Памёр самы нечаканы з найлепшых бамбардзіраў ЧС: ледзь не выйграў Залаты мяч, а да турніру меў адзін матч за зборную
Тота Скілачы прайграў барацьбу анкалогіі.
18 верасня ў 59-гадовым узросце з жыцця сышоў былы форвард зборнай Італіі Сальваторэ Скілачы.
У 2022 годзе ў італьянца дыягнаставалі рак тоўстай кішкі – ён перанёс дзве аперацыі. Тыдзень таму Сальваторэ шпіталізавалі ў Палерма, а ў сераду з'явілася інфармацыя пра яго смерць.
Скілачы – сенсацыя ЧС-1990. Нечакана патрапіў у зборную, але паабяцаў прысвячаць галы сыну – і стаў найлепшым бамбардзірам
Самая памятная гісторыя пра кар'еру Скілачы – хатні чэмпіянат свету-1990, дзе ён стаў найлепшым бамбардзірам і гульцом турніру, а зборная Італіі ўзяла бронзавыя медалі.
Унікальнасць жа шляху ў тым, што выклік нападніка на ЧС быў ледзь не сенсацыяй – трэнер Адзельё Вічыні паверыў у яго, нягледзячы на досвед ва ўсяго два матчы на міжнародным узроўні, адзін з якіх наогул быў у складзе U-21.
Сальваторэ меў зорных канкурэнтаў (Джанлука Віялі, Андрэа Карневалі, Раберта Манчыні, Альда Серэна і Раберта Баджa), але нават гэта не перашкодзіла яму паабяцаць цяжарнай жонцы імкнуцца забіваць у кожным матчы турніру і прысвячаць галы чаканаму сыну.
У першым туры супраць Аўстрыі Скілачы выйшаў на замену на 75-й і ўжо праз тры хвіліны вызначыўся голам. Другі тур выдаўся сухім, а сын нарадзіўся перад трэцяй гульнёй – там Сальваторэ зноў забіў, выйшаўшы ў старце.
Далей былі галы ў кожным раўндзе плэй-оф: у 1/8-й, 1/4-й, 1/2-й і ў матчы за трэцяе месца з пенальці на 86-й хвіліне, калі Баджа аддаў яму мяч быццам бы са словамі «Заб'еш – і станеш найлепшым бамбардзірам ЧС». Так і адбылося – 6 галоў у 7 гульнях, больш за Італію на адным сусветным першынстве не забіваў ніхто (столькі ж забіў Паала Росі).
Што тычыцца звання найлепшага гульца турніру, то Скілачы тады апярэдзіў фіналістаў Дыега Марадону і Лотара Матэуса. Немцу, праўда, пасля саступіў у галасаванні за «Залаты мяч», стаўшы другім.
ЧС-1990 стаў адзіным буйным турнірам зборных для Сальваторэ, а па-за ім форвард вызначыўся толькі адным голам у дзевяці іншых матчах за нацыянальную каманду.
Пра той перформанс Тота ФІФА нават зняла дакументальны фільм – на італьянскай, але з англійскімі субтытрамі.
***
На клубным жа ўзроўні кар'ера ў Сальваторы не моцна задалася – ён скончыў з футболам у 32, два заключных сезоны адгуляўшы ў Японіі.
Самы яркі адрэзак – сезон 1988/99, калі ў складзе «Месіны» ён забіў 23 мячы ў чэмпіянаце і стаў найлепшым бамбардзірам, пасля чаго летам 1989-га «Ювентус», які тады трэніраваў Дзіна Дзоф, заплаціў суму, якая была эквівалентная 3,5 млн еўра. У Турыне ў агулам набіў 36 галоў у 132 матчах (21 з якіх – у першым прарыўным сезоне як раз перад ЧС-1990) і затым 12 мячоў за «Інтэр», адкуль і адправіўся ў ваяж у Японію.
Пры гэтым з двума італьянскімі грандамі Скілачы паспеў па разе выйграць Кубак УЕФА.
Фота: PA Images