Чаму найлепшы футбаліст Беларусі-2023 ад шчасця залез на стол? Зараз патлумачым
Моцны камбэк да юбілею.
29 жніўня «Астана» Макса Эбонга гуляла матч кваліфікацыі Лігі канферэнцый у адказ супраць нарвежскага «Брана» пасля выязнога паражэння 0:2. Ад пачатку сезона «Астана-Арэна» зачынена на рэканструкцыю, таму суперніка прымалі на «Цэнтральным» у Алмаце. Нягледзячы на важны матч, аншлаг і блізка не сабраўся. Пры ўмяшчальнасці амаль 24 тысячы на трыбуны стадыёна ў чацвер таму прыйшло 8276 чалавек.
«Астане» трэба было адгульвацца, але, нягледзячы на відавочную перавагу, першы мяч гледачы ўбачылі толькі роўна па заканчэнні гадзіны гульні. Нападнік Джэфры Чынеду класна адгукнуўся на перадачу і галавой адправіў мяч у сетку. На 81-й хвіліне ён жа падпільнаваў памылку брамніка «Брана» Маціяса Дзюнгелана, які няўдала згуляў на выхадзе, і адправіў мяч у пустыя вароты. На першай дабаўленай хвіліне зноў памыліліся гульцы нарвежскага клуба – абаронца Йоахім Солтведт няўдала пакаціў мяч назад, што ў выніку прывяло да выхаду сам-насам з Дзюнгеланам форварда Рамазана Карымава, які выйшаў на замену літаральна за некалькі секунд да эпізоду. Сваім шанцам Карымаў скарыстаўся. У выніку «Астана» перамагла 3:0 (3:2, па суме двух матчаў) і згуляе ў восеньскай стадыі еўракубка.
Пасля матча футбалісты «Астаны» шмат святкавалі. Адным з самых актыўных быў Эбонг (у першым матчы з «Бранам» адгуляў 80 хвілін, у другім – увесь матч). У распранальні ён залез на стол і заводзіў каманду пад адзін з галоўных футбольных хітоў італьянскай спявачкі GАLA – Freed from desire:
Дарэчы, 26 жніўня ў Эбонга быў Дзень нараджэння. Найлепшаму футбалісту Беларусі-2023 споўнілася 25 гадоў. У камандзе яго павіншавалі «калідорам»: