Калегi былых гульцоў ЧБ у захапленнi ад iх высмейвання «найгоршага агента» – той вельмi ўжо падобны да Хлебасолава
I прапануе экзатычныя варыянты з нiзкiм заробкам.
Беларускі экс-футбаліст, а цяпер агент Дзмітрый Хлебасолаў ужо не раз заяўляў, што гульцы, з якімі ён дамаўляўся (у тым ліку на слове гонару), адмаўляліся выконваць умовы. Па сцвярджэннi Хлебасолава, калі-небудзь ён «апублікуе спіс ######### [грубае абазначэнне геяў]».
Але пакуль гэта стала хіба што нагодай для жартаў ад экс-футбалістаў ЧБ Мікіты Мікалаевіча і Арсенія Канцадайлава, якія вядуць акаўнт з гумарыстычнымі відэа. 10 верасня там выйшаў ролік пра безыменнага агента, які хоча 10% за трансфер, хаця футбаліст сцвярджае, што пераход арганізаваў сабе сам. Тады агент пачынае пагражаць нейкімі «людзьмі, якія мацнейшыя».
16 верасня выйшаў яшчэ адзін скетч – там асобна было прапісана, што «ўсе супадзенні выпадковыя», але іх занадта ўжо шмат. Па сюжэце Мікалаевіч тэлефануе агенту з імем Дзмiтрый Нахлебнік – алюзія відавочная. Пры гэтым кантакт у тэлефоне гульца падпісаны як «Найгоршы агент РБ».
«Нахлебнік» вылучае свае ўмовы. Першая – купіць чорную майку з надпісам Playmaker. Рэальны Хлебасолаў прасоўваў такія ў сваім Instagram.
Другая ўмова «Нахлебніка» – аформіць дакументы аб супрацоўніцтве, але калі футбаліст адмаўляецца, агент згаджаецца працаваць і так, узяўшы толькі клятву, што гулец «не кіне», і дадаўшы, што «жыццё – бумеранг». Трэцім жа пунктам ішло патрабаванне «жарты не жартаваць» – з намёкам на папярэдняе відэа Канцадайлава і Мікалаевіча. «Нахлебнік» заявіў, што тыя, хто над ім жартуе, «хлопцы нерукапаціскальныя і сабе не знойдуць ніякую каманду нідзе ўвогуле ні за што ніколі».
Затым агент заявiў, што ўжо знайшоў футбалісту клуб у трэцiм дывізіёне «цi то Малі, цi то Самалі», i чакае свае 10% па кантракце, якія складуць «роўна 15 рублёў 60 капеек». На гэтым размова сканчваецца, пасля чаго футбалiст пасылае агента.
Відэа прывяло ў захапленне шмат калег Канцадайлава i Нiкалаевiча. Ацанiлi ролiк Валерый Грамыка, Дзмітрый Бага, Станіслаў Драгун і iншыя.
А Iван Верас, у якога было непаразуменне ў працы з рэальным Хлебасолавым, папрасiў кантакты «Нахлебнiка».