«Мае вочы перасталі кроватачыць». Што ў Шатландыі думаюць пра тое, як «Хартс» адолеў мінскае «Дынама»
Незадаволены сваёй камандай, ды i беларускай дасталася.
Мінскае «Дынама» няўдала стартавала ў Лізе канферэнцый – падапечныя Вадзіма Скрыпчанкі на апошняй хвіліне дададзенага часу прапусцiлi ды саступілі «Хартсу» (1:2).
Для шатландскай каманды гэтая перамога перапыніла зацягнутую серыю няўдач – да гэтага яна ў мiнулы раз выйгравала 11 траўня. Нягледзячы на гэта, мясцовая прэса не моцна песціла каманду ўвагай, а шэраг СМІ абмежаваўся радавой нататкай. Напрыклад, на сайце газеты The Herald цiкавiлiся ў рэдактараў, чаму агляд матчу «трэцяга па велічыні клуба Шатландыі, які перамагае на выездзе ў Еўропе, стаў артыкулам нумар 20 на спартыўнай старонцы».
Больш за ўсіх пастаралася шатландскае падраздзяленне таблоіда Sun. Там выйшаў атрыкул, у загалоўку якой абгулялі назву каманды – назвалi Heart breaker (пры напiсаннi разам то была б «траурная падзея», а так адрымалася «той, хто разбiў сэрца»).
У матэрыяле Sun падкрэслівалася атмасфера падчас матча без гледачоў, адзінай крыніцай шуму на якім «былі вялікія экраны за варотамі, на якіх нядоўга гучала музыка Лігі канферэнцый – усё было як у часы кавіда, толькі без кашлю і хрыпаў». Прычыну такой атмасферы – антываенны бан матчаў на тэрыторыi БеларусI – у нататке не было сказана.
Затое пра гэта згадвае ў сваім артыкуле выданне Daily Record. «Ніводны заўзятар не прайшоў шлях у 3300 міль да Усходняй Еўропы пасля таго, як матч быў перанесены за зачыненыя дзверы з-за санкцыяў УЕФА супраць Беларусі за ўдзел у расейска-ўкраінскай вайне», – піша яно і адзначае, што «ганарлівы» Ліам Фокс прысвяціў перамогу ўсім тым, хто не змог прыехаць падтрымаць каманду.
Edinburgh news адразу пасля матчу сабрала меркаваннi мясцовых футбольных экспертаў. Так, Дэрэк МакІнэс з TNT Sport назваў фантастыкай тое, як склалася гульня для «Хартса», яго калега Раян Макгоўэн прызнаў, што то была не лепшая гульня клуба, але перамога – менавіта тое, што было патрэбна «Хартсу». А Алан Прэстан са Sportsound проста назваў апошнюю атаку шатландцаў «бліскучай».
Найбуйнейшае брытанскае медыя BBC спытала пра перамогу наўпрост у чытачоў і некаторыя меркаванні апублікавала. Так, нейкі Крыс адзначыў, што выступ шатландскай каманды не дае яму ніякіх надзей на будучыню. «Мы вырвалі вельмі ўдалую і незаслужаную перамогу ў каманды, якая выглядала амаль гэтак жа дрэнна, як і мы», – адзначае ён. Заўзятар Пол дадаў, што ён «рады выціснуць перамогу, але супернiк быў у рэйтынгу тухлых».
Многія заўзятары «Хартс» глядзелі гульню ў адным з шатландскіх бараў, дзе, здаецца, панавала топавая атмасфера пасля гульні.
У каментарах у сацсетках клуба радаваліся перамозе сваёй каманды, але не без крытыкі.
«Непрыгожая перамога, але перамога. I пазітыўны малады хлопец Форестер – гулец матча, лёгка 👏👏»
«Цудоўны вынік, маркотная гульня. Не думаў, што Макей можа стаць яшчэ горш. Як жа я памыляўся»
«Спадзяюся, пасля сёння мы будзем ведаць нашы прыкладныя стартавыя 11. Гэта быў не лепшы матч, але мы перамаглі! Ва ўмовах недахопу магчымасцей атакi [аўтара пераможнага гола] Данду трэба ў стартавы склад, калі ён у форме. Мы заслужылі перарваць [серыю без перамог] i здолелi гэта сёння! Добрая праца, «Хартс», наперад, «Джамбас»!
«Дзякуй, ##### [снашаць]. Гэта было балюча, але перамога ёсць перамога»
«Добры вынік, але жахлівая гульня для прагляду. Нам сёння пашанцавала, і калі б у нас былі дастойныя супернікі, мы б абдзелалiся. Спадзяюся, мы здабудзем упэўненасць і працягнем»
«Не было прыгожа, але галоўнае – вынік. Малайцы 👏»
Толькі адзін з карыстальнікаў палічыў, што «Дынама» было «вельмi моцным супернікам» – i напiсаў пра «добрую перамогу» над iм.
«Уся справа ў выніку. Нарэшце мы перамаглі. Цяпер у нядзелю мы адолеем «Абердзін» і будзем iсцi наверх. Павінен прызнацца, што ў першым тайме я быў шалёны, таму што гэта зноў быў дзень сурка: супернік садзіцца, мы без мэты пінаем мяч, яны забіваюць. Але па ходзе гульні, я думаю, яны пачалі разумець, што Мінск – серадняк, і яго можна абыграць. I, як і ў выходныя, мы працягваем ісці наперад да фінальнага свістка і атрымліваем гол».
«Мінск быў слабой камандай, але, улічваючы, як нам не хапала ўпэўненасці і як далёка нам прыйшлося ехаць, гэта фантастычная перамога. Рады за Яна Данду. Я ўжо некалькі тыдняў кажу, што ён павінен гуляць»
«Мае вочы перасталі кроватачыць, таму цяпер я магу цешыцца вынікам. Мінск быў абсалютна жудасны», – была i такая радасць ад перамогі.
«Нам, канешне, вельмі пашнцавала з першым голам, але наконт другога не паспрачаешся. Спадзяюся, гэта стане каталізатарам для пачатку нашага сезона. Хаця наперадзе яшчэ шмат працы. Спадзяюся, мы атрымаем трэнера ў бліжэйшы тыдзень-два».
Былi i проста кароткiя паведамленнi з падтрымкай.
«Выдатная перамога сёння»
«Добрая праца, хлопцы, вы выдатныя»
«Цудоўна»
«Выдатная перамога! Ёсць ад чаго адштурхнуцца! Спадабалася бачыць радасць гульцоў!»
«Дааа! Хартс класна забіў на апошніх секундах. Заўзятар «Рэйнджэрс»