «Гібралтару» (1:2) матч у адказ, але па суме прабілася ў плэй-оф Лігі Еўропы, гарантаваўшы сабе еўравосень. Пытанне толькi ў турнiры, i гэта вызначыцца ў супрацьстаяннi з бельгійскім «Андэрлехтам».
Першая гульня мінчан адбудзецца 22 жніўня ў венгерскім Мезекёвешдзе, а ў адказ – праз тыдзень, 29-га. Сярод арбітраў другога матча будзе і паляк Томаш Квяткоўскі – ён адказвае за прагляд відэапаўтораў.
Для польскага арбітра гэта будзе не першае «Дынама» у жнiўнi – 6 чысла Квяткоўскi таксама на VAR адпрацаваў матч Лігі Чэмпіёнаў «Дынама» Кіеў – «Рэйнджэрс» (1:1). А самае дзiўнае – што Квяткоўскага тады не збiралiся ставiць на працу.
Але ў ноч перад гульнёй iншыя польскiя рэферы Барташ Франкоўскі і Томаш Мусял, якія па плане павiнны былi адказваць за паўторы ва ўкраiнска-шатландскiм матчам, моцна перабралі з алкаголем – як высветлілася пазней у іх крыві было больш за 1,5 праміле. Нецвярозыя мужчыны для чагосьцi скралі дарожны знак, а затым накіраваліся з ім у бок аднаго з гандлёвых цэнтраў у Любліне. Па дарозе арбiтраў затрымала мясцовая паліцыя.
Франкоўскага i Мусяла у тэрміновым парадку адхілілі ад матча – замянiлi калег Квяткоўскі і Павел Малец. Што будзе далей з суддзямi, якiя напiлiся, пакуль невядома, але ў польскай федэрацыі футбола пагражалі разарваць з імі кантракты.