Tribuna/Футбол/Блогі/Кавальчук ужо пяты раз стаў затычкай для брэсцкага «Дынама». Вось як гэта спрацоўвала раней

Кавальчук ужо пяты раз стаў затычкай для брэсцкага «Дынама». Вось як гэта спрацоўвала раней

Прыходзіў і пад сур'ёзныя мэты, але не даў рады.

Кавальчук ужо пяты раз стаў затычкай для брэсцкага «Дынама». Вось як гэта спрацоўвала раней

9 кастрычніка пацвердзіліся шматлікія інсайды – і Аляксандр Бразевіч пакінуў брэсцкае «Дынама». Яму на змену прыйшоў добра знаёмы клубу Сягрей Кавальчук. Для яго гэта ўжо шосты (!) заход на пасаду галоўнага трэнера брастаўчан і пяты, які здарыўся ўжо падчас сезону. Успамінаем, як раней Кавальчук спрабаваў наладзіць справы ў камандзе – і што з гэтага атрымоўвалася.

Кавальчук – легендарная асоба для брэсцкага футбола. Ураджэнец Брэста і выхаванец СДзЮШАР-5, калі гуляў, выступаў на пазіцыі апорніка. Усю кар’еру правёў за клубы з роднага рэгіёна, а за «Дынама» паспеў згуляць 185 матчаў і набраць 15+13. Скончыў выходзіць на поле ў 31 праз праблемы з каленамі. Па завяршэнні кар’еры прыйшоў трэнерам у «Дынама», дзе спачатку працаваў у дублі, а затым стаў асістэнтам у першай камандзе.

Упершыню ролю галоўнага Кавальчук пакаштаваў улетку 2009-га. Сезон «Дынама» пачынала з Яўгенам Трацюком. Тады каманда стартавала нядрэнна — пасля 9-га тура ўвогуле была другой. Аднак затым выдала пяціматчавую серыю без перамог, і Трацюк падаў у адстаўку, паскардзіўшыся напрыканцы: «Камандай кіруе адміністратар. У трэнерскім штабе дрэнны мікраклімат. Хтосьці павінен пакінуць калектыў, і гэтым чалавекам буду я».

Першы самастойны досвед у Кавальчука атрымаўся кароткатэрміновым – усяго тры гульні. Перамог у іх дабіцца не ўдалося: паражэнні ад мінскага «Дынама» (0:1) і БАТЭ (1:2) ды нічыя з МТЗ-РІПА (1:1).

Прыкладна праз месяц пасля звальнення Трацюка ў Брэст у якасці кансультанта запрасілі Юрыя Пунтуса. Аднак калі кіраўніцтва «Дынама» даведалася, што той гатовы ездзіць у Брэст увесь час, то вырашыла зрабіць яго галоўным. Кавальчук жа зноў стаў асістэнтам.

Сезон-2009 «Дынама» скончыла на пятым месцы, праз год быў той жа вынік, а вось у 2011-м нешта разладзілася. Пасля 17 тураў Брэст з 12 пунктамі ішоў на апошнім месцы. Кропкай незвароту стала хатняе паражэнне ад «Нафтана» 1:3, пасля якога многія заўзятары скандавалі Пунтусу «Сыходзь!». Трэнер да заклікаў прыслухаўся. На прэс-канферэнцыі сказаў, што такія вынікі трываць больш «няма моцы», віну ўзяў на сябе і папрасіўся ў адстаўку.

І яго замяніў Кавальчук. Першыя пяць матчаў ён праводзіў як выканаўца абавязкаў – і набраў у іх 11 пунктаў, прычым дзве перамогі былі здабыты над грандамі – мінскім «Дынама» (2:0) і «Шахцёрам» (4:0). Кіраўніцтва брастаўчан, у тым ліку ў асобе тагачаснага старшыні клуба Уладзіміра Базанава, у Кавальчука паверыла і далі яму паўнавартасны кантракт. У выніку Кавальчук Брэст выратаваў. Каманда фінішавала на трэцім ад канца ў трох пунктах ад «Дняпра» і «Віцебска», якія пакінулі эліту.

На наступны сезон Кавальчук захаваў пасаду, праўда, у клуб запрасілі дасведчанага Уладзіміра Курнева, які спачатку адказваў за навукова-метадычную працу, а потым стаў старэйшым трэнерам. Над Брэстам ізноў павісла пагроза вылету — пасля 18 тураў клуб з 12 пунктамі быў апошнім. Сітуацыя не задавальняла Кавальчука, які асабліва скардзіўся на праблемы з атакай: «Часам здаецца, што прасцей дзіця нарадзіць, чым забіць гол. А тым больш разрадзіцца двума. І нас караюць у кожнай гульні». Кіраўніцтва таксама было не ў захапленні. У выніку Курнева і Кавальчука памянялі месцамі, што дало вынік – Брэст той чэмпіянат скончыў восьмым.

Трэці заход Кавальчука быў самым працяглым. У сезон-2013 у ролі галоўнага ўваходзіў Курнеў, а Кавальчук кіраваў у дублі. Тады першая каманда «Дынама» ў адрозненне ад мінулых гадоў знаходзілася на бяспечнай адлегласці ад зоны вылету, але з другой часткі табліцы не выбіралася, што не спадабалася босам клуба, і тыя Курнева прыбралі, праўда, толькі з другой спробы – «Дынама» ўжо было на парозе самага вялікага фінансавага крызісу ў гісторыі. Спачатку Курнева нібыта адправілі ў адстаўку ў чэрвені, але праз дзесяць дзён вярнулі на пасаду, бо не хацелі плаціць няўстойку. У верасні з трэнерам развіталіся канчаткова і, як казаў сам Курнеў, з ім разлічыліся цалкам. А клуб ізноў падхапіў Кавальчук. Пасля сыходу Курнева «Дынама» было 10-м, з Кавальчуком скончыла сезон восьмым.

А далей надышоў самы змрочны час у гісторыі брэсцкага футболу. Клуб гібеў у галечы: гульцы, каб пракарміцца, разгружалі вагоны і разбягаліся пасля кожнага сезона, кіраўніцтва беспаспяхова прадавала офіс, прэс-служба прасіла пазычыць «трыджык», каб правесці трансляцыю матча, а заўзятары куплялі форму камандзе. Нялёгка было і Кавальчуку, які не мог купіць сабе новыя джынсы, жыў з жонкай на 4 мільёны недэнамінаваных беларускіх рублёў і ратаваўся закаткамі сваякоў. Тым не менш трэнер родную каманду не пакідаў – цягам амаль трох гадоў збіраў склад з моладзі і спісаных футбалістаў, з якімі кожны раз прымудраўся захаваць месца ў эліце: і ў 2014-м, і ў 2015-м брастаўчане фінішавалі ў шасці пунктах ад зоны вылету.

Перад сезонам-2016 пераменамі ў Брэсце не пахла. Праз адсутнасць грошай хадзілі чуткі, што «Дынама» можа пачаць сезон у першай лізе, аднак своечасова падаспела дапамога рэжымнага Брэсцкага аблвыканкама, якая дазволіла пагасіць частку даўгоў і заявіцца ў Д1. У першым коле каманда звыкла змагалася за выжыванне – скончыла 13-й у адным пункце ад зоны вылету. Аднак летам у клуб прыйшоў «гаманец» Лукашэнкі Аляксандр Зайцаў – і ў «Дынама» паступова пачалася новая эра, вянцом якой стаў чэмпіёнскі тытул у 2019-м. Сезон жа 2016 года Кавальчук дапрацаваў галоўным – каманда паднялася на восьмае месца, а ў Кубку выйшла ў чвэрцьфінал – ужо ў наступным сезоне пры Уладзіміры Жураўлі «Дынама» возьме тытул.

Пасля прыходу ў «Дынама» вялікіх грошай клуб ізноў стаў рабіць стаўку на больш знакамітых спецыялістаў, а Кавальчук перасунуўся на пасаду спартыўнага дырэктара. Аднак на гэтай пазіцыі яму спакойна працаваць не далі – у 2018-м чэшскі спецыяліст Радаслаў Латал заваліў старт сезона (12-е месца пасля шасці тураў). Пакуль у «Дынама» шукалі новага галоўнага, каманду звыкла падхапіў Кавальчук – да канца першага кола падняў яе на дзявятае месца, а ў фінале Кубка Беларусі абгуляў БАТЭ 3:2.

Калі «Дынама» прыняў Шпілеўскі, Кавальчук сумяшчаў абавязкі спартыўнага дырэктара і дэ-юрэ заставаўся галоўным, бо ў маладога калегі яшчэ не было ліцэнзіі PRO. У такім рэжыме ён прапрацаваў да канца года – Марцэл Лічка таксама не меў патрэбнай катэгорыі. Да непасрэдных абавязкаў Кавальчук вярнуўся толькі пасля афіцыйнага прызначэння чэха галоўным.

Пакуль што адзіны прыход Кавальчука не падчас сезону здарыўся ў снежні 2019-га – пасля чэмпіёнства. Тады хмары над «Дынама» зноў сталі згушчацца – бос клуба Зайцаў паступова пераключаўся на «Рух». Тым не менш каманда з большага захавала магутны склад — былі і Арцём Мілеўскі, і Аляксандр Наёк, і Сяргей Кісляк, і Павел Савіцкі. Перад Кавальчуком ставілі высокія задачы: перамога ва ўсіх унутраных турнірах і выхад у групавы этап Лігі чэмпіёнаў.

Брэст адразу ўзяў Суперкубак, абгуляўшы «Шахцёр» 2:0. Аднак далей пачаліся праблемы: пасля 10-га тура «Дынама» ішло толькі на 10-м радку, адстаючы ад лідара БАТЭ на дзевяць пунктаў. Здавалася, сітуацыю можа выправіць перамога ў Кубку. Аднак і там не атрымалася – у фінале Барысаў быў мацнейшы 2:0.

Заўзятары ўсё часцей заклікалі сысці Кавальчука ў адстаўку, а ў прэсе рэгулярна з’яўлялася інфармацыя пра затрымкі заробкаў у «Дынама», а ўлетку 2020-га каманду накрыў каранавірус. Сам трэнер казаў, што яму даводзілася фармаваць склад з «жывых і паўжывых». У выніку брастаўчане вымушана пайшлі на двухтыднёвую ізаляцыю, з якой вярнулася перад стартам еўракубкаў. І там на здзіўленне ўсё пачалося выдатна: у першым раўндзе ЛЧ прайшлі «Астану» 6:3, у другім баснійскі «Сараева» 2:1. Але далей здарылася мінімальнае паражэнне ад «Макабі» Тэль-Авіў і вылет ад «Лудаграца» 0:2 у апошнім раўндзе ЛЕ.

Нягледзячы на цяжкасці па ўсіх франтах, Кавальчук сваю пасаду захоўваў. Да таго ж справы ў чэмпіянаце паступова ўдалося наладзіць, і сезон-2020 Брэст скончыў на чацвёртым месцы, што, як аказалася пазней, дазволіла клубу згуляць у толькі што створанай Лізе канфірэнцый.

Тым часам Зайцаў вырашыў канчаткова сканцэнтравацца на «Руху», а «Дынама» перайшло на баланс гарадскіх уладаў і практычна цалкам абнавіла склад. Галоўны трэнер пры гэтым застаўся ранейшым. Задачы перад камандай стаялі ўжо куды больш сціплыя – рабіць акцэнт на мясцовых выхаванцаў, даючы ім адчуць на смак дарослы футбол. Пра нейкія месцы гаворкі не ішло. У выніку з улікам складу, які практычна цалкам змяніўся, сезон для «Дынама» прайшоў някепска – шостае месца ў чэмпіянаце і вылет з Лігі канферэнцый ужо пасля першага раўнда пасля двух паражэнняў ад чэшскай «Вікторыі» з аднолькавым лікам 1:2.

У сезон-2022 клуб уваходзіў не без праблем. На ім павіс доўг у мільён долараў перад сваім былым абаронцам украінцам Аляксандрам Хачарыдзі. Акрамя таго «Дынама» трапіла ў няласку да рэжымнага міністра спорту Сяргея Кавальчука – цёзкі галоўнага героя гэтага матэрыялу. На думку чынушы, у «Дынама» неахвотна падпісвалі ліст у падтрымку Лукашэнкі – праз гэта з клуба прыбралі дырэктара Эрнэста Нікалайчука. Плюс, не пагадзіўшыся гуляць з падпісантамі ў падтрымку рэпрэсій, з каманды сышлі Віталь Гайдучык і Дзмітрый Байдук. Праз усё гэта клубу не падпісалі план развіцця, а ад фінансавага краха выратаваў толькі ўдзел у Лізе канферэнцый.

Склад каманды зноў моцна змяніўся, і ў новым сезоне перад Кавальчуком стаялі знаёмыя мэты: развіваць моладзь і па магчымасці заняць месца вышэй. Аднак да дзявятага тура брастаўчане з чатырма пунктамі шчыльна аселі на дне турнірнай табліцы, і Кавальчук падаў у адстаўку. «Дынама» ж падхапіў яго асістэнт Андрэй Пракапюк, якому ўдалося падняць каманду на 13-е месца і захаваць прапіску ў эліце.

Кавальчук вярнуўся ў «Дынама» ў жніўні гэтага года, заняўшы пасаду куратара моладзевага футболу. Больш за год ён не з'яўляўся на публіцы – пасля таго, як увесну-2023 яго папрасілі з дубля брастаўчан.

Наўрад ці сённяшняя задача трэнера – выключна развіццё моладзі. Прынамсі, яго папярэдніку не даравалі чацвёртага месца, а фініш у каманды будзе зусім няпростым. Кавальчук стартуе з «Тарпеда-БелАЗа» (20 кастрычніка) і «Нёмана» (26), а закончыць мінксім «Дынама» (30 лістапада). Гуляць з топамі пры Бразевічу каманда зусім не ўмела. Ці паспее Кавальчук навучыць?

Іншыя пасты карыстальніка

Што Шварцэнэгер зрабіў для таго, каб стаць самым медыйным хакеістам Беларусі
31 траўня, 12:30
1
Топавая для Беларусі спартсменка кажа пра адносіны з Богам, ад якіх «мір унутры» – але едзе ў расійскі клуб з падтрымкай вайны
25 траўня, 06:00
4
«Молодечно», которое валится в ЧБ, еще и троллит отвергнутый ливиец – фанат Путина и Каддафи
23 траўня, 18:30
3
Канада прывезла на ЧС зорны склад, але не прайшла чвэрцьфінал – апошні раз такое было ў Мінску
23 траўня, 12:34
1
Сябар жывёл – адзін з лідараў «Славіі» ў сезоне: не спатрэбіўся БАТЭ, прыгаворваў «Дынама», не вытрымаў у «Нёмане»
22 траўня, 18:00
Вядомыя беларусы выйгралі Д4 Польшчы па хакеі ў камандзе з такой жа назвай, пад якой у Мінску гуляюць ахоўнікі Лукашэнкі
21 траўня, 06:03
Радзькоў у «Арысе» абвешчаны па-беларуску, гаварыў на англійскай, рэзка вырас па заробку – а клуб, здаецца, на шляху перабудовы
20 траўня, 19:00
Умерла уникальная медалистка ОИ под БЧБ-флагом – брала 5 кг золота, тренировала при инвалидности, была с народом в 2020-м
18 траўня, 06:00
2
За «Нафтан» гуляе буяны афрыканец: наязджаў на суддзю, вiнавацiлi ў правакацыi ды «спектаклі» на полі
17 траўня, 13:30
2
Экс-гулец БАТЭ выйграў Д3 Англіі з былым клубам Глеба – стартаваў выдатна, але пасля не пайшло
15 траўня, 06:00
2
Нечаканага лідара ЧБ каўбасіць ад поспеху: прынізілі Жодзіна, нахамілі ў Мазыры, заявілі пра «хейт-клуб» «за шаўрму»
14 траўня, 17:00
2
Вайб першага раўнда Кубка Беларусі: тысяча гледачоў у Мастах, дзьмухаўцы ў Бярозе, смелы Драгун у Шчучыне
14 траўня, 06:13
2
Баркоўскі – самы выніковы беларус у Польшчы ў 2025-м, але яго «Пушча» вылятае. Шкурын – без медалёў, лічбы Шыкаўкі – сум
13 траўня, 15:00
Былы гулец ЧБ бадзёра пачаў у «Ман Сіці» – і раптам знік нават з заяўкі. Вось што з ім адбылося
13 траўня, 06:11
Лукашенко хочет завезти в Беларусь 150 тысяч пакистанцев. А в спорте они могут нам помочь?
12 траўня, 19:00
10 лет назад сборная Беларуси последний раз была в плей-офф чемпионата мира по хоккею. Вот где сейчас ее игроки
11 траўня, 12:00
2
Жодзіна сексуальна адсвяткавала перамогу над «МЛ»: бананы Сядзько, імітацыя палавога акту пад цыгарэтку ад масажыста
9 траўня, 14:44
Пакуль Ганчарэнку пляжаць, былога трэнера Брэста шкадуюць у Расіі пасля звальнення – на дзіва шмат цёплых словаў
9 траўня, 11:30
У фінал ЛЧ з «Інтэрам» выйшаў намінальны экс-аднаклубнік Кутузава – з розніцай у год патрапілі ў «Мілан», ледзь не згулялі адзін супраць аднаго
8 траўня, 14:00
«Гомель» не забівае ўжо пяць тураў. Новыя форварды не цягнуць, а вось куды знік на Кіпры той, хто разарваў ЧБ-2024
8 траўня, 06:42
Усе пасты