Пагба скарацілі тэрмін дыскваліфікацыі, але «Юве» хоча ад яго пазбавіцца – занадта высокі заробак
«Быў цудоўным футбалістам, але даўно не гуляў».
За ўсімі падзеямі выходных у топ-лігах міма аматараў еўрапейскага футбола мог прайсці факт, што Полю Пагба скарацілі дыскваліфікацыю – і цяпер француз можа вярнуцца на поле ўжо ў гэтым сезоне.
Аднак у «Ювентусе», падобна, не вельмі радыя гэтаму.
Спачатку Пагба дыскваліфікавалі на 4 гады, ён абскардзіў – і скарацілі да 18 месяцаў
Поль перайшоў у «Ювентус» з «МЮ» летам 2022 года на правах свабоднага агента. Ён прапусціў практычна ўвесь першы сезон праз шэсць розных траўм, але быў настроены на прарыў у розыгрышы 2023/24.
Аднак усё пайшло не так ад самага пачатку. У жніўні 2023-га пасля адной з гульняў у пробе француза выявілі падвышаны ўзровень тэстастэрону. Апошні матч за «Ювентус» ён правёў у пачатку верасня мінулага года, пасля чаго быў адхілены антыдопінгавым трыбуналам. У лютым 2024-га француз атрымаў чатырохгадовую дыскваліфікацыю, на якую падаў апеляцыю ў Спартыўны арбітражны суд.
На днях стала вядома, што паўабаронца паспяхова абскардзіў рашэнне – тэрмін дыскваліфікацыі скарочаны да 18 месяцаў. Daily Mail паведамляе, што CAS згадзіўся з тым, што Пагба ненаўмысна прыняў забароненае рэчыва, якое падвышае ўзровень тэстастэрону. Да таго ж яго эфект распаўсюджваецца толькі на жанчын.
«Нарэшце гэты жах скончыўся. Я з нецярпеннем чакаю таго дня, калі зноў змагу ісці за марай. Я заўсёды заяўляў, што ніколі свядома не парушаў правілы WADA, прымаючы прапісаную лекарам харчовую дабаўку, якая не ўплывае на выступы мужчын-спартсменаў і не паляпшае вынікі.
Я гуляю сумленна. Хоць я вымушаны прыняць, што гэта аб'ектыўнае абавязацельства, я хачу афіцыйна выказаць падзяку суддзям CAS, якія выслухалі мае тлумачэнні», – заявіў Поль пасля рашэння.
А летам француз казаў, што не мае намеру завяршаць кар'еру: «Я ўсё яшчэ адчуваю сябе футбалістам. З Пагба яшчэ не скончана, Пагба тут, і пакуль вы не пачуеце ад мяне, што я скончыў, можаце не хвалявацца. У мяне ёсць вялікае жаданне вярнуцца, я адчуваю сябе як дзіця, якое хоча стаць прафесіяналам. Я трэнуюся і раблю ўсё магчымае, каб вярнуцца на поле».
Італьянскія выданні паведамляюць, што француз зможа аднавіць трэнінгі ў складзе «Ювентуса» ў студзені, а шанец выйсці на поле з'явіцца ўжо ў сакавіку. У сярэдзіне таго месяца футбалісту споўніцца 32.
Але ці згуляе ён яшчэ хаця б адзін матч у футболцы турынцаў? Падобна, што не.
Мота і спартыўны дырэктар «Юве» не ў захапленні, клуб пачне перамовы пра разрыў кантракту
Цалкам лагічна, што самыя цікавыя пытанні да галоўных дзейных асоб у «Юве» ў гэтыя выходныя былі звязаныя з планамі датычна Поля. І галоўны трэнер каманды, і спартовы дырэктар клуба былі вельмі стрыманымі.
«Клуб вырашыць, што рабіць з Пагба. Ён быў выдатным футбалістам, але даўно не гуляў. Я засяроджаны толькі на сучаснасці», – сказаў трэнер «Ювентуса» Тыяга Мота.
«Нам трэба дачакацца канчатковага выніку апеляцыі. Відавочна, што ён быў выдатны гульцом, але доўгі час адсутнічаў. Пачакаем выніку з CAS», – сказаў спартыўны дырэктар «Ювентуса» Крысціяна Джунталі.
Па звестках інсайдара Фабрыцыа Рамана, чакаецца, што ў бліжэйшыя дні Поль узгадніць з турынцамі скасаванне кантракту і стане свабодным агентам. Пачынаючы з панядзелка бакі будуць весці перамовы.
Выданне Calciomercato паведамляе, што клуб мае намер працягнуць рэалізацыю плана ўразання выдаткаў. Расставанне з Пагба неабходны крок у гэтым кірунку, бо ён атрымлівае каля 10 мільёнаў еўра на год, калі гуляе. Па звестках Capology, больш у турынскім клубе зарабляе толькі Душан Улахавіч (22 млн. еўра). Бягучая дамова француза з Ювентусам разлічаная да 2026 года.
З падрабязнай статыстыкай Пагба вы можаце азнаёміцца ў яго профілі на Tribuna.com
Хоць, напэўна, у Пагба будуць годныя прапановы. Яго былы партнёр па зборнай Патрыс Эўра ўжо знайшоў яму каманду: «На 99% упэўнены, што мы больш не ўбачым Поля ў колерах «Ювентуса». Ён павінен перагарнуць гэтую старонку. Я патэлефаную Мехдзі Бенатыя (цяперашні спартыўны дырэктар «Марселя» – Tribuna.com), дзверы ў «Марсель» адчыненыя».
Фота: Global Look Press, Marco Alpozzi/Global Look Press