Вясной гнаў Ганчарэнку «адпачыць», цяпер заве найлепшым – так кiдае фiналiста ЛЧ, якi неяк абрабіўся праз беларуса
А ўвогуле вядомы яркiмi спiчамi.
Экс-трэнер «Урала» Віктар Ганчарэнка пасля чатырох месяцаў прастою ўсё ж знайшоў новую працу – узначаліў аднаго з аўтсайдараў РПЛ «Пары Ніжні Ноўгарад».
Прызначэнне Ганчарэнкі даволi актыўна абмяркоўвалася ў расiйскiм футболе. Напрыклад, адзiн былы гулец зборнай Расіі Андрэй Канчэльскiс назваў гэта «няправiльным рашэннем» клуба, проста таму што, маўляў, «нельга прыбiраць трэнера пасля дзесяцi тураў» (столькi пратрымаўся папярэднiк Ганчарэнкi серб Саша Iлiч). Другi, Дзмітрый Булыкін, заявiў, што ў новым клубе коўча «шмат нефутбольных рашэнняў», таму «пытанне, цi дапаможа ён камандзе».
Не прайшоў міма падзеi і расійскі трэнер Аляксандр Грыгаран. Ён заявiў, што Ганчарэнка – «адзiн з найлепшых нашых трэнераў» (здаецца, за шмат гадоў працы ў Расii для некаторых беларускi трэнер ужо пераўтварыўся ў нiбыта расiянiна). Таксама Грыгаран пахвалiў калегу за тое, што ён «не мажор», i сказаў, што Ганчарэнка «прыняў выклiк, усведамляючы, куды iдзе» – маўляў, у новым клубе «сiтуацыя значна больш складаная, чым ва «Урале».
Цiкава, што пра «аднаго з найлепшых» Грыгаран сказаў пасля пытання, цi не патапiў Ганчарэнка «Урал». А вось калi каманда прайграла першы матч за месца ў РПЛ «Акрону» 0:2 (пасля чаго трэнер пакiнуў клуб, але ён усё роўна вылецеў у Д2), расiянiн проста разносiў беларускага коўча.
«З вялікай павагай стаўлюся да Віктара Ганчарэнкі, але цалкам відавочна: яму трэба адпачыць! У апошнія 10 тураў РПЛ «Урал» мучыўся праз матч. [У стыку] ўва што гуляў «Урал»? Стартавы склад – гэта што за каша, што за эксперыменты? Немагчыма было ўявіць, што такі вопытны трэнер згуляе яшчэ горш, чым у любым сваім правальным матчы ў РПЛ. Абсалютна ўпэўнены: калі б «Урал» выйшаў у аптымальным стане і з трэнерам, які знаходзіцца ў сабе, яны выйгралі б пераканаўча. [Цяпер] не бачу шанцаў ва «Урала», – казаў Грыгаран.
Сам Грыгаран мае за спіной больш чым 30-гадовую трэнерскую кар’еру. Галоўныя поспехi прыходзiлi да яго ў жаночым футболе – з камандамі «Лада» і «Зорка-2005» ён станавіўся чэмпіёнам Расіі, а з апошняй у 2009-м нават выходзіў у фінал Лігі чэмпіёнаў.
У мужчынскiм футболе максiмальныя вынiкi былi на ўзроўнi не вышэй за Д2 Расii, адкуль трэнер некалькi разоў выводзiў клубы ў элiту. Акрамя таго, Грыгаран выдаў яркі адрэзак у армянскім «Алашкерце» ў 2021-м: узначаліў каманду за тры матчы да канца чэмпіянату, усё выйграў (у прамых канкурэнтаў) і ўзяў чэмпіёнства, а потым вывеў у групу Лігі канферэнцый (прайшлі «Конас-Кі» з Уэльса і казахстанскі «Кайрат», большага было і не трэба), але ўжо ў верасні пакінуў клуб.
Фішкай Грыгарана можна назваць яго агністыя інтэрв’ю, праз якiя яго рэгулярна запрашаюць экспертам на раciйскае тэлебачанне. Тут вам і «вандэрфульны настрой», і яшчэ шмат усяго.
А ў траўні 2017-га пасля паражэння яго «Анжы» 0:4 ад ЦСКА на словы журналіста, што «ўсё вельмі ўдала склалася» (нягледзячы на вынік, каманда Грыгарана захавала месца ў эліце), трэнер прамалінейна адказаў: «Мне здаецца, што мы сёння абасраліся». І так – расiянiна тады прыпячатала каманда Ганчарэнкi, якая дзякуючы перамозе ўзяла срэбра РПЛ.
Грыгаран не працуе трэнерам з верасня 2023-га, калі пакiнуў «Кубань» з 9 баламi пасля 12 тураў расiйскага Д2. А вось каментарыi для прэсы i тэлебачання робiць рэгулярна – напрыклад, крытыкуе метады галоўнага трэнера «Растова» і зборнай Расіі Валерыя Карпіна і раздае парады галоўнаму трэнеру «Зеніта» Сяргею Семаку.