Беларусь і Балгарыю рассудзіць арбітр, брыгада якога ў 2020-м уляпалася ў расісцкі скандал – Мбапэ тады звёў ПСЖ з поля
Але пакарання не было.
У чацвер, 5 верасня, зборная Беларусі згуляе першым матч у Лізе нацый супраць Балгарыі. Супернікаў рассудзіць румынская брыгада арбітраў. Галоўным будзе Авідыу Хацэган, дапамогуць яму асістэнты Себасцьян Георге і Аляксандру Чарэй. Рэзервовым стане Андрэй Ківулеце.
У 2020 годзе Хацэган і Георге працавала на матчы ПСЖ – «Істанбул» у шостым туры групавога этапу ЛЧ. Тая сустрэча скончылася гучным расісцкім скандалам. Акрамя Хацэгана і Георге той матч абслугоўвалі румыны Актавіян Шоўрэ (асістэнт) і Себасцьян Кальцэску (рэзервовы).
На 14-й хвіліне адзін з эпізодаў гульні завяршыўся парушэннем правілаў з боку гаспадароў. Гэтым фолам асабліва актыўна абураўся асістэнт галоўнага трэнера «Істанбула» П’ер Вэбо. Хацэган удакладніў, каму канкрэтна трэба паказаць картку. Шоўрэ паказаў на Вэбо: «Жоўтую яму! Гэтаму чорнаму. Такое нельга рабіць. Ідзі і паглядзі, хто гэта. Чорны вунь там. Нельга такое рабіць».
Руку бакавога відаць на гэтым скрыншоце – ён паказвае галоўнаму суддзю на парушальніка.
Хоць фатальныя словы вымавіў Шоўрэ, гульцы, якія нейкім чынам пачулі тыя рэплікі, накінуліся на Кальцэску. Магчыма, той проста паўтарыў словы. Вэбо, атрымаўшы выдаленне, пачаў абурацца і вінаваціць суддзю ў расізме. Раз'юшыўся і форвард турэцкай каманды Дэмба Ба.
«Вы ніколі не кажаце: «Гэты белы хлопец», а кажаце: «Гэты хлопец». Дык чаму ж, калі вы паказваеце на цемнаскурага хлопца, вам абавязкова трэба сказаць «Гэты чорны хлопец?» — пытаўся Ба.
На абарону трэнера паўсталі гульцы і сябры трэнерскага штаба турэцкай каманды. Яны атачылі рэзервовага суддзю. «Вы расіст?» – звяртаўся да Калцэску трэнер «Істанбула» Акан Бурук.
Больш за тое, Вэбо падтрымалі і супернікі. Гульцы ПСЖ прынялі рашэнне сысці з поля разам з гульцамі «Істанбула». Адным з ініцыятараў такога рашэння быў Кіліян Мбапэ.
Матч прыпынілі. Дэлегаты ад УЕФА пачалі весці перамовы з камандамі і прапаноўвалі кампраміс: рэзервовы суддзя Кальцэску мяняецца месцамі з суддзём ВАР. «Істанбул» гэты варыянт не задаволіў – яны патрабавалі, каб Кальцэску наогул адхілілі ад матчу. Пра Шоўрэ ў той момант нібы забыліся.
У выніку УЕФА здаўся: паабяцаў дагулёўку астатніх 76 хвілін з новай брыгадай – яе сабралі з нідэрландскіх, польскіх і італьянскіх арбітраў. На ўсялякі выпадак прызначылі нават рэзервовага асістэнта. Парыжане ў дагулёўцы шанцаў супернікам не пакінулі – разграмілі 5:1.
Пасля матчу Кальцэску і Ба нават стэлефаноўваліся: форвард патлумачыў, што не лічыў словы арбітра расізмам – проста быў супраць вымаўлення «чорны». Себасцьян пагадзіўся з такой пазіцыяй.
УЕФА правяло ўласнае расследаванне і паведаміла, што ў словах румынскіх арбітраў расізму не было і іх не пакараюць. Тым не менш двух галоўных удзельнікаў таго скандальнага эпізоду ў чацвер у венгерскім Залаэгерсегу мы не ўбачым.